Амікрон — чэмпіён. За лічаныя дні да пачатку Гульняў алімпійскі Пекін апанаваў каронавірус
Спаборніцтвы, хутчэй за ўсё, адбудуцца, але ці не ператворацца яны ў пандэмійны фарс?
У пятніцу, 4 лютага, у сталіцы Кітая пачнуцца зімовыя Алімпійскія гульні. Яшчэ да афіцыйнай цырымоніі адкрыцця, у сераду і чацвер, першыя кваліфікацыйныя старты запланаваныя ў фрыстайлістаў, хакеістаў і кёрлінгістаў. Спартыўны свет, як сказалі б раней, застыў у нецярплівым чаканні грандыёзных спаборніцтваў.
Аднак цяпер кажуць зусім інакш. Трывожна і скептычна. У алімпійскі Пекін — без запрашэння і адмысловага адбору — прыйшоў каронавірус і заявіў свае правы. Хай не на перамогу, хаця і яе нельга выключаць — вунь у снежні ў Канадзе менавіта праз ковід экстранна спынілі маладзёжны ЧС па хакеі. Але ж дамінуючую ролю на Гульнях-2022 пандэмія выканаць можа.
Дый ужо выконвае, дастаткова прыгадаць апошнія загалоўкі сусветных медыя.
24 студзеня. «У Кітаі зафіксавалі 72 выпадкі ковіду ў спартыўных дэлегацыях» (Reuters).25 студзеня. «Сярод тых, хто прыбыў на Алімпіяду, выявілі 14 захварэлых COVID-19» (sportrbk.ru).26 студзеня. «13 чалавек з ковідам зарэгістравалі ў алімпійскім Пекіне» (AP).27 студзеня. «Аргкамітэт Пекіна-2022 паведаміў пра 23 чалавек, інфікаваных каронавірусам» (Championat.com).28 студзеня. «12 выпадкаў ковіда зафіксавана сярод асобаў, звязаных з Алімпіядай-2022» (Sports.ru).29 студзеня. «Яшчэ 29 чалавек, якія прыляцелі на Гульні, здалі станоўчыя тэсты на каронавірус» («Спорт-Экспрэс»).30 студзеня. «Сярод прыехаўшых на Алімпіяду выявілі 34 новыя выпадкі заражэння каронавірусам» (ТАСС).
І такая «дрэбедзень» — кожны дзень. Нягледзячы на татальную вакцынацыю і ПЛР-тэсты, кожнага, хто прызямляецца ў аэрапорце Пекіна, пільна адсочваюць мясцовыя вірусолагі. Іх тэстуюць — і наўпрост на месцы, і пазней у так званых «пухірах» (спецыяльных кластэрах, дзе праводзяць аналіз). Зводкі з інфекцыйных алімпійскіх франтоў свет чакае штораніцы, і пакуль карціна не надта аптымістычная.
Хварэюць не толькі чыноўнікі, функцыянеры і трэнеры — спартсмен таксама жывы чалавек і імунітэт у яго не жалезны. Прыходзяць навіны пра серыйныя станоўчыя тэсты ў зборнай Расіі, інфікуюцца ўкраінскія атлеты, шведскія і нарвежскія лыжнікі і іншыя.
Амікрон дыктуе асаблівыя паводзіны, і гэтымі днямі атлеты жывуць з грандыёзнымі перасцярогамі.
Сацыяльная дыстанцыя, сродкі абароны, мінімізацыя кантактаў нават з сябрамі па зборнай. Хто здаў адмоўны тэкст, спачатку дзякуе Богу, а потым просіць, каб той абараніў ад заражэння ў гэтыя важныя лютаўскія дні.
Даходзіць да амаль кіношных гісторый. Так лідар нарвежскіх лыжнікаў славуты Ёханес Клябо ў адрозненне ад таварышаў каронавірусам не заразіўся. У хлопца, які чатыры гады таму ў карэйскім Пхенчхане выйграў тры алімпійскія залатыя медалі, вялікія планы і на Пекін. І будзе вельмі прыкра, калі гэтыя планы паляцяць у сметніцу праз нейкі там вірус. Таму далоў правілы паводзінаў у калектыве — трэба пераходзіць на аднаасобнае існаванне.
Неяк так, відаць, разважыў вялікі чэмпіён і проста пакінуў зборную. Шчодрыя спонсары прадаставілі куміру прыватны самалёт з камандай пілотаў, і тыя транспартавалі зорку лыжнага спорту ў Пекін. Аднаго, без іншых чальцоў каманды. У «мірныя часы» такіх пыхлівых дэмаршаў грамадская думка Ёханесу яўна б не даравала. Але ж да чорта ўмоўнасці — ковід косіць спартсменаў і марнуе іх чатырохгадовую працу.
Важнае ўдакладненне: у выпадку амікрона ў кагосьці са спартсменаў яго не таўруюць як чалавека, страчанага для грамадства. Удзел такога атлета ў Алімпіядзе яшчэ не выключаны — усё будзе залежыць ад тэмпаў яго лекавання і аднаўлення. Таму «ковідныя» прозвішчы не выкрэсліваюцца са спісаў, але трэнерам варта сыходзіць з найгоршых сцэнарыяў і яны, вядома, клапоцяцца пра лаўку запасных. Імёны мільгацяць нібыта ў калейдаскопе, і ад гэтай каруселі кругам ідзе галава.
Рыторыка навокал адпаведная. Як у любой экстрэмальнай сітуацыі, за словам у кішэню людзі не лезуць.
«Уласнага ценю ўжо баімся», — кажа расійская скелетаністка Алена Нікіціна. Навержскі біятланіст Ветле Шостад Крысціянсэн прызнаецца: «Дабрацца да Пекіна без каронавіруса будзе нашым першым залатым медалём». Журналіст нямецкага ARD Клаус Люфен канстатуе: «Сітуацыя ў Пекіне крытычная. Алімпіяда не павінна праходзіць у такіх умовах».
Трэндава выказваецца хакеістка Ганна Шохіна са зборнай Расіі: «Гэтая Алімпіяда падобная на серыял «Гульня ў кальмара», калі людзі выбываюць адзін за другім». Не выбірае выразаў былы беларускі біатланіст Уладзімір Драчоў:«Гэта хаджэнне па вастрыі нажа. Са спартыўнага гледзішча гэта не Гульні, а спаборніцтвы напалову хворых і тых, хто яшчэ не заразіўся».
І гэтак далей, і таму падобнае… Нехта жартуе, што праз эпідэміялагічную абстаноўку алімпійцаў у Пекіне варта прывязваць да ложкаў. Хтосьці скардзіцца, што ўмовы ў кітайская сталіцы амаль турэмныя, то што гэта за Гульні?
Вось і паглядзім. А пакуль упэўнена фіксуем, што ніколі яшчэ ў сусветнай гісторыі не было такога літаральна хваравітага ажыятажу вокал Алімпіяды. Нават летась у Токіа — на летніх Гульнях, якія праз пандэмію якраз перасунулі на год наперад, — усё было спакайней і прайшло без эксцэсаў.
Можа, і зараз у Пекіне ўсе страхі моцна перабольшаныя, і справа неяк сцерпіцца-злюбіцца. Пачнуцца спаборніцтвы, пойдуць першыя медалі і чэмпіёны, заўзятары пераключацца на спрадвечныя перыпетыі, і «карона» спакваля адыдзе на другі план… Аднак жа не перабольшаны штам амікрон. Ліпне да чалавека як лазневы ліст, і невядома, ці стрымаюць яго націск кітайскія медыкі. З дэльтай было прасцей, хаця яна і больш небяспечная.
Так ці інакш, а Пекін-2022 мае ўсе шанцы ўвайсці ў гісторыю як «ковідная» Алімпіяда. І ў спартыўным сэнсе тут ёсць адна безумоўная адметнасць. Ва ўмовах каронавіруснага вэрхалу, калі адны фаварыты сыходзяць з дыстанцыі, а іншыя страчваюць кандыцыі ў каранцінах, верагоднасць нечаканых вынікаў рэзка ўзрастае. Як у біятлоне турнірныя пасрэднасці атрымліваюць шанец праз кепскае надвор'е з моцным ветрам і снегам, так у Пекіне-2022 пандэмія можа стаць хаўрусніцаў сераднякоў і нават андэрдогаў.
А спадарожны вецер беларускім спартсменам не пашкодзіць. Аналітыкі сыходзяцца ў меркаванні, што рызыка застацца без медалёў сёлета ў нашай зборнай найвялікшая. Вядома, яна не крытычная — тыя ж біятланісткі добра разагналіся ў Кубку Свету, але ж спорт страляючых лыжнікаў надта непрадказальны. І калі тут раптам здарыцца аблом, то хто прыкрые амбразуру? Фрыстайл без недабранадзейных Мікалая Казекі і Аляксандры Раманоўскай і з Ганнай Гуськовай, якая прапусціла шмат часу з-за траўмаў?
У рэшце рэшт і ад ковіду зборная Беларусі застрахаваная не болей, чым іншыя. На гэты час паведамленняў пра пекінскае інфікаванне нашых атлетаў не прыходзіла. Але галоўныя тэсты на «карону», так бы мовіць, яшчэ наперадзе.
Фота kp.ru, tf-images/getty images