Трасцянец як мост паміж Беларуссю і Захадам
Мемарыял «Трасцянец» можа стаць мостам паміж Беларуссю і Еўропай. Пра гэта 1 кастрычніка казалі ўдзельнікі стварэння гэтага важнага гістарычнага помніка ахвярам нацызму падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры (ММАЦ) імя Яханэса Раў.
Віктар Балакіраў
У сустрэчы ўзялі ўдзел кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, беларускі дырэктар ММАЦ Віктар Балакіраў і выканаўчы дырэктар Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра Петэр Юнгэ-Вэнтруп, праваслаўны архіерэй Фёдар Поўны, дачка аднаго з аўтараў мемарыяла, памерлага два гады таму архітэктара Леаніда Левіна Галіна Левіна ды іншыя.
Па словах Петэра Юнгэ-Вэнтрупа, праект мемарыяла рэалізуецца і набывае вельмі важнае значэнне ў міжнародных стасунках. Гэта, па-першае, даніна памяці ахвяраў гітлераўскага фашызму, якія былі знішчаны ў Шашкоўцы і Благаўшчыне, у самім Трасцянцы. А гэта, паводле афіцыйных дадзенных, больш за 206 000 чалавек.
Першая частка праекта ўжо рэалізавана, і гэта можна ўбачыць на ўласныя вочы. Але, адзначыла прадстаўніца габрэйскай абшчыны Галіна Левіна, гэта толькі пачатак. Стварэнне мемарыяла «Трасцянец», дзе загінулі тысячы і тысячы габрэяў, Левіна назвала мастом паміж Беларуссю і Еўропаю, перад усім, паміж Беларуссю і Нямеччынай.
Галіна Левіна
«Нашы бацькі, у тым ліку і мае бацькі выбудавалі гэты мост узаемапаразумення і замірэння з тымі, хто ў пэўны перыяд жыцця быў па іншы бок акопаў. І вельмі важна, каб гэты мост паразумення, каб гэты дыялог працягваўся ў розных пакаленнях. Калі гэта знікне хоць у нейкім пакаленні, мы можам страціць апоры маста, які дае нам магчымасць вучыцца і рабіць высновы з таго, што адбылося», — упэўненая выступоўца.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што будучы мемарыял павінен стаць месцам і сімвалам замірэння і паразумення паміж рознымі народамі і канфесіямі. Ён адзначыў, што было б добра, каб мемарыял «Трасцянец» стаўся тым месцам, куды маглі б прыходзіць і маліцца вернікі розных канфесіяў, бо ў гэтым месцы падчас Другой сусветнай вайны нацысты забівалі як габрэяў, так і людзей іншых нацыянальнасцяў, як іудзеяў, так і праваслаўных, каталікоў, асоб іншых веравызнанняў.
Петэр Юнгэ-Вэнтруп, Тадэвуш Кандрусевіч
«У Трасцянцы магло б узнікнуць такое месца, і я не бачу ніякіх гэтаму перашкод, калі б гэта быў адзіны будынак, дзе маглі б маліцца ўсе. Такі досвед маецца ўжо ў Калінінградскай вобласці Расіі, дзе ў адным будынку моляцца каталікі, праваслаўныя і люцеране», — сказаў Уладыка.
Па яго словах, такія праекты спрыяюць замірэнню ў сучасным свеце нават на палітычным узроўні. Тадэвуша Кандрусевіча вельмі ўсцешыў той факт, што падчас юбілейнай сесіі ААН у Нью-Ёрку да кіраўніка Беларусі падышоў прэзідэнт Аўстрыі і падзякаваў за дапамогу ў рэалізацыі трасцянецкага праекту па ўшанаванні памяці забітых нацыстамі мірных грамадзян.
І гэта не выпадковая падзяка за «Трасцянец» з боку аўстрыйскага кіраўніка. Справа ў тым, што ў Трасцянцы былі знішчаныя каля 14 500 аўстрыйскіх габрэяў. Яны, як распавяла Галіна Левіна, «іроніяй гісторыі мусілі самі набываць квіткі на цягнік у Трасцянец, дзе пазней усе былі забітыя».
Дарэчы, у лістападзе адбудзецца паездка ўдзельнікаў праекта «Трасцянец» у Вену. У сталіцы Аўстрыі адбудуцца сустрэчы на розных узроўнях, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні працягу рэалізацыі мемарыяла. Дарэчы, як адзначыў Петэр Юнгэ-Вэнтруп, за працяг прац па стварэнні мемарыяла цяпер адказвае кіраўніцтва Мінскага гарвыканкама. Нямецкі бок, паведаміў Юнгэ-Вэнтруп, ужо пералічыў беларускаму боку 400 тысяч еўра. Але пошук сродкаў будзе працягвацца.
На сустрэчы журналістам прадставілі бюлетэнь «Еўрапейскія перспектывы», прысвечаны прымеркаванай да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў беларуска-нямецкай паездцы ў Трасцянец, Хатынь і Бабруйск, якая адбылася летась. У тым мерапрыемстве ўзялі ўдзел па сто прадстаўнікоў з абедзвюх краінаў. У часопісе змешчаны фотаздымкі з таго мерапрыемства, успаміны сваякоў ахвяраў нацызму, выступы ўдзельнікаў вандроўкі, а таксама артыкулы на гэтую тэму прэзідэнта Нямеччыны Ёахіма Гаўка, былога прэм’ер-міністра федэральнай зямлі Брандэнбург Маціяса Плацэка, прадстаўніка МЗС Нямеччыны Герната Эрлера, а таксама Тадэвуша Кандрусевіча, праваслаўнага архіерэя Фёдара Поўнага ды іншых.