Флора — каханне Адама
Здавалася б, гісторыкі і літаратуразнаўцы дасканала вывучылі біяграфію знакамітага літвіна Адама Міцкевіча. Аднак усё яшчэ застаюцца малавядомыя старонкі яго жыцця.
Флора Ласкарыс-Забэла
Знатнае прозвішча
Будучы студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта, паэт
часта шпацыраваў у цені дрэў старадаўніх віленскіх могілак Росы. Аднойчы ён звярнуў увагу на адну з магіл, у якой была пахавана графіня Ласкарыс. У той дзень юны Адам вырашыў для сябе, што яго
будучая жонка будзе прадстаўніцай менавіта гэтага старадаўняга і вельмі знатнага роду. Тады малады навагрудчанін нават і думаць не мог, што хутка пазнаёміцца з прадстаўніцай гэтай
фаміліі.
Варта падкрэсліць, што Ласкарысы з’яўляліся нашчадкамі візантыйскай імператарскай дынастыі, якая кіравала Нікейскім царствам у 1206–1261 гадах. Нікея была праваслаўнай дзяржавай, якая паўстала на тэрыторыі паўночна-заходняй Анатолі пасля захопу Канстанцінопаля крыжакамі ў 1204 годзе. У І Рэчы Паспалітай Ласкарысы з’явіліся ў XVIII стагоддзі. Юры-Марыя Ласкарыс (1706–1795) у 1738 годзе пераехаў з Рыма ў Львоў. Беларускі князь Радзівіл Рыбанька надзяліў яго маёнткам у Інфлянтах. Пазней Папа Рымскі прызначыў Ласкарыса сваім экспертам па справах Рэчы Паспалітай і запрасіў у Ватыкан.
Пляменнік Юрыя-Марыі Ласкарыса Тэадор даслужыўся да звання генерал-маёра войскаў
Вялікага Княства Літоўскага. За свае заслугі ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ён атрымаў маёнтак Жодзішкі ў Вілейскім павеце. Неўзабаве яго жонкай становіцца Ганна Забэла. Тады ўпершыню два
знакамітыя дваранскіх родаў — Ласкарысы і Забэла — парадніліся. Адзін з іх сыноў Альберт быў афіцэрам польскага легіёна французскай арміі Напалеона, удзельнічаў у вайне 1812 года і
загінуў у бітве пад Лейпцыгам. Менавіта дачка Альберта і стала будучай каханай Адама Міцкевіча.
Раман без працягу
З першых дзён свайго знаёмства з беларускай шляхцянкай паэт быў зачараваны яе
прыгажосцю і называў дзяўчыну «імператрыцай». Аднак Флора Ласкарыс спрабавала захоўваць дыстанцыю ў адносінах з будучым знакамітым паэтам. У 1829 годзе Адам Міцкевіч едзе ў
падарожжа па Еўропе. У такое ж турнэ адпраўляецца і Флора.
Адам Міцкевіч
У траўні 1832 года ў Дрэздэне ён зноў сустракаецца са сваёй каханай. Іх часта
бачылі разам, і многім здавалася, што жаніцьба гэтых маладых людзей — вырашаная справа. Але... у 1833 годзе прадстаўніца шляхетнага роду выходзіць замуж за былога капітана войскаў
ВКЛ, графа Антонія Забэла, які жыў у маёнтку Дурынічы пад Бабруйскам. Дакладна не вядома, што прымусіла Флору зрабіць такі выбар. Магчыма, важную ролю ў выбары дзяўчыны (а хутчэй за ўсё, яе блізкіх)
адыгралі вядомасць і багацце роду Забэла.
Бабруйскія магнаты
Графскі тытул род Забэла атрымаў у ХVII стагоддзі. У выданні 1884 года змяшчаецца
вытрымка з «Гродскай кнігі», якая тычыцца прысваення ў 1683 годзе роду Забэла графскага тытула. Вось што там запісана: «Пастанавілі Міхаілу Тапарчыку са Збылутаў Забэла,
генерал-маёру войскаў ВКЛ, па загадзе караля Яна III Сабескага і па прывілеі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Леапольда I прысвоіць тытул графскі. Пасля перамогі пад Венай, Богам нам дадзенай,
даслаў нам, каралю Яну III Сабескаму, ліст яго імператарская Вялікасць Леапольд I разам у прывілеем, за мужнасць у бітве той, падараваным для Забела. Дадзена ў лагеры пад Парканамі 10 кастрычніка
1683 года». У гэтым запісы гаворка ідзе пра падзеі вайны з Турцыяй, калі Міхаіл Забэла вызначыўся гераізмам і мужнасцю, за што і атрымаў графскі тытул.
Забэла парадніліся са знакамітымі беларуска-польскімі княжацкімі фаміліямі Радзівілаў, Завішаў, Незабытоўскіх, валодалі маёнткамі ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні. Тут жылі прадстаўнікі так званай кашталянскай лініі гэтага роду. Маёнтак князёў знаходзіўся ў Дурынічах.
Родапачынальнікам кашталянскай лініі роду быў Шымон Забэла, апошні
кашталян Мінскі, сын Антонія, вялікага лоўчага Літоўскага, маршалка ковенскага, генерал-лейтэнанта войскаў ВКЛ і кавалера французскага ордэна Св. Міхаіла. Дарэчы, вышэйзгаданы Антоній Забэла меў
гонар у 1761 годзе прымаць у сваёй рэзідэнцыі «Чырвоны Двор» пад Вільняй прынца Карла, князя Курляндскага.
Шымон Забэла нарадзіўся 14 лютага 1750 года ў рэзідэнцыі
«Чырвоны Двор». У 1787 годзе ён стаў Мінскім кашталянам. Забэла валодаў маёнткамі Арэхоўна, Цэкалава, Заранава, Дурынічы ды інш. За службу айчыне Шымон быў узнагароджаны вышэйшымі
ўзнагародамі Рэчы Паспалітай — ордэнамі Белага Арла і Св. Станіслава. Бабруйскаму шляхціцу было прысвоена званне брыгадзіра кавалерыі нарадовай (войска Польскага каралеўства), а таксама
генерал-лейтэнанта войскаў Вялікага княства Літоўскага. Жонкай Шымона Забэла была Барбара з Завішаў.
Канец XVIII стагоддзя стаў вырашальным часам для Рэчы Паспалітай.
3 мая 1791 года тут прымаюць першую ў Еўропе Канстытуцыю. У ліку тых хто прысягае на вернасць Канстытуцыі, быў і Шымон Забэла. За гэты ўчынак ён быў ушанаваны падзякай апошняга караля Рэчы Паспалітай
Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Вось вытрымка з тэксту ліста караля, адрасаванага Шымону Забэлу: «Спадар кашталян і генерал-лейтэнант Другой дывізіі войскаў літоўскіх. З вялікім
задавальненнем атрымаў Ваш ліст ад 21 мая 1791 года, пра тое, што Вы ў прысутнасці Галоўнага трыбунала ВКЛ прынеслі прысягу Канстытуцыі нашай. У дакуменце, якім з’яўляецца Канстытуцыя, усё
тое, што ашчаслівіць нашу агульную Радзіму, і Вы паказалі прыклад, як трэба любіць сваю Айчыну. Кароль Станіслаў Аўгуст».
Радавы склеп Забэлаў у Дурынічах пад БабруйскамАднак Рэч Паспалітая дажывала апошнія часы. Хутка беларускія землі ВКЛ увайшлі ў склад Расійскай імперыі. Шымон Забэла памёр у 1824 годзе. Ён пакінуў пасля сябе трох сыноў. Двое з іх — Антоні і Юзэф — атрымалі ў спадчыну маёнткі ў Бабруйскім павеце. Будучы муж Флоры Ласкарыс — Антоні Забэла — нарадзіўся ў 1785 годзе. Атрымаўшы чын капітана войскаў ВКЛ, ён верна служыў Вялікаму княству і Рэчы Паспалітай.
Сумны канец гісторыі кахання
Даведаўшыся пра жаніцьбу сваёй каханай, Адам Міцкевіч з’ехаў у Парыж, а ў красавіку 1834 года ажаніўся на Цэліне Шыманоўскай, дачцэ знакамітай польскай піяністкі і
кампазітара Шыманоўскай-Валоўскай. Шлюб паэта не быў шчаслівым.
Марыя Шыманоўская
У 1834 годзе Флора нарадзіла дачку Антаніну, але праз год памерла і была пахавана побач з маці ў радавым склепе на могілках Росы ў Вільні. Па іроніі лёсу, Антаніна Забэла стала
жонкай свайго далёкага сваяка польскага паэта Юрыя Ласкарыса. «Віленскі бусел», як называлі яго сучаснікі, не набыў славы Адама Міцкевіча. Ён вучыўся ў Віленскім і Пецярбургскім
універсітэтах. Пасля вучобы супрацоўнічаў з шэрагам газет, сярод якіх «Кур’ер Віленскі» і «Тэка Віленская».
Магіла мужа Флоры — Антонія Забэла ў Дурынічах пад Бабруйскам
Пасля няўдалага паўстання 1863 года паэт вымушаны быў з’ехаць з Беларусі ў Парыж. Там ён і сустрэў сваю будучую жонку — Антаніну Забэла. У 1871 сям’я
Ласкарысаў вярнулася на радзіму. Спачатку ў Варшаву, а затым у Бабруйск. У 1888 годзе Юры Ласкарыс памёр у маёнтку Доўбар пад Радашковічамі. Праз некалькі тыдняў пасля смерці мужа памерла і Антаніна
Ласкарыс-Забэла.
Эпілогам гісторыі кахання Адама Міцкевіча і Флоры Ласкарыс была апублікаваная ў 1862 годзе ў «Газеце Польскай» нататка аб тым, што ў архіве памерлай амаль 30
гадоў таму Флоры Ласкарыс-Забэла быў знойдзены невядомы раней твор знакамітага Адама Міцкевіча. Балада пра пана Твардоўскага, польскага Фаўста, перахітрыўшага д’ябла, хутчэй за ўсё, была
падорана аўтарам сваёй каханай. Гэты твор, у нейкім сэнсе, аўтабіяграфічны. Як і пан Твардоўскі, які ўцёк ад д’ябла, Адам Міцкевіч, пазбег рэпрэсій расійскіх улад, з’ехаўшы за мяжу.
Але апынуўшыся там, яму, як і Твардоўскаму, які трапіў на Месяц, было больш не наканавана ўбачыць родную зямлю і... адзіную каханую.