«Знішчалі ўсіх». Як працавала машына сталінскіх рэпрэсій

Сучасныя гісторыкі па-рознаму ацэньваюць колькасць ахвяр крывавага савецкага рэжыму, але сходзяцца ў адным: рэпрэсіі былі настолькі маштабнымі, што лік ідзе на сотні тысяч ахвяр. На жаль, ні дакладныя лічбы, ні імёны, ні месцы пахаванняў мы ўжо не дазнаемся, гаворыць гісторык у інтэрв'ю «Салідарнасці».

Ілюстрацыйнае фота: cont.ws

Ілюстрацыйнае фота: cont.ws

«Мы ўжо ніколі — ні праз 5, ні праз 10, ні праз 100 гадоў — не даведаемся нават прыблізную колькасць рэпрэсаваных і месца іх пахаванняў»

— Нашу эліту ў гады савецкага тэрору знішчылі практычна пад корань, адкінуўшы працэс фарміравання нацыі на доўгія гады. Гісторык Уладзімір Арлоў, гаворачы пра рэпрэсіі 30-х, з горыччу заўважаў, што «мы не дзеці лепшых, мы — дзеці горшых», маючы на ўвазе, што выжылі тыя, хто змог прамаўчаць, прыстасавацца.

— Так, сапраўды знішчылі цвет нацыі, знішчылі генафонд, які мог даць наступныя парасткі. Але я не магу пагадзіцца з тэрміналогіяй, што знішчылі лепшых.

Бо чым, у рэшце рэшт, адрозніваецца жыццё селяніна-аднаасобніка ад жыцця паэта ці выкладчыка? Любое чалавечае жыццё неацэннае. Незалежна ад сацыяльнага статусу, узросту, нацыянальнасці. Знішчалі ўсіх.

Калі ўзяць у працэнтных суадносінах тых, хто быў рэпрэсаваны з 1917 па 1953 год, то на долю інтэлігенцыі прыпадае толькі каля 9%. Гэта значыць, 90% — гэта астатняя частка насельніцтва.

Глядзіце таксама

— А колькі ўвогуле жыхароў Беларусі было рэпрэсавана?

— Магу з упэўненасцю сказаць, што мы ўжо ніколі — ні праз 5, ні праз 10, ні праз 100 гадоў — не даведаемся і не назавём пайменна ўсіх ахвяр савецкага рэжыму, не ўстановім нават прыблізную колькасць рэпрэсаваных і месцы іх пахаванняў. Тыя лічбы, якія цяпер агучваюцца, носяць адносны характар.

У 1990 годзе былі апублікаваны даныя Камітэта дзяржбяспекі, згодна з якімі ў СССР з 1917 па 1953 год было рэпрэсавана каля 3,5 млн., з іх каля 650 тысяч — расстраляны. Але гэтая лічба не адпавядае рэальнай карціне і адрозніваецца ў разы.

Афіцыйная ж статыстыка па Беларусі, якая прагучала з вуснаў тагачаснага першага намесніка старшыні КДБ Сергяенкі, абвяшчае, што па лініі судовых і пазасудовых органаў у Беларусі было рэпрэсавана 253 500 чалавек (176 000 з іх рэабілітаваны).

Аднак даследчык Уладзімір Адамушка, які пры жыцці з'яўляўся старшынёй Камітэта па архівах і справаводстве пры Саўміне Беларусі, у сваёй манаграфіі называе лічбу ў 600 000 рэпрэсаваных. Гэта значыць, гэтыя звесткі ўжо не супадаюць са статыстыкай КДБ.

Але і гэта — толькі вяршыня айсберга. Таму што з афіцыйнай статыстыкі выпадае велізарны пласт розных катэгорый. Гэта рэпрэсаванае сялянства, дзеці і жонкі «ворагаў народа» і «здраднікаў радзімы», выпадаюць тыя, хто быў пазбаўлены права пражываць у пэўных мясцовасцях і раёнах СССР, тыя, хто быў пазбаўлены выбарчых правоў, каго выключалі з камсамола (пасля, як правіла, вынікалі арышты і высылкі).

Ёсць яшчэ такое паняцце, як другасныя рэпрэсіі, пра якія мала хто мае ўяўленне. Напрыклад, у перыяд масавай калектывізацыі з тэрыторыі Беларусі ў аддаленыя раёны СССР выслалі каля 300 тысяч чалавек. Вярнулася не больш за 15%.

Вось прысудзілі, напрыклад, чалавека на пачатку 1930-х да пяці гадоў высылкі або пазбаўлення волі (быццам невялікі тэрмін), а потым яго ў ГУЛАГу наганяе 1937-1938 год і новая справа. І ўжо ў Сібіры ці дзесьці на Урале «двойка» або «тройка» прысуджае яго да расстрэлу. У нас па статыстыцы чалавек на пяць гадоў з'ехаў у высылку, а яго ў 1937 годзе ўжо і ў жывых няма.

Вось чаму рэальныя лічбы ў разы большыя за тыя, якія называюцца па афіцыйнай лініі.

Глядзіце таксама

— Якія катэгорыі знішчалі ў першую чаргу?

— Можна наўпрост канстатаваць: знішчалі ўсіх.

Даследчыкі выдзяляюць восем асноўных этапаў масавых рэпрэсій:

  • у 1918-1920 гадах знішчалі былых царскіх афіцэраў і белагвардзейцаў;
  • у 1929-1932 гадах у асноўным пацярпела сялянства;
  • у 1933-1934 гадах — нацыянальная інтэлігенцыя;
  • у 1934-1936 працягваліся аперацыі па знішчэнні нацыянальнай інтэлігенцыі, а таксама непралетарскіх класаў;
  • далей быў перыяд «Вялікага тэрору» 1937-1938 гадоў, калі пацярпелі літаральна ўсе катэгорыі насельніцтва;
  • потым 1939-1941 гады — вядомыя падзеі ў Заходняй Беларусі;
  • у перыяд вайны — савецкія рэпрэсіі на часова акупаваных тэрыторыях;
  • затым — пасляваенныя дэпартацыі 1945-1953 гадоў.

Таму яшчэ раз падкрэслю: гэта быў канвеер, машына рэпрэсій перамолвала ўсіх.

Глядзіце таксама

«Сёння сіндром трывогі і страху нават больш высокі, чым быў у 1930-я гады»

— Калі з ідэалагічнага пункту гледжання яшчэ можна хаця б зразумець, навошта знішчаліся «шкодныя» для савецкай улады «кулакі», царская інтэлігенцыя, афіцэры, нават нацыянальная эліта, то які сэнс рэпрэсаваць, напрыклад, сантэхнікаў?

— У тым і справа. Каток прайшоўся па кожным. Вось вы кажаце: навошта рэпрэсаваць слесара, хатніх гаспадынь, навошта аднаасобніка — яны ж былі патрэбнымі савецкай уладзе. Але так працуе сістэма, спыніцца ўжо не можа.

Абсурд сітуацыі заключаўся ў тым, што большасць з гэтых людзей былі абсалютна адданыя савецкай уладзе і з энтузіязмам на яе працавалі. Але гэта нюансы таталітарнай дзяржавы.

Таму не дзіўна, што ахвярамі станавіліся ў тым ліку прадстаўнікі гэтай жа рэпрэсіўнай сістэмы — супрацоўнікі АДПУ, НКУС. Яны трапілі пад нож рэпрэсій пасля 1939 года.

Глядзіце таксама

І яшчэ адзін важны момант. За што менавіта рэпрэсавалі? Здавалася б, што мог зрабіць аднаасобнік або непісьменны селянін?

Вяртаючыся да статыстыкі. Па характары абвінавачанняў гэта выглядала так: «агент замежных выведак» (польскай, нямецкай, японскай, якой хочаце — на выбар) — 57%, «антысавецкая контррэвалюцыйная агітацыя» — 22% (не тое сказаў, не так падумаў, хтосьці напісаў, што ты ў чарзе сказаў, што ў Амерыцы жывуць лепш, чым у СССР — усё, дастаткова для вышэйшай меры пакарання). Яшчэ каля 16% — гэта «ўдзел у контррэвалюцыйных арганізацыях».

Уявіце, што вось гэтыя звычайныя людзі, 2/3 з усіх рэпрэсаваных, аказаліся агентамі замежных выведак, удзельнікамі контррэвалюцыйных арганізацый. Потым у працэсе рэабілітацыі, вядома, высветлілі, што з 10 арганізацый, якія «выявілі» органы НКУС, 9, а то і ўсе 10 былі «ліпавымі».

Людзей проста ўпісвалі ў спісы, выбівалі паказанні, чалавек гаварыў: «Так, я ўдзельнічаў у арганізацыі» (якой у прыродзе не існавала), але якая «рыхтавала» замах на таварыша Сталіна, падрывы чыгункі, тэракты і г. д.

Калі ў 1950-1960-я гады і ў постперабудоўны перыяд органамі КДБ, пракуратуры і судамі праводзілася рэабілітацыя, то 86% перагледжаных спраў былі з фармулёўкай «неабгрунтавана абвінавачаныя». Толькі ўдумайцеся! А гэта расстрэлы, высылка, пагібель!

Машына рэпрэсій працавала ў такім тэмпе, што савецкая судовая сістэма была не ў стане справіцца. Толькі 9% праходзілі праз фармальна судовую працэдуру — а я думаю, не трэба тлумачыць, што такое быў савецкі суд у 1930-я.

Глядзіце таксама

— Падазраю, што не моцна адрозніваўся ад цяперашняга.

— Так. Але астатнія справы і зусім разглядаліся ў пазасудовым парадку завочна. Гэта «двойка», «тройка», «асаблівая нарада». Тых, хто знаходзіўся пад следствам, дапыталі, выбілі паказанні, адправілі дакумент у Маскву, спісачна падпісалі «расстраляць» або «10 гадоў» — і ўсё.

Такім пазасудовым спосабам забяспечвалі працу гэтага канвеера на поўную магутнасць.

Глядзіце таксама

— Ці змагла беларуская нацыя акрыяць ад бальшавіцкага тэрору?

— Магу сказаць, што часткова працэс адраджэння адбыўся. Усё ж прайшло не адно дзесяцігоддзе, калі ў СССР быў не таталітарны, а аўтарытарны рэжым. Але тое, што беларуская нацыя дагэтуль перажывае траўму 1930-х, гэта адназначна.

Мы зноў перажываем той стан. Паводле маіх адчуванняў, гэты сіндром трывогі і страху нават больш высокі, чым быў у 1930-я гады. Усё ж у тыя гады насельніцтва не мела такога доступу да інфармацыі, у лепшым выпадку можна было даведацца, што забралі суседа або што асудзілі нейкага наркама. Цяпер жа мы кожны дзень чытаем: гэтага затрымалі, таго арыштавалі, таго пасадзілі, таго аштрафавалі.

І, вядома, мы дагэтуль не акрыялі ад таго ўдару, які быў нанесены беларускай інтэлігенцыі — носьбіту нашай культуры і самабытнасці. Мы пажынаем плён гэтай страты.