Польскі след скокаўскага мядзведзя

Імем нашага земляка з вёскі Скокі, што пад Брэстам, названа ажно тры вуліцы ў Варшаве, а яшчэ мікрараён і ўніверсітэт. Але сам Урсын Нямцэвіч не лічыў сябе беларусам.



julijan_ursin_njamcevich.jpg

Юліян Урсын Нямцэвіч

Радавая легенда Юліяна Урсына Нямцэвіча апавядае пра паходжанне ад рымлянаў і сарматаў, а сам ён быў адданым грамадзянінам Рэчы Паспалітай абодвух народаў.

Юліян Урсын Нямцэвіч — пісьменнік, паэт, гісторык, палітычны дзеяч. Ён нарадзіўся ў Скоках (цяпер Брэсцкі раён) 16 лютага 1758 года. Быў самым здольным з 16 дзяцей Марцэлія і Ядвігі Нямцэвічаў і, кажуць, у 6 гадоў ужо чытаў бацьку ўголас газеты.

Юліян Нямцэвіч быў дэпутатам Чатырохгадовага Сойма Рэчы Паспалітай (1788–1792), адным з аўтараў канстытуцыі 3 мая 1791 года. У 1794 годзе ён стаў сакратаром і ад’ютантам Тадэвуша Касцюшкі, разам з ім удзельнічаў у паўстанні, трапіў у палон, з’ехаў у ЗША. Мабыць, Юліян атрымаў палітычныя здольнасці ў спадчыну ад бацькі. Марцэлій Нямцэвіч у свой час браў удзел у Соймах Рэчы Паспалітай, прысутнічаў на выбарах караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, чым вельмі ганарыўся, бо той быў яго земляком (Станіслаў Аўгуст нарадзіўся ў маёнтку Воўчын, цяпер вёска ў Камянецкім раёне).

Варшаўскі перыяд

У 1807 годзе па ўмовах Тыльзіцкага міру з польскіх зямель, што ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай адышлі да Аўстрыі і Прусіі, было створана фармальна незалежнае Герцагства Варшаўскае (фактычна пратэктарат напалеонаўскай Францыі). З 1815 года тэрыторыя Герцагства Варшаўскага адышла да Расійскай імперыі.

Нямцэвіч вырашыў вярнуцца. У 1822 годзе Юліян Урсын набыў палац, што тады знаходзіўся за гарадскімі межамі Варшавы. Толькі вярнуўшыся з ЗША, ён хацеў назваць сядзібу «Амерыка» ці, у гонар першага прэзідэнта, «Вашынгтон». Аднак сябры пераканалі яго, што гэтыя назвы могуць быць не прынятыя ў Расійскай імперыі. Таму Юліян спыніўся на назве «Урсынаў» у гонар свайго родавага імя.

Палац быў пабудаваны 1775–1777 гадах, дарэчы, адначасова з сядзібай у беларускіх Скоках. Праз панаванне ў архітэктуры таго часу стыляў барока і класіцызму ў будынкаў шмат агульных рысаў. Такое падабенства дазваляе казаць аб улучанасці беларускіх земляў у агульны культурны кантэкст Рэчы Паспалітай.

palac_ursinu_u_varshave.jpg

Палац Урсынаў у Варшаве

Захаваліся сведчанні, што ва Урсынаве віселі партрэты цара Паўла і князя Чартарыйскага. Мабыць, Паўлу Нямцэвіч быў удзячны за вызваленне з Петрапаўлаўскай крэпасці, дзе разам з Касцюшкам прасядзеў 2 гады. А князь Чартарыйскі ўзначальваў войска Рэчы Паспалітай, калі Нямцэвіч скончыў кадэцкую школу ў Варшаве. Юліян быў ад’ютантам князя і шмат вандраваў разам з ім па краіне.

Ва Урсынаў Юліян Нямцэвіч прыязджаў на лета на працягу дзесяці гадоў, а зіму праводзіў таксама пад Варшавай, але ў маёнтку Аляксандры Патоцкай Вілянуў. Нягледзячы на высокае сацыяльнае становішча ў краіне, дзе панавала расійская адміністрацыя, Юліян не пакідаў мараў аб вольнай радзіме. Калі пачалася падрыхтоўка да паўстання 1830–1831 гадоў, Нямцэвіч, нягледзячы на ўзрост, прыняў у ёй удзел. Ён увайшоў у Паўстанцкі камітэт, стаў адным з аўтараў маніфеста, які абвяшчаў незалежнасць Польшчы ад Расіі.

Апошнім разам Юліян Нямцэвіч наведаў Урсынаў 24 чэрвеня 1831 года, а 12 ліпеня выехаў у Лондан як пасол Польшчы. Знаходзячыся ў Англіі, даведаўся пра паразу паўстання, і ўжо не мог вярнуцца на радзіму.

Некаторы час Юліян Нямцэвіч заставаўся ў Лондане, пасля з’ехаў у Парыж, дзе і памёр у 1841 годзе. У Парыжы і Элізабэттаўне (ЗША) захаваліся дамы, дзе ён жыў.

Урсынаўскі перыяд свайго жыцця Юліян Нямцэвіч апісаў у «Дзённіку маёй дзейнасці ва Урсынаве», што з’яўляецца цікавым помнікам мемуарыстыкі ХІХ стагоддзя. У дзённіку можна знайсці шмат цікавых дэталяў у апісанні, напрыклад, надвор’я, мясцовай флоры і фауны. Таксама Нямцэвіч шмат увагі надаваў апісанню гаспадарчых праблем, расповеду пра прыём гасцей. Ёсць у дзённіку і яго філасофскія развагі. Акрамя таго, у маёнтку Юліян Нямцэвіч напісаў паэму «Думкі пра Урсынаў», дзе паведаміў, што спраўдзіліся яго мары аб уласным куце.

Сёння Урсынаў належыць Варшаўскаму сельскагаспадарчаму ўніверсітэту. Імем Юліяна Нямцэвіча названы «ўніверсітэт трэцяга веку», што дзейнічае пры ўстанове. Штогод тут навучаецца каля 700 чалавек сталага ўзросту.

У гонар Нямцэвіча цяпер названа вуліца недалёка ад цэнтра Варшавы. На поўдні польскай сталіцы ёсць вуліцы Урсынаўская і Новаўрсынаўская. На апошняй знаходзіцца палац Урсынаў, які даў назву цэламу мікрараёну.

На гербе сям’і Нямцэвічаў была выяўлена дзяўчына на мядзведзі (лац. ursus — мядз­ведзь). Гэты герб лёг у аснову герба варшаўскага раёна Урсынаў у 1967 годзе. Герб можна таксама знайсці ў афіцыйных лістах, падпісаных мэрам Варшавы, на плакатах і рэкламнай прадукцыі.

gerb_njamcev_cha.jpg

Герб Нямцэвічаў

gerb_ursinuva.jpg

Герб Урсынава

Беларускі двайнік польскага палаца

У Скоках захаваўся сядзібна-паркавы ансамбль эпохі барока і адначасова помнік садова-паркавага мастацтва «французскага» стылю, які належаў роду Нямцэвічаў. У 2013 годзе ў палацы быў адчынены гісторыка-мемарыяльны музей «Сядзіба Нямцэвічаў». Да нашага часу захавалася прыкладна чвэрць архітэктурнага комплексу маёнтка і палова паркавай зоны, што існавалі 200 гадоў таму.

Сядзіба была пабудаваная па праекце невядомага галандскага архітэктара ў 1770-х гадах, калі маёнткам валодаў Марцэлій Нямцэвіч, бацька Юліяна Урсына. Палац захоўваў свой першасны выгляд да 1820-х гадоў, потым быў часткова перабудаваны. Сядзібны дом мае характэрную для барока пластычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, падначаленую люстраной сіметрыі: прамавугольны ў плане будынак пад мансардай, пакрыты тыповым для барока «ламаным» французскім дахам. Маюцца невялікія бакавыя вежы.

Ідэю пабудовы Марцэлій Нямцэвіч падглядзеў у суседа — Яна Флемінга. У той час Флемінг перабудоўваў сваю рэзідэнцыю ў блізкім ад Скокаў Цярэспалі і прывёз шмат майстроў з Галандыі і Нямеччыны. Побач па Заходнім Бугу праз Віслу хадзілі рачныя гандлёвыя караблі на Гданьск, так што выбар месца для будаўніцтва быў цалкам апраўданы.

palac_u_skokah.jpg

Палац у Скоках

Захавалася некалькі выяваў сядзібы: акварэль Юліяна Нямцэвіча канца 1770-х, малюнкі Напалеона Орды 1864–1873 гадоў. З канца ХIX — пачатку ХX стагоддзя засталіся фотаздымкі сядзібы ў Скоках, што захоўваюцца ў сямейным архіве Нямцэвічаў у Францыі. На іх можна пабачыць інтэр’еры палаца, фрагменты парка і прылеглых тэрыторый. У сядзібе віселі карціны Фра Барталамеа, Бацічэлі, Ван Дэйка, малюнкі Леанарда да Вінчы.

На сядзібе ў Скоках адбіўся цяжкі лёс усёй нашай краіны: палац быў разрабаваны некалькі разоў: у 1794, 1915, 1918 і ў 1939 гадах.

У 1794 годзе, пасля паразы паўстання Тадэвуша Касцюшкі, у якога, як ужо вядома, Юльян Нямцэвіч быў ад’ютантам, сядзібу разрабавалі падначаленыя маскоўскага генерала Дэрфельда. Па словах Юльяна Нямцэвіча, рускія вывезлі ўсё, «…нават маленькага сабачку». Але ў Нямцэвічаў атрымалася дамовіцца, каб большую частку рэчаў у палац усё ж такі вярнулі.

Асаблівасць сядзібы Нямцэвічаў у тым, што ад сваёй пабудовы ў 1770-х гадах і да 1939 года яна належала аднаму і таму ж роду. Легенда апавядае, што заснавальнік роду Нямцэвічаў Юліян Урсын з’явіўся ў Літве разам з рымскім атрадам Палямона, што валодаў землямі ў Італіі. З Літвы род перасяліўся ў Польшчу і прыняў прозвішча Нямцэвіч. Лічыцца, што легенда аб Палямоне прыдуманая ў XV ці XVI стагоддзі з мэтай звязаць пахо­джанне шляхты ВКЛ з рымлянамі.

Першыя дакументальныя згадкі пра род Нямцэвічаў сустракаюцца ў дакументах канца XV стагоддзя. Яны звязаны з судовай справай шляхціца Салагубовіча супраць яго сваячкі Ядвігі, жонкі Яна Нямцэвіча. Для тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага справа не была надз­вычайнай. Паводле Статутаў ВКЛ, складзеных на аснове ранейшага заканадаўства і звычаёвага права, жанчына мела права на маёмасць, магла распараджацца сваім пасагам незалежна ад волі мужа, адстойваць сваю ўласнасць і гонар у судзе. Праўда, гэтыя прывілеі датычыліся толькі шляхцянак, жанчыны іншых саслоўяў былі абмежаваныя ў правах значна болей.

Сёння нашчадкі Нямцэвічаў жывуць у Канадзе, Францыі і Польшчы. Музеі Еўропы, Расіі, Беларусі ганарацца прадметамі, звязанымі з родам Нямцэвічаў, у сваіх фондах.

Падбор фота — Генадзь Ходар