У жніўні 1939 года польскія дыпламаты да апошняга змагаліся за мір
Гісторыя пра тое, як палякі з саюзнікамі стараліся не дапусціць гітлераўскай агрэсіі на Польшчу.
Пасол Юзэф Ліпскі пакідае Рэйхсканцылярыю пасля ўручэння даверчых грамат, 1933 год
78 гадоў таму пачалася найбольш крывавая вайна ў гісторыі чалавецтва. 1
верасня 1939 года нападам гітлераўскай Нямеччыны на Польшчу пачалася Другая сусветная
вайна. Польскія дыпламаты да апошніх хвілін змагаліся за тое, каб захаваць мір.
Нагадаем, каб апраўдаць пачатак вайны Гітлер высунуў Польшчы два ўльтыматумы. Па-першае, Берлін патрабаваў, каб Гданьск (нямецкая назва Данцыг), які тады меў статус Вольнага гораду, перайшоў пад юрысдыкцыю Трэцяга Рэйху. Па-другое, Нямеччына запатрабавала ў Варшавы даць згоду на будаўніцтва па тэрыторыі Польшчы экстэрытарыяльнай трасы з Берліна ва Ўсходнюю Прусію, у Кёнігсберг. Зразумела, Польшча не магла на гэта згадзіцца.
Пасольства Польшчы ў Берліне, 1936 год
На тое, каб хоць нейкім чынам залагодзіць сітуацыю і адкласці пачатак
вайны, былі кінутыя ўсе дыпламатычныя сілы маладой польскай дзяржавы. Чаму
ўсяго толькі адкласці пачатак вайны? Таму што ў Польшчы ўсе разумелі, што
пачатак вайны — гэта толькі пытанне часу, а Гданьск ды экстэрытарыяльны калідор
— гэта свайго роду прэтэксты Берліна. Нават калі б Варшава і згадзілася на
патрабаванне немцаў, то гітлераўскі рэжым прыдумаў бы іншыя прычыны, каб пачаць
вайну.
Сталовая зала ў пасольстве Польшчы ў Трэцім Рэйху, 1936 год
Амбасадарам Польшчы ў Бэрліне ў той гарачы час быў Юзэф Ліпскі. Пазней,
ужо пасля вайны, у эміграцыі былі выдадзеныя яго ўспаміны.
Амбасадары саюзніцкіх дзяржаў, акрэдытаваныя ў Нямеччыне (злева направа): Францыі — Андрэ Франсуа-Пансэ, Польшчы — Юзэф Ліпскі, Вялікабрытаніі — Нэвіл Хэндэрсан, 1938 год
“Ноччу 29 жніўня 1939 году пазваніў
тэлефон. Тэлефанаваў брытанскі пасол. У яго быў нервовы голас, ён папрасіў мяне
хутка прыехаць у пасольства Вялікабрытаніі. Калі я прыехаў, ён распавёў, што
гадзіну таму размаўляў з Рыбентропам”, — успамінаў амбасадар Ліпскі.
Размова Хендэрсана і Рыбентропа тычылася Польшчы. Калі казаць дакладней, то брытанскі дыпламат стараўся паўплываць на Ёахіма Рыбентропа і адвесці Берлін ад спробы ціску на Польшчу. Зразумела, гэта яму не ўдалося.
Варта нагадаць, што 25 жніўня 1939 году Польшча і Вялікабрытанія падпісалі саюзніцкае пагадненне, якое мела быць для Польшчы свайго роду гарантыяй захавання міру. Дакумент быў замацаваны подпісамі ў адказ на Пакт Рыбентропа—Молатава. Як аказалася пазней, брытанска-польскі дакумент не выратаваў Польшчы ад агрэсіі.
І тут таксама варта нагадаць іншы гістарычны факт: менавіта амбасадар Нэвіл Хендэрсан 3 верасня 1939 года перадаў ураду Трэцяга Рэйху ўльтыматум, у якім запатрабаваў вываду нямецкіх войск з тэрыторыі Польшчы да 11-й гадзіны ў той жа самы дзень. Пасля таго, як Берлін адхіліў ультыматум, Вялікабрытанія аб’явіла Нямеччыне вайну.
Такім чынам, дыпламатычныя высілкі не прынеслі вынікаў, і таму 1-га верасня жыхары Польшчы пачулі наступную заяву на Польскім радыё:
Польскае радыё, дыктар 1: Алё, алё! Гэта Варшава і ўсе радыёстанцыі Польскага радыё. Сёння раніцою а 5:40 нямецкія падраздзяленні перайшлі польскую мяжу, парушыўшы пакт аб неагрэсіі. Шэраг гарадоў былі збамбардаваныя. Неўзабаве вы пачуеце спецыяльную заяву.
Польскае радыё, дыктар 2: Такім чынам, вайна. З сённяшняга дня ўсе справы і пытанні перасоўваюцца на далейшы план. Усё нашае жыццё, грамадскае і прыватнае, неабходна пераставіць на іншыя рэйкі. Нас прымусілі да вайны. Цэлы высілак народу трэба накіраваць у адзін бок: цяпер мы ўсе — салдаты, і мы павінны думаць толькі пра адно — барацьбу ажно да перамогі!
Пасля вайны Юзэф Ліпскі напісаў: “Мы чакалі вайны ў кожны момант, мы жылі ў рэаліях вялікай нямецкай геапалітычнай гульні, мэтай якой было скінуць на нас адказнасць за пачатак вайны”.
Валеры Саўко, www.radyjo.net
Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe
На відэа: вучэнні Войска Польскага ў 1939 годзе