«Пасля подзвігу спартанцаў грэцкім гарадам стала непрыстойна капітуляваць перад персідскім царом»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» расказвае натхняючую гісторыю «бессэнсоўнага гераізму». І часам адна «бессэнсоўная ахвяра» можа пераламіць увесь ход падзей. Але зарання не скажаш, што гэта будзе за гераізм і што за людзі, якія «ведалі, на што яны ішлі».

1576643185_12_23.jpg

Вядома, ты ведаеш пра трыста спартанцаў. Нават можа глядзела кіно. Але я ўсё роўна нагадаю. Таму што гісторыя пра трыста спартанцаў, гэта гісторыя пра «бессэнсоўную ахвяру», пра «не трэба было заставацца» і пра «самі вінаватыя». Але без гісторыі трохсот спартанцаў, якія дакладна «ведалі на што яны ішлі», не было б ніякай гісторыі свабоднай Грэцыі.

Калі персідскі цар Ксеркс адправіўся заваёўваць Грэцыю, ён, вядома, не сумняваўся ў сваёй перамозе. Усё ж такі з аднаго боку была вялікая Персідская імперыя, а з другога — дробныя грэчаскія гарады, якія не маглі нават дамовіцца адзін з адным. Некаторыя гарады здаліся цару адразу. Іншыя афіцыйна занялі нейтральную пазіцыю, каб капітуляваць крыху пазней. І толькі палова гарадоў вырашыла змагацца. Але нават тыя, хто вырашыў змагацца, не вельмі верылі ў сваю перамогу і ніяк не маглі дамовіцца паміж сабой аб ваенных стратэгіях і тактыках.

У выніку супраць статысячнай арміі персаў грэкі змаглі сабраць войска ці то ў пяць, ці то ў восем тысяч чалавек. У гэтага войска не было ніякіх шанцаў.

Але грэкам пашанцавала. Яны паспелі заняць Фермапільскую цясніну. Вузкі праход у гарах, дзе нават невялікая армія магла стрымліваць пераўзыходзячыя сілы праціўніка. І яна ж стрымлівала. Два дні грэкі адбівалі персідскія атакі. А на трэці дзень сярод мясцовых жыхароў знайшоўся чалавек, які паказаў цару дарогу ў абыход.

Абараняць цясніну пасля гэтага стала бессэнсоўна. Трэба было адступаць, каб выратаваць войска. Але адступленне, калі няма каму прыкрыць табе спіну, можа быць горш, чым бітва. Вось прыкрываць спіну саюзнаму войску застаўся цар Леанід і атрад спартанцаў.

Астатняя грэцкая армія ноччу знялася з месца і, імкнучыся не рабіць лішняга шуму, каб не прыцягваць увагу персаў, адступіла. Кажуць, пасля гэтага цар Леанід сказаў: «Давайце вячэраць, паплечнікі. Паснедаць мы ўжо не паспеем». І ён меў рацыю. Таму што на досвітку, убачыўшы, што ад грэцкага войска застаўся маленечкі атрад, персы пайшлі ў атаку.

Некаторыя прыводзяць ўсякія неверагодныя падрабязнасці гэтай апошняй бітвы. Распавядаюць, што спартанцы самі атакавалі незлічонае персідскае войска і ледзь не захапілі ў палон персідскага цара. На самай справе, хутчэй за ўсё маюць рацыю тыя, хто кажа, што Ксеркс проста загадаў расстраляць застаўшыхся грэкаў з лукаў.

Ужо пры жыцці цара Ксеркса былі людзі, якія казалі, што подзвіг трохсот спартанцаў быў абсалютна бессэнсоўным. Што цар Леанід вырак сваіх паплечнікаў на смерць з-за пустога гонару. Што грэцкае войска паспела б шчасна адступіць і без гэтай ахвяры. Што ў спартанцаў усё роўна не атрымалася ні затрымаць персаў, ні нанесці ім істотнага ўрону.

Я не ведаю, хто тут мае рацыю. Я не разбіраюся ў ваенных стратэгіях і тактыках. Але адзін сэнс у гэтай бессэнсоўнай ахвяры ўсё ж такі быў. Пасля подзвігу трохсот спартанцаў грэцкім гарадам стала неяк непрыстойна капітуляваць перад персідскім царом. Вайна працягнулася, і грэкі гэтую вайну выйгралі. Прыкладна праз год пасля бітвы ў Фермапільскай цясніне рэшткі персідскай арміі беглі з Грэцыі. Так, па праўдзе кажучы, не вельмі іх шмат і засталося гэтых рэшткаў.

З вялікай арміяй здарылася тое, што здарылася з пацуком, якога сокалы скінулі на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.