Чалавек, які ўмеў пісаць гімны і троліць уладу

У выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга «Мікола Равенскі». Яе ўкладальнік Лявон Юрэвіч, навуковы рэдактар — Наталля Гардзіенка. Першая (хаця, безумоўна, не адзіная і не галоўная!) вартасць гэтай кнігі у тым, што яна выйшла ў выключна адпаведны момант. Як продкі казалі, дождж у парУ — што золата.

Мікола Равенскі. Лювен, 1952 г

Мікола Равенскі. Лювен, 1952 г

 У аўтараў варта павучыцца майстэрству папулярызаваць дзеячоў беларускай гісторыі і культуры: выдаваць кнігі пра іх акурат у час, калі да гэтых асобаў уздымаецца хваля цікавасці ў грамадcтве. Набярыце ў Гугле беларускай мовай «Мікола» — і першай падказкай сёння выпадзе «Равенскі». А каб нават неафіты беларушчыны адразу ўцямілі, пра каго гаворка, на вокладцы кнігі, фонам да фатаздымку Равенскага, змешчаныя ноты гімну «Магутны Божа». Тут хочаш не хочаш, а возьмеш у рукі і прынамсі пагартаеш.


ravienski_view_01.jpg


Ганна Севярынец, легендарная і знакавая асоба нашай сучаснасці, якая напісала прадмову да гэтага выдання, таксама звяртае ўвагу на асаблівую надзённасць кнігі пра кампазітара, найбольш славуты твор якога сёння можна пачуць кожны дзень, у дзясятках самых розных выкананняў, а да таго ж гаворыць пра найпроставую сувязь паміж перыядамі адраджэння Беларушчыны ў пачатку ХХ ст. і беларускай рэвалюцыяй 2020-га, якая разгортваецца менавіта цяпер, на нашых вачах.
Следам за прадмовай Ганны Севярынец змешчанае яшчэ адно ўступнае слова — з «другога берага» (ва ўсіх сэнсах), і належыць яно Вітаўту Кіпелю, таксама чалавеку-легендзе, які асабіста ведаў і Міколу Равенскага, і тую эпоху, калі нараджаліся ягоныя музычныя шэдэўры. Тэксты Севярынец і Кіпеля пераплятаюцца і дапаўняюць адзін аднаго, утвараючы своеасаблівы «мост» паміж часамі, пакаленнямі і кантынентамі. Па гэтым мосце чытач пашыбуе да сваіх уласных адкрыццяў, якія чакаюць яго ў гэтай кнізе ці не на кожнай старонцы.

ravienski1.jpg


Асноўная частка выдання складаецца з двух раздзелаў: «Ён» і «Пра яго». У першым — аўтабіяграфія («Жыцьцяпіс») Равенскага і напісаныя ім артыкулы ды лісты, у другім, адпаведна, творы пра кампазітара — успаміны, крытыка, некралогі. Усё гэта — інфармацыя з першых рук, бо, за выключэннем Наталлі Гардзіенкі, аўтары тэкстаў, якія пішуць «пра яго», былі знаёмыя з Міколам Равенскім асабіста, і таму гістарычная вартасць змешчаных у кнізе матэрыялаў надзвычай высокая. Да таго ж, кніга багата ілюстраваная — фатаздымкамі, факсімільнымі старонкамі рукапісаў, выявамі афішаў і вокладак музычных зборнікаў і да т.п.


Абвестка пра канцэрт Беларускага студэнцкага хору Міколы Равенскага. 1950 г.

Абвестка пра канцэрт Беларускага студэнцкага хору Міколы Равенскага. 1950 г.

Варта ледзь заглыбіцца ў тэксты, як рэвеляцыі пачынаюць сыпацца як з рогу. Першае адкрыццё — Мікола Равенскі быў ні больш ні менш як музычным вундэркіндам. Яму самому такое вызначэнне, магчыма, нават не прыходзіла ў галаву, але вось якія звесткі пра сябе ён падае ў сваім «Жыцьцяпісе»: «Валодаючы вельмі добра дзяцінным голасам, музычным слыхам і здольнасьцямі, ад пяцёх год сьпяваў у царкоўным хоры, а ў 1895 г. быў прыняты ў Менскі архірэйскі хор на поўнае ўтрыманьне й бясплатную навуку. Там прабыў я да 1903 г., дзе і атрымаў агульную пачатковую музычную асьвету». Пяцігадовы хлопчык, які спявае ў царкоўным хоры нароўні з дарослымі, умее трымаць сваю партыю ў акапэльным літургічным шматгалоссі і здольны вытрымліваць доўгія набажэнствы (што магчыма толькі ў выпадку, калі дзіцё праз край захопленае музыкай і спевамі) — гэта гатовы эпізод для фільму пра кампазітара, які, спадзяюся, будзе неўзабаве зняты кінематаграфістамі новай вольнай Беларусі.

Як высвятляецца, Равенскі, у дадатак да народнай музыкі, у дзяцінстве не менш, а можа і больш часта чуў царкоўную. Менавіта яна ўваходзіла ў ягоныя самыя раннія і самыя моцныя музычныя ўражанні і абумоўлівала далейшыя кампазітарскія пошукі. Можа ў гэтым і ёсць адна з прычын, чаму «Магутны Божа» настолькі прыпаў да сэрца вернікам розных беларускіх канфесій — і праваслаўным, і каталікам, і пратэстантам. Гэты твор гучыць натуральна, як дыханне, і незалежна ад таго, ці будзе ён калісьці абраны афіцыйным гімнам новай Беларусі, ён ужо заслужана стаў найгалоўным беларускім духоўным гімнам.
Але спадчына Міколы Равенскага ў галіне царкоўнай музыкі складаецца, безумоўна, больш чым з аднае кампазіцыі (хаця і аднаго «Магутнага Божа» хапіла б для неўміручай славы). Кампазітар не выпадкова завяршае свой «Жыцьцяпіс» пералікам створаных ім літургічных твораў (пра самае значнае чалавек у сваёй біяграфіі звычайна гаворыць напрыканцы): «Апрача гэтага, на працягу гадоў ствараў царкоўную музыку: два нумары "Иже херувимы", "Благослови душа моя Господа", "Во царствии Твоем", "Милость Мира", "Верую" для хору й солё барытона, "Отче Наш", "Достойно есть", "Хвалите Господа", "Многолетие", екценіі — вялікая, сугубая й прасіцельная — і невялікі канцэрт "Слава в вышних Богу"». Маю вялікі спадзеў, што калі-небудзь і гэтая частка музычнай спадчыны Равенскага загучыць як у беларускіх храмах, так і на філарманічных канцэртах.

Абставіны жыцця кампазітара занадта часта складаліся супраць яго — ягоныя музычныя творы гінулі на пажарах, пры пераездах з краіны ў краіну, назаўсёды знікалі ў кіпцюрах ГПУ... Ён спрабаваў змагацца з лёсам, аднаўляў страчаную музыку па памяці — але часам толькі для таго, каб страціць яе яшчэ раз. Так, аперэта «Залёты» на словы Дуніна-Марцінкевіча, першы варыянт якой быў напісаны ў 1922 годзе і не захаваўся, была ўзноўленая кампазітарам падчас Другой сусветнай вайны, але загінула пры пераездзе ў Нямеччыну. «Такім чынам, і паўторная праца над аперэтай аказалася дарэмнай», — з жалем канстатуе Равенскі ў «Жыцьцяпісе».

Мікола Равенскі і Алесь Карповіч. Лювен, травень 1952 г.

Мікола Равенскі і Алесь Карповіч. Лювен, травень 1952 г.


У допісе Алеся Карповіча «Бэрлінская Баляда» апавядаецца пра яшчэ адно падобнае здарэнне з музычным творам Міколы Равенскага:

«І якраз у гэты час (пры самым канцы Другой сусьветнай вайны. — ВК)кампазытар закончыў новы твор — "Баляду на беларускую тэму для йскрыпкі й фартэп’яну". Мне, як і кожнаму, хто яго чуў, падабаўся гэты твор — цёплая, лірычная мэлёдыя, сардэчнасьць і глыбіня пачуцьцяў гучэлі ў "Балядзе", і мы з Равенскім шмат разоў пераігрывалі яе.

У вадну із студзеньскіх нядзеляў (здаецца, гэта было Вадохрышча) курсанты Батальёну ладзілі сяброўскую вечарыну. Выступаў хор, дэкляматары, паасобныя сьпевакі; атмасфэра была вельмі цёплая й прыемная, і навет пара алярмаў, у часе якіх праграма перарывалася, а выканаўцы з слухачамі адседжваліся ў бамбасховішчах, не маглі абнізіць настрою. На гэтай вечарыне і хацеў Мікола Равенскі ўпершыню выканаць сваю "Баляду". Ён дасканала падрыхтаваў яе, што патрабавала многа высілкаў зь ягонага боку, бо "Баляда" тэхнічна была даволі складаная. Аднак зусім непрадугледжаны выпадак не дазволіў прагучэць гэтаму твору.
Якраз у той момант, калі кампазытар ішоў із скрыпкаю да імправізаванай эстрады, скрыпка высьлізнулася зь ягоных рук, упала на падлогу і пры гэтым так няўдала, што грыф зусім адпаў ад корпусу. Нажаль, дастаць іншую йскрыпку ў гэных умовах было немагчыма, і "Балядa" так і засталася нявыкананай…

Празь нейкі час Равенскі разам з рукапісам ужо падрыхтаванага зборніка беларускіх песьняў аддаў у друкарню й манускрыпт "Баляды". Але пажар у часе аднаго з бамбардаваньняў зьнішчыў разам з друкарняй і зборнік, і гэтую нешчасьлівую "Баляду"…

Пазьней, колькі разоў Мікола Равенскі варочаўся да думкі адтварыць "Баляду" з памяці — чаго яна, безумоўна, была вартая — але заўсёды нейкія іншыя творчыя пляны адсоўвалі яе з "парадку дня". Частка музыкі з "Баляды" была выкарыстаная Равенскім у ягонай "Фантазіі" для йскрыпкі, але жаданьне цалкам адтварыць яе не пакідала кампазытара, і навет у часе нашага апошняга спатканьня ў Лювэне ён гаварыў аб гэтым. Але на гэты раз умяшалася бязьлітасная сьмерць. Бэрлінская "Баляда" Равенскага адгучэла разам зь ягоным жыцьцём…»


skauckajamalitva.jpg


Тым не менш, нават самыя моцныя жыццёвыя перашкоды ніколі не спынялі кампазітара, а трагічны лёс шмат якіх з ягоных твораў не адбіў ахвоту да стварэння новых. Музычная асвета Равенскага, якая пачалася вельмі рана, была перарваная Першай сусветнай вайной, эвакуацыяй, затым неразбярыхай першых гадоў савецкай улады, за якой прыйшоў бальшавісцкі тэрор і гвалт... Але ўвесь гэты час, працуючы на розных пасадах, губляючы сяброў і сваякоў, зазнаўшы на ўласнай скуры ўсе «ласкі» савецкага ладу, Мікола Равенскі марыў пра вышэйшую музычную адукацыю. І мара гэтая збылася, хаця і не так хутка — Равенскі закончыў кансерваторыю, калі меў 34 гады. Кампазітар заставаўся ў выдатнай творчай форме да самой сваёй заўчаснай смерці ад невылечнай хваробы ў 1953 годзе. Варта зазначыць, што і «Магутны Божа» быў створаны Равенскім у паважным веку — яму тады было ўжо 60 гадоў.


 З беларускімі студэнтамі: Уладзімір Цвірка, Мікола Равенскі, Янка Запруднік, Алесь Марговіч. Брусэль, чэрвень 1951 г.

 З беларускімі студэнтамі: Уладзімір Цвірка, Мікола Равенскі, Янка Запруднік, Алесь Марговіч. Брусэль, чэрвень 1951 г.

Артыкулы аўтарства Равенскага, напісаныя ў розныя гады (частка з іх друкавалася ў свой час у розных перыядычных выданнях, іншыя захоўваюцца ў архівах) і рупліва сабраныя ў гэтай кнізе Лявонам Юрэвічам, цікавыя ўсе да аднаго і кожны па-свойму. Тут і каштоўныя звесткі да гісторыі музычнай культуры Беларусі — напрыклад, аб працы над першай беларускай операй «Браніслава» (ці трэба дадаваць, што і яна патрапіла пад бальшавіцкія рэпрэсіі — увесь нотны матэрыял быў канфіскаваны, і яго ніколі не ўдалося цалкам узнавіць) ці пра арышт Уладзіміра Тэраўскага. Тут і арыгінальныя і ўдумлівыя разважанні пра беларускую оперу і беларускую народную музыку. Трэба падкрэсліць, што народная музыка была, нароўні з класічнай і літургічнай, захапленнем і любоўю Равенскага на працягу ўсяго ягонага жыцця. Ён дасканала ведаў і добра разумеў беларускі фальклор, шмат гадоў запісваў народныя песні ад аўтэнтычных выканаўцаў, друкаваў гэтыя песні ў зборніках, рабіў таленавітыя апрацоўкі і часцяком дарыў народным мэлодыям другое жыццё, развіваючы гэтыя музычныя тэмы ў сваіх класічных творах.


На вяселлі праф. Дэніса, старшыні Камітэта дапамогі беларускім студэнтам: Паўлюк Урбан, Янка Запруднік, Уладзімір Набагез, Мікола Равенскі, Леанід Карась, Алесь Марговіч. Чэрвень 1951 г.

На вяселлі праф. Дэніса, старшыні Камітэта дапамогі беларускім студэнтам: Паўлюк Урбан, Янка Запруднік, Уладзімір Набагез, Мікола Равенскі, Леанід Карась, Алесь Марговіч. Чэрвень 1951 г.

Мяне як чалавека, гадоў сорак звязанага з народнай музыкай і фальклорнымі гуртамі, найбольш зацікавіў і ўразіў артыкул Міколы Равенскага «Гарманізаваньне беларускіх народных песень маскоўскімі кампазытарамі», надрукаваны ўпершыню ў часопісе «Узвышша» ў 1928 годзе. Надрукаваная частка артыкула невялікая — няпоўныя пяць старонак — але гэты тэкст з разраду тых, дзе словам цесна, а думкам прасторна. Натуральна, што гэты артыкул ніколі ў жыцці не трапіў бы мне на вочы, каб не сёлетняя кніга Юрэвіча і Гардзіенкі (за што ім асаблівы персанальны дзякуй!).

Было аднолькава нечакана і прыемна сустрэць у Міколы Равенскага думкі, якія шмат у чым перагукаліся з маімі ўласнымі. Напрыклад, што датычыцца вызначэння гармоніі ў народных песнях. Равенскі піша: «Народная песьня аснавана не на раскладзе акорду на яго складальныя тоны, а на гаме, і такім чынам, што з трох тонаў узапар ніколі ня зложыцца акорду. Выключэньні могуць быць, але вельмі рэдка. Усе народныя песьні задуманы без гармоніі, і гармонія да народнай песьні зьяўляецца дадаткам, які робіцца паводле асабістага густу кампазытара». Усё слушна — як толькі фольк пачынае гучаць не ў сваім натуральным асяродку, а са сцэны, кожны кампазітар ці аранжыроўшчык «апранае» яго пад свой густ. І за кошт таго, што любая народная песня ўтрымлівае ў сабе патэнцыйныя магчымасці для найразмаітых аранжыровак, можна сустрэць кампазітарскія апрацоўкі адной і той фальклорнай мелодыі, якія будуць розніцца паміж сабой, як дзень і ноч.
Часам гэта дае магчымасць аранжыроўшчыку вырашаць дадатковыя творчыя задачы або нават ствараць музычныя кур'ёзы. (Напрыклад, ідэя сёлетняга каляднага кліпа гурта «Яваровы людзі» пабудаваная на тым, што адзін з мноства магчымых варыянтаў гарманізацыі папулярнай беларускай калядкі пра казу і ваўка цалкам супадае з гарманічным ходам «Канона» Пахельбеля. Цікава толькі, які працэнт слухачоў зразумее гэты музычны жарт).


А калі ўсур'ёз, дык мне здаецца, што любому кампазітару, які выкарыстоўвае ў сваёй творчасці народныя мелодыі, варта заўсёды — як бы далёка не заносіла яго фантазія — трымаць у галаве вось гэтую ясна выказаную Равенскім думку: «Усе народныя песьні задуманы без гармоніі». Проста памятаць пра гэта, каб не губляць арыентыраў у палёце.

Другая надзвычай важная заўвага Міколы Равенскага датычыць рытму народных песняў. Вельмі часта гэты рытм зменлівы, і калі, запісваючы мелодыю, спрабаваць дапасоўваць да яе адзін з традыцыйных музычных памераў, дык у адным такце можа атрымацца 3/4, у другім 5/4, у трэцім 4/4 і г.д. З гледзішча класічнай музычнай стройнасці рытм такой песні будзе казацца «няправільным». Гаворка тут ідзе пра найбольш старажытныя мелодыі, прызначаныя выключна для спявання, не для танцаў. «Угонка падобнай песьні ў мэтрычныя рамкі, — піша Равенскі, — прыводзіць яе да рытмічнай абмежаванасьці, калечыць яе. Бясспрэчна, у нас ёсьць шмат песень, якія суладжаны ў квадратовым разьмеры, але ўсе гэтыя песьні больш позьняга пахаджэньня».
Сапраўды, і мне часцяком даводзілася бачыць, як пры запісе нотамі народныя песні менавіта вось так калечацца, месцамі сціскаюцца ці расцягваюцца, каб падагнаць іх пад «квадратовы» ці які іншы памер. Дарэчы, падобная адсутнасць просталінейнага рытму ўласцівая не толькі народным мелодыям, але і царкоўнай музыцы, якую Равенскі ведаў і адчуваў вельмі глыбока. І таму ўжо шмат разоў згаданы тут «Магутны Божа» мае такі няпросты і неадназначны рытмічны малюнак. Колькі разоў я чула варыянты выканання, дзе спевакі намагаліся (часам свядома, часам падсвядома) спрасціць ці «выпрастаць» рытм гэтага гімну, зрабіць нейкія часткі «аднолькавай даўжыні», бо як на нашыя вушы, прызвычаеныя да стандартных рытмаў, мелодыю Равенскага часам хочацца як бы «ўдасканаліць».
На маё здзіўленне, такім падыходам грашаць не толькі спевакі-аматары, але і прафесійныя выканаўцы — узяць хоць бы апошні, сапраўды выдатны кліп Іллі Сільчукова, які набраў на юцюбе больш за 260 тысяч праглядаў.


Гімн тут гучыць у аранжыроўцы, якая дастаткова значна змяняе рытм арыгіналу. Бездакорная рэжысура, бліскучы мантаж, цудоўныя выканаўцы, у выніку атрымаўся вельмі натхняльны мастацкі твор — але ўсё ж, хоць ён і называецца «Магутны Божа», гэта не зусім тая музыка, якую напісаў Равенскі.


А вось яшчэ загадка, адказ на якую мне пакуль не ўдалося адшукаць у сеціве. На старонцы 46 у кнізе змешчаная выява рукапісу нотаў да песні «Люблю наш край». Усё нібыта як належыць — словы К. Буйло, музыка М. Равенскага. Але! Гэта настолькі іншая версія песні, настолькі яна адрозніваецца ад той, да якой мы ўсе прызвычаіліся і якую цяпер ведаем пад назвай «Люблю наш край», што гаворка можа ісці як пра радыкальную аранжыроўку, так і пра новы варыянт твору.

«Люблю наш край». Словы К. Буйло, музыка М. Равенскага

«Люблю наш край». Словы К. Буйло, музыка М. Равенскага

Што ж здарылася? Ці кампазітар пазней вярнуўся да гэтай песні і стварыў новую рэдакцыю, практычна перапісаўшы песню нанова? Або хтосьці іншы зрабіў такую аранжыроўку, якая цалкам засланіла сабой першапачатковы твор і заняла ягонае месца? (Дарэчы, змешчаны ў кнізе першапачатковы нотны запіс песні «Люблю наш край» вылучаецца не толькі іншай меладычнай лініяй, але і іншым рытмам — ізноў-жа, не паўсюль такім просталінейным, як у вядомым усім варыянце.) Вельмі цікава было б даведацца пра шлях стварэння менавіта гэтай песні — магчыма, беларускія даследчыкі музыкі здолеюць праліць святло на гэтую амаль дэтэктыўную гісторыю?

ravienski_i_studentykrasavik1951.jpg

На пляцы Гувера перад бібліятэкай і Беларускім студэнцкім домам: Алесь Марговіч, Мікола Равенскі, Мікола Шуст, Вітаўт Кіпель, Тодар Мазура. Лювен, красавік 1951 г.
Кожны з артыкулаў, змешчаных у другім раздзеле кнігі, дадае нейкія новыя рысы да партрэту Міколы Равенскага, і вельмі цікава назіраць, як гэты партрэт пад канец кнігі робіцца ўсё больш і больш аб'ёмным і каляровым. Напрыклад, з дзённікавых запісаў Васіля Шчэцькі, надрукаваных пад назвай «Прафэсар Мікола Равенскі ў Лювэне й Беларускі Студэнцкі Хор (Ансамбль Беларускіх Студэнтаў)», паўстаюць карціны з жыцця апошняга арганізаванага і кіраванага Равенскім вакальнага калектыву — хору беларускіх студэнтаў, якія навучаліся ў Лювэне.

Студэнцкі хор Міколы Равенскага. Лювен, 1952 г.

Студэнцкі хор Міколы Равенскага. Лювен, 1952 г.

Кампазітар пераехаў у гэты горад з Нямеччыны ў чэрвені 1950 году, з верасня студэнцкі хор пачаў рэпетыцыі, а ў снежні ўжо даваў вялікія канцэрты. Усяго за тры месяцы напружаных рэпетыцыяў Равенскі здолеў стварыць з непадрыхтаваных аматараў амаль прафесійны калектыў. Графік выступаў хору быў вельмі шчыльны, а рэпертуар уражваў складанасцю і разнастайнасцю. Рэдка які канцэрт абыходзіўся без выкліку асобных твораў «на біс». Вось якую нататку пакінуў у дзённіку Васіль Шчэцька, апісваючы адзін з канцэртаў у лютым 1952 году:
«10.II.52. Ансамбль даваў канцэрт у College du Sacre Coeur у Бруксэлі. Заля была вельмі дрэнная, але канцэрт удаўся надзвычайна. Людзей была поўная заля, й прыймалі нас із захапленьнем. Тры песьні былі выкліканыя на «біс»: «Ой, вяду бяду», «Бабка» й «Пагоня». Шмат было прыхільнікаў нашага мастацтва. Увесь канцэрт быў накручаны на ленту. Канфэрансье быў а. Робэрт. Ён прымяніў свае здольнасьці, каб паказаць БСЗ як адных з найлепшых у Бэльгіі, а сярод беларусаў як найбольш актыўных на эміграцыі. Перад канцэртам а. Робэрт даў кароткі нарыс, штo такое Беларусь і беларусы. Яго словы былі моцнымі й патрыятычнымі».

Кардынал Тысэран прамаўляе да беларускіх студэнтаў у іх доме ў Лювене. Злева сядзіць Мікола Равенскі. Сакавік 1952 г.

Кардынал Тысэран прамаўляе да беларускіх студэнтаў у іх доме ў Лювене. Злева сядзіць Мікола Равенскі. Сакавік 1952 г.


Да паведамлення пра канцэрт, які адбыўся 15 снежня 1952 году і «выпаў надзвычайна», то-бок, вельмі ўдаўся, ёсць прыпіска адным сказам: «Тут недзе праф. Равенскі занямог». Хваробе таксама хапіла менш за тры месяцы, каб завяршыць сваю разбуральную працу — 9 сакавіка 1953 году жыццёвы шлях таленавітага кампазітара і хормайстра раптоўна абарваўся.

pachoviny4.jpg


pachoviny2.jpg


Аднак не будзем сканчаць артыкул на сумнай ноце. Лепей на развітаньне пазнаёмцеся з адным вельмі забаўным выпадкам з жыцця Равенскага. Гэтую гісторыю апавёў Антон Адамовіч у сваім надзвычай яркім допісе «Лірнік краіны ветлай». Магчыма, гэты эпізод сёння так западае ў памяць таму, што надзіва карэлюе з нашым цяперашнім партызанскім супрацівам. Бо на сучаснай мове тое, што ўтварылі тады Равенскі і Дубоўка, інакш як «тонкім тролінгам» улады і не назавеш. Але час даць слова Антону Адамовічу:
«Наступны раз я спаткаўся з Равенскім ужо ў 1929 г. улетку. Тады ён прыяжджаў на вакацыі да свайго брата, калішняга загадчыка «Беларускага Рабочага Клюбу», што настаўнічаў пад Менскам. Разам зь ім прыяжджаў накаротка й Дубоўка. Супраца паэты й кампазытара тады была дасягнуўшы свайго ўзвышша — Равенскі пісаў опэру, што мелася стацца першай беларускай опэрай наагул — «Браніславу», на лібрэта, напісанае адмыслова для яго Дубоўкам паводля собскае аднайменнае паэмы, кагадзе перад тым апублікаванае поўнасьцяй.
Сэнсацыяй тады сталася, аднак, ня гэтая опэра, яшчэ толькі пачатая, а «Ліпнёвы гімн» Равенскага на словы Дубоўкі, якраз прывезены тады абодвымі з сабою. «Гімн» гэты быў прызначаны да сьвята «вызваленьня Беларусі ад белапалякаў», адзначанага штогоду ў БССР 11 ліпеня. Дубоўкавы словы былі «ідэялягічна вытрыманымі» — зусім неспадзявана для яго тэю парою — знарочыстая «празаізацыя» гэтых словаў, часта ў гэтага паэты прыхватак у падобных выпадках, да тупаватых на такія рэчы партыйных «трымальнікаў ідэялёгіі» не даходзіла. А ўжо ў нотах Равенскага пазнацца на чым-небудзь, нат проста расчытаць іх, было зусім не для іх наагул. Дык «Гімн» быў прыняты імі з радасьцяй, з надзеяй, хоць і неспадзеўнай, на пачатак нейкай «перабудовы» пракуднага паэты ды выданы разам з нотамі адмысловым дадаткам да сьвяточнага нумару аж самой газэты «Зьвязды», гэтай менскай «Праўды» (праўда, тут «падпёр» і «прапхнуў» яго наш хлопец, кагадзе якраз аформлены ў сяброх «Узвышша», крытык Фэлікс Купцэвіч, тады ледзь не заступнік рэдактара, утаямнічаны ў справу Дубоўкам). Адылі, калі «Гімн» быў аддрукаваны й масава распаўсюджаны ізь «Зьвяздою», і так, зь месцаў, дзе спрабавалі выканаць яго, адразу-ж пайшлі «трывожныя сыгналы»: музыка Равенскага, выявілася, ані не перадае спадзяванае радасьці «вызваленьня ад паноў», а як-бы й зусім наадварот — нейкі нечуваны цяжар пачуцьця тых, што праз гэнае «вызваленьне» пачулі сябе як ускочыўшы з агню ды ў прысак… «Гэта ня гімн перамогі, а нейкі стогн, усёдна, як рабоў на будаўніцтве піраміды Хеопса», — пісалі з аднаго месца, як пераказваў Купцэвіч. Было нам тады ці мала сьмеху каля ўдаласьці гэтага «фартэлю» паэты й кампазытара, які мусілі проста перакаўтнуць, не аблізываючыся, ягоныя цэнзары, рэдактары й выдаўцы, бо не выпадала-ж уздымаць нейкі вэрхал, расьпісваючыся тым самым у собскай неабачнасьці й наагул небарачнасьці. Сьмех-жа ў нас тымі часамі ўжо рабіўся ўсё больш і больш рэдкім, а гэты хіба й стаўся зусім рэшнім-апошнім…»
Трошкі далей, у працяг тэмы, Адамовіч згадвае пра сваю размову з Равенскім, якая адбылася неўзабаве пасля апісаных вышэй падзеяў. «Тут я найперш пераказаў яму рэакцыю на «Ліпнёвы гімн», і мы яшчэ раз пасьмяяліся тым сьмехам рэшнім. Асабліва спадабалася яму супастава з Хэопсам. «А ведаеце, — казаў, — мне нат пачынае здавацца, што, калі я перакладаў Уладзікаву ідэю на ноты, перада мною якраз і быў гэты вобраз…Фараоны-ж, праўда-ж, фараоны».

Ранейшы і сучасны выгляд магілы Міколы Равенскага
Жывучы сёння, Мікола Равенскі таксама знайшоў бы і тэмы для новых гераічных гімнаў, і ўжытак для свайго дасканалага музычнага сарказму. Духоўна ён выглядае абсалютна як наш сучаснік і паплечнік — гэты шчуплы і невялікага росту таленавіты музыка, ад постаці якога, паводле словаў таго ж Адамовіча, «навявала ціхой сьціпласьцяй і нейкай асаблівай ветласьцяй».