Самая кароткая вайна ў гісторыі
Некаторыя канфлікты цягнуцца стагодзьдзямі, іншыя сканчваюцца праз гады, а што за вайна лічыцца самай хуткай за гісторыю? 38 хвілінаў (ці максімум 45) цягнулася змаганьне на полі бою паміж Брытанскай імпэрыяй і султанатам Занзібар 27 жніўня 1896 года.
Занзібар быў пярлінай у Індыйскім акіяне, умоўна незалежнай краінай ва ўжо цалкам калянізаванай Афрыцы. Да гэтага часу Занзібар быў пратэктаратам Брытанскай імпэрыі. Гэты статус, хоць і даваў некаторую аўтаномію, але трывала замацаваў тэрыторыю пад брытанскім уплывам.
Раніцай 25 жніўня 1896 года далікатны балянс сілаў на Занзібары быў парушаны раптоўнай сьмерцю султана Хамада бін Тувайні. Гэты кіраўнік пагаджаўся з інтарэсамі Вялікай Брытаніі, але яго сьмерць паклала пачатак імклівай пасьлядоўнасьці падзеяў, якія скончыліся самай кароткай вайной у гісторыі. Дагэтуль невядома напраўду, ці памёр султан ад натуральных прычынаў, ці тое яго атруцілі.
Амаль адразу пасьля сьмерці султана яго стрыечны брат Халід бін Баргаш захапіў палац і абвесьціў сябе султанам. Ён абапіраўся на падтрымку іншай эўрапейскай імпэрыі – Нямецкай, якая ўжо валодала значнымі тэрыторыямі, што межавалі з уласнасьцю брытанцаў у гэтай частцы Афрыкі. Халіда можна з упэўненасьцю назваць узурпатарам, бо па законах, якія дзейнічалі з часоў Занзібарскай дамовы 1890 года, прэтэндэнт на занзібарскі трон мусіў атрымаць згоду брытанскага консула.
Брытанскі консул Бэзіл Кэйв хутка выставіў ультыматум Халіду, з патрабаваньнем яго неадкладнага зрачэньня і зьяўленьня на троне іншага стрыечнага брата памерлага султана, Хамуда бін Махамэда, які быў з так званай “брытанскай партыі”.
Ультыматум, які заканчваўся а 9 гадзіне раніцы 27 жніўня, быў праігнараваны. Халід умацаваў палац, сабраў амаль 3000 чалавек, некалькі артылерыйскіх гарматаў і самотны драўляны ваенны карабель, які стаяў на якары ў гавані. Флот Занзібара не выглядаў непатапляльным. Халід, які па-сутнасьці зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот разьлічваў на тое, што брытанцам не хопіць мужнасьці пачаць узброеную апэрацыю. Мы ведаем такія паводзіны ў гісторыі, калі падобным чынам узурпатары ці агрэсары спадзяваліся на адсутнасьць сапраўдных дзеяньняў у адказ.
Брытанскія сілы, якія складаліся з двух крэйсераў, трох лодак і кантынгенту марской пяхоты, былі абсталяваныя сучаснай артылерыяй і кулямётамі. Варта адзначыць, што адзіная гармата, якая была на службе ў сілаў Халіда паходзіла з XVI стагодзьдзя!
Калі гадзіньнік паказаў 9 раніцы, тэрмін ультыматуму скончыўся, і брытанцы, верныя свайму слову, адкрылі агонь. Бамбардыроўка была дастаткова разбуральнай і імклівай. Палац султана, сымбаль умоўнага суверэнітэту Занзібара, за лічаныя хвіліны пераўтварыўся ў руіны. Артылерыя султана першым жа стрэлам з брытанскай гарматы прыйшла ў няспраўны стан. Флот Занзібара пайшоў на дно. Абаронцы султана-узурпатара уцяклі або здаліся пазьней.
Да 9:40 раніцы, усяго праз 38 хвілінаў пасьля першага стрэлу, агонь быў спынены. Халід бін Баргаш уцёк з палаца праз чорны ход, і спадзяваўся на прытулак у нямецкім консульстве, дзе яму далі схавацца.
Брытанцы дасягнулі сваёй мэты з мінімальнымі стратамі – толькі адзін брытанскі марак быў лёгка паранены, у той час як, паводле ацэнак, 500 занзібарцаў былі забітыя або параненыя. На трон узыйшоў Хамуд бін Махамэда.
Цікавым уяўляецца лёс зрынутага ўзурпатара Халіда бін Баргаша. Брытанцы ўсталявалі ахову ля нямецкай дыпляматачнай місіі, каб арыштаваць Халіда адразу пасьля яго спробы выйсьці за дзьверы. Немцы вельмі незвычайным чынам абхітрылі брытанцаў. Калі да берагоў падыйшоў нямецкі карабель, адна са шлюпак была спушчаная на хвалі, а пасьля таго, як лодка дасягнула берага, нямецкія маракі на руках перанесьлі яе ў нямецкае консульства.
Там Халід сеў у яе, і тыя ж нямецкія маракі на руках аднесьлі яе зноў да берагу і даплылі на ёй на ўласна карабель.справа была ў тым, што па дзейных на той час законах, шлюпка лічылася неад’емнай часткай карабля, і таму фармальна Халіда бін Баргаш увесь гэты час знаходзіўся на нямецкай тэрыторыі. І каб не пачынаць вайну супраць Нямецкай імпэрыі, брытанцы былі вымушаныя дазволіць таму сыйсьці.
Але як вядома музыка не грала вельмі доўга. Былы султан на два дні жыў на тэрыторыі ля Занзібара, якая была падкантрольнай немцам. Аднак пачалася Першая сусьветная вайна, і брытанцы захапілі ўсе калёніі сваіх ворагаў у Афрыцы. Адпаведна, Халід быў схоплены і пазьней сасланы ў на выспу Сьвятой Алены, тую самую, куды стагодзьдзем раней брытанцы адправілі Напалеона.
У 1960-х гадах, калі афрыканскія калёніі масава атрымлівалі незалежнасьць, Занзібар таксама стаў самастойным, як і суседняя тэрыторыя, што некалі была пад нямецкім кантролем – Танганьіка. Праз некалькі гадоў яны аб’ядналіся ў адну дзяржаву, што носіць у назве часткі абедзьвух былых калёній – Танзанія.