«Я ніколі не прабачу бальшавікам іх злачынстваў»
Падзеі верасня 1939 года і саветызацыя заходніх абласцей БССР па сёння застаюцца малавядомымі старонкамі айчыннай мінуўшчыны. У гэтым кантэксце вялікую ролю адыгрываюць успаміны сведак эпохі, якія нягледзячы на свой узрост, могуць распавесці факты злачынстваў савецкай сістэмы. Адным з такіх людзей з’яўляецца 88-гадовы жыхар вёскі Малэйкаўшчына, што пад Лідай, Станіслаў Алаізавіч Ушакевіч.
Ён спрычыніўся да аднаўлення шматлікіх гістарычных помнікаў і пахаванняў Лідчыны, а таксама прывёў у належны стан месца спачыну трох польскіх афіцэраў, якіх забілі чырвонаармейцы ў верасні 1939 года.
Вайсковае злачынства
«Калі 17 верасня 1939 года Саветы перайшлі мяжу, на кардоне былі баі. Але бальшавікі хутка прасоўваліся. Пад Лідай, у вёсцы Бердаўка, яны ўзялі ў палон польскіх афіцэраў і пагналі іх у горад. Калону суправаджалі жаўнеры НКУС, якія паводзілі сябе як злачынцы. Ля Навасёлак бальшавікі аддзялілі ад натоўпу чатырох чалавек і адвялі на ўзбочыну. Адзін з іх, польскі капітан, зразумеў, што справа пахне газай, — і пабег. Чырвонаармейцы стралялі, але не трапілі.
Трох, што засталіся, расстралялі побач з дарогай. Казалі, што з забітых знялі боты. Ахвяр тут жа закапалі, а пазней мясцовыя жыхары зрабілі там агароджу. Пасля вайны на месцы трагедыі павысякалі лес, і магіла была амаль знішчана.
Калі Савецкі Саюз разваліўся, я вырашыў аднавіць тое пахаванне. Першапачаткова магіла была “нагамі наперад”, але потым мы зрабілі яе “да шашы”. Калі шукаў дакладнае месца таго пахавання, то звярнуўся да аднаго, другога сведкі — і тыя паказалі месца. У мяне застаўся крыж, які я рыхтаваў на пахаванне брата, я яго прывёз на тое месца і паставіў», — узгадвае Станіслаў Алаізавіч.
Паводле ўспамінаў іншых мясцовых жыхароў, тады ахвярамі бальшавікоў сталі афіцэры польскага Корпуса аховы памежжа. Кажуць, што побач з магілай яшчэ доўга сядзеў службовы сабака, які чакаў гаспадароў.
«Вызваліцелі» ідуць
У 1939 годзе Ушакевічу было 8 гадоў, але ён выдатна памятае падзеі, звязаныя з далучэннем Заходняй Беларусі да БССР.
«Я родам з-пад Юрацішак, з вёскі Такарышкі. Пакуль не пабудавалі новую трасу Гродна — Мінск, праз наш населены пункт ішла дарога на сталіцу Беларусі. Памятаю, як дрэнна былі апранутыя савецкія жаўнеры. Доўгія шынялі, будзёнаўкі, рамяні брызентавыя, абмоткі. Мой бацька да вайны служыў у польскім Корпусе аховы памежжа. Дык заўсёды казаў, што войска — твар дзяржавы. І калі мы ўбачылі гэтых “вызваліцеляў”, то зразумелі, што нешта не тое адбываецца. Дарэчы, перад пачаткам Другой сусветнай вайны мой бацька зарабіў грошы і перакрыў дах нашай хаты бляхай. Калі гэта ўбачылі чырвонаармейцы, дык адразу пачалі крычаць, што мы “падкулачнікі”. 18 верасня 1939-га ў нашай хаце стаў нейкі савецкі штаб. Мы размовы іх чулі. Па сёння памятаю, што адзін з афіцэраў, дарэчы з Мінска, усё хваліўся, што набыў тут боты. Для іх гэта было шчасце незямное», — адзначае суразмоўца.
Бальшавіцкія агенты
У даваенны час сям’я Ушакевічаў жыла сапраўды на «мяжы цывілізацый».
«У гады Першай сусветнай вайны праз нашыя мясціны праходзіў руска-германскі фронт. Падчас аднаго з баёў палова вёскі згарэла. Немцы на галаву былі мацнейшыя за рускіх. Узвялі там умацаванні, пабудавалі вузкакалейку.
У выніку польска-бальшавіцкай вайны мы апынуліся ў Польшчы. У 1935 годзе нашая вёска пайшла на хутары. Людзі цешыліся, што ўрэшце асобна будуць гаспадарыць. Частка зямлі была ў полі, а частка — на багнах, ля Бярэзіны. Бацька мой тады атрымаў 12 гектараў. Дзед мой памёр рана, у 35 гадоў, яго ўкусіў шалёны сабака. Падчас Першай сусветнай ён быў фельчарам, і калі яго пакусалі, то сам лекаваўся. Паўгода працягнуў, цяжка паміраў. Майму бацьку давялося рана стаць на чале сям’і.
У 1930-я гады ў вёсцы былі два савецкія агенты — Ясь Гансоўскі і Кастусь Савіцкі. На няшчасце, гэта былі кумы майго бацькі. Яны “служылі” Савецкаму Саюзу. Людзі ў вёсцы бачылі, што гэтыя людзі аднекуль маюць нелегальныя даходы. І немалыя. (Дададзім, што бальшавікі сваім агентам плацілі вялікія грошы, і звычайна ў амерыканскіх доларах. — І.М.). Недалёка ад нас жыў рэзідэнт савецкай выведкі па прозвішчы Завадскі. Ён кіраваў падпольнай працай бальшавіцкіх агентаў з ліку мясцовых жыхароў. Гэты шпіён і завербаваў кумоў майго бацькі.
Польская ўлады і ксяндзы ў касцёлах казалі людзям, што савецкая ўлада грунтуецца на хлусні. Мой бацька адслужыў у КАП на мяжы з БССР і заўсёды казаў, што савецкая прапаганда хлусіць. Але ўсё роўна былі наіўныя людзі, хто верыў, што там, у Саветах, жывецца лепей, чым у Польшчы. Памятаю, бацька расказваў, што калі служыў памежнікам, то аднойчы ён з калегам нёс службу на мяжы, і тут ім на сустрэчу выйшаў савецкі памежны нарад. Вартавыя мяжы вырашылі… разам папаліць. “Капаўцы” дасталі папяросы, а савецкія “зялёныя фуражкі” пачалі рабіць самакруткі-карэньчыкі. Папалілі. А потым савецкія кажуць: “Вы прадаліся панам за гэтыя папяросы. Усё жыццё будзіце ў акупацыі. А мы, хоць і “карэньчыкі” палім, але лепей за вас жывем”. Павярнуліся і пайшлі да сябе», — падкрэслівае спадар Ушакевіч.
Калі 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла мяжу, то Гансоўскі і Савіцкі селі на ровары і паехалі пад Валожын, сустракаць «чырвоных». «Яны чакалі бальшавікоў, верылі, што тыя ім рай прынясуць. А потым радасныя вярнуліся і паехалі ў маёнтак пана Вітальда Радкевіча, каб рабаваць. Сам гаспадар ужо паспеў збегчы, але ў Юрацішках яго забілі “рэўкамаўцы”. Завадскі, што да вайны быў бальшавіцкім рэзідэнтам, стаў старшынёй сельсавета. А тыя два агенты з нашай вёскі, што “чакалі на рускія танкі”, потым бальшавікам былі ўжо непатрэбныя. Яны думалі, што кар’еру зробяць, але тут ужо прыехалі чыноўнікі з усходу, і пра гэтых “змагароў супраць панскай улады” ўсе забылі. А калі немцы прыйшлі, то пра Савіцкага і Гансоўскага ўзгадалі. Увосень 1941 года абодвух арыштавалі і расстралялі як бальшавікоў».
Першае кола пекла
Па меркаванні Станіслава Алаізавіча, адной з самых жудасных старонак перыяду саветызацыі заходніх абласцей БССР была дэпартацыя насельніцтва ў 1940 годзе.
«Тут шмат палякаў жыло. Настаўнік, напрыклад, быў з Польшчы. Ён быў адстаўным афіцэрам, а калі пачалася вайна, то яго мабілізавалі ў войска. А сям’я — жонка і дзеці — засталася ў Такарышках. Саветы, як прыйшлі, хутка адмянілі польскія грошы. Людзі не мелі за што набыць ежу. Ім мясцовыя жыхары дапамагалі. У Юрацішках, у былым панскім доме, размясціўся НКУС. У лютым 1940 года туды бацьку выклікалі. Там кожныя суткі павінны былі прыязджаць па тры вазы з розных вёсак. З будынку выходзіў нкусавец у суправаджэнні чырвонаармейцаў, садзіўся і ехаў на арышт “ворагаў народа”. І вось 10 лютага бацька прыехаў у Юрацішкі, а там — дзясяткі вазоў стаяць. Ён тады зразумеў, што нешта кепскае адбываецца. Тут да будынку пад’ехала машына, з якой выйшлі нкусаўцы і пайшлі ў будынак. А праз гадзіну выходзяць і пачынаюць называць вёскі, а людзі, што прыехалі з вазамі, павінны казаць, адкуль яны. Прагучала: “Такарышкі!”. Бацька адказаў, што ён адтуль. Селі да яго нкусаўцы і паехалі. А бацька баяўся, думаў, можа за сваёй сям’ёй едзе, можа яго будуць арыштоўваць. Прыехалі на месца — і нкусаўцы яго пытаюць: “Ведаеш, дзе жыве сям’я былога польскага настаўніка?” Ён, зразумела, ведаў. Прыехалі яны і пачалі ператрус. Трое дзяцей маленькіх, жонка настаўніка, мароз за трыццаць градусаў, чырвонаармейцы з вінтоўкамі, на якіх штыкі. Такая жудасная карціна. Мы, вясковыя, цёплыя рэчы мелі, а ў іх, гарадскіх, былі лёгкія рэчы, восеньскія. Бацька павёз гэтую сям’ю, а потым вярнуўся да дому і кажа: “Што ж гэта робіцца?! Там эшалон у Юрацішках, і людзей сем’ямі грузяць у вагоны”. Мне тады забаранілі ў школе гаварыць пра гэта. Але пра дэпартацыі казалі паўсюль, бо вывозілі з усіх вёсак. Тая сям’я настаўніка так і знікла. Хутчэй за ўсё, загінулі. Я потым пытаўся шукаць іх сляды, але нічога не знайшоў. Жудасныя часы былі. Я ніколі не прабачу бальшавікам іх злачынстваў», — кажа Станіслаў Ушакевіч.
Калі ўжо выходзілі з хаты, то на адной са сцен яго дома ўбачылі… герб «Пагоню». «А гэта наш сапраўдны сімвал. Некалі вісеў у сельсавеце. А потым загадалі прыбраць. Там ён не можа вісець, а ў мяне дома ніхто не забароніць, бо гэта нашае».
Колькі ўсяго давялося перажыць жыхарам Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Цяжка нават уявіць, праз якія выпрабаванні праходзілі людзі. Але пра тую жудасць варта памятаць і захаваць гістарычную праўду. Толькі так мы ўратуемся ад паўтарэння тых жахаў.
Фота з архіву Ігара Мельнікава