У Нясвіжы з'явілася вуліца імя рэпрэсаванага паэта Уладзіміра Жылкі
Вуліца імя Уладзіміра Жылкі зьявілася ў заходняй частцы Нясвіжу, дамоў
там пакуль няма, але падведзена электрычнасць, пракладваюць камунікацыі
і чакаюць пачатку будаўніцтва прыватных дамоў, паведамляе Радыё Свабода.
Уладзімір Жылка нарадзіўся ў 1900 годзе ў Макашах, цяпер Нясвіскага раёну. У 1917-м далучыўся да нацыянальна-незалежніцкага руху. У 1923-м паступіў у Праскі ўніверсітэт, але праз тры гады вярнуўся ў Беларусь. У 1931-м арыштаваны і асуджаны ў фальшывай справе «Саюзу вызвалення Беларусі», яго пакаралі на пяць гадоў ссылкай, якую ён адбываў у Вяцкай вобласці. У 1933-м памёр ад сухотаў, пражыўшы 33 гады. Рэабілітаваны падчас хрушчоўскай адлігі.
Сёлета адзначалася 120-годдзе паэта. Вуліцу ягоным імем назвалі пасля звароту сябраў ТБМ да дэпутатаў Нясвіскага раённага савета.