Жвава, але не ў тэму
Сёлетняе пасланне Аляксандра Рыгоравіча слухалася надзіва весела. Яно было перанасычанае перламі і адыходамі ад паперы. Ён сам казаў — зрабіў так назнарок, каб дэпутаты не засумавалі і не заснулі.
Аляксандр Рыгоравіч падзякаваў найперш старшыні Мінскага аблвыканкаму Сямёну Шапіры. «Шапіра ў сінагоге маліўся — толькі па Мінскай вобласці дождж ідзе. Малайчына!», — адзначыў кіраўнік Беларусі надвор’е, заўважыўшы, што гэта карысна для сельскай гаспадаркі, бо пасадзіць мы ўсё пасадзілі, але зямля сухая і нічога не расце.
Жанчынам у парламенце ён параіў задумацца «да канца дэпутацкага тэрміну», як яны могуць займець трох дзяцей. Таксама ён прайшоўся па святарах, якія таксама павінны мець трох дзяцей. «Святары заклікаюць нараджаць, а я пытаюся, а ў цябе самога дзеці ёсць? Няма, кажуць, святары не могуць мець дзяцей. Ну як не могуць мець дзяцей? Святар, які не мае дзяцей, я падазраю, уціхую дзесці касячыць. Нават не падазраю —я ведаю», — зазначыў Лукашэнка.
«Я з год таму даручаў усіх габрэяў узяць пад кантроль. Аднаго Зісера не могуць нармалізаваць», — паскардзіўся Лукашэнка, тым самым паказаўшы, што ён з’яўляецца актыўным карыстальнікам інтэрнэту, прынамсі, чытае TUT.BY.
«Папкоў (міністр сувязі Сяргей Папкоў — аўт.) павінен выпіваць у дзень келіх чырвонага віна альбо 70 — 100 грамаў гарэлкі. Але ў нас жа калі сто грамаў закінуў — далей ідзе літр», — казаў Лукашэнка пра проблемы алкагалізму. Але ёсць і тыя, хто ста грамаў нават раз на тыдзень не «закідвае»: «Косінец. Каго я прывяду ў прыклад? Канешне, цябе». Рассакрэціў, можна казаць, абстынентнасць Косінца.
Але пасланне — рэч усё ж сур’ёзная. Сам Лукашэнка заўважыў, што ён меў намер абмаляваць задачы на пяцігодку, ці, у скрайнім выпадку «актуалізаваць тыя праблемы, якія мы павінны вырашыць у гэтым годзе».
А вось з гэтым — вялікія праблемы. «Прыярытэтам» Лукашэнка вызначыў, напрыклад, утаймаванне інфляцыі. Адначасова ён прызнаўся, што цэны растуць «ад Кабякова». Падаражэнне ЖКГ, прадуктаў харчавання, энергетыкі — маўляў, не хапае грошай на мадэрнізацыю энергакомплексу, вось яны кошты і павышаюць… «Гэтага быць не павінна!», — заявіў Лукашэнка і зазначыў, што, калі ўжо ўсе кошты ад Кабякова і падкантрольныя, то нішто не перашкаждае іх «замарозіць». Тым больш, што такі досвед ужо ёсць, са снежня мінулага года па сакавік гэтага. Тады, па словах беларускага кіраўніка, можна і заробкі меншыя плаціць, калі цэны стаяць…
Ужо неаднаразова казалася, што замарожванне цэнаў прывяло, па-першае, да дэфіцыту некаторых прадуктаў, па-другое, да стагнацыі вытворчасці і бізнэс-актыўнасці, і, па-трэцяе, зусім не спыніла інфляцыю. З пачатку 2015 года і да 17 лютага, у самы пік «замарозкі», інфляцыя ў краіне скочыла на 3,3% — такія лічбы прыводзіў прэм’ер Кабякоў, прадстаўляючы 25 лютага праграму дзеянняў урада ў парламенце.
Аляксандр Рыгоравіч — выдатны аратар. За жартачкамі, за перламі ён выдатна пераскокваў з аднаго пытання на другое, і адразу — некуды ўбок, так і не патлумачыўшы, як гэтае пытанне вырашаецца. Пачаўшы казаць, напрыклад, пра антыманапольную палітыку ён проста параіў не раздзьмухаць ягоны штат антыманапольнага камітэта. І адразу ж перакінуўся на «імпартазамяшчэнне», — а дакладней, на магчымасць адміністрацыйнай забароны імпарту некаторых тавараў у Беларусь. Маўляў, так Назарбаеў зрабіў, і ўсё нармальна, а тое, што гэта супярэчыць прынцыпам ЕАЭС, то «не трэба маліцца на ікону, якая яшчэ нідзе не вісіць».
Пачаўшы казаць пра дэмаграфічную сітуацыю і мацыярынскі капітал, пытанне якога сапраўды балючае і спрэчнае, Лукашэнка перайшоў да вышэйзгаданых святароў і дэпутатак. За жартачкамі мацярынскі капітал быў пазабыты.
Кажучы пра праблему алкагалізму і наркаманіі, пытанне адкрытай рэкламы алкагольных напояў Лукашэнка перайшоў да зноўку вышэйзгаданых Папкова і Кабякова, аднак заявіўшы, што павышаць узроставы цэнз для тых, хто набывае алкаголь, лічыць немэтазгодным — бо «зноўдуцца добразычліўцы, якія купяць». Лячыць жа алкаголікаў, як і ў савецкія часы, Лукашэнка параіў працай. Узнятае ім самім пытанне рэкламы алкаголю патанула ў гэтых жартачках.
Адукацыю Аляксандр Рыгоравіч ператварыў у праблему дзіцячых садкоў і аптымізацыю праграмаў вну, мімаходзь адзначыўшы, што на яе, адукацыю, з бюлджэта выдзяляюцца шалёныя грошы. Шалёныя грошы — гэта 43 трлн рублёў у гэтым годзе, альбо 5% ад ВУП, тады як ў Еўропе нормай лічыцца лічба ўдвая большая.
Наконт медыцыны — у нас увогуле ўсё акэй. Наш правадыр узгадаў гісторыю трохгадовай даўніны, калі ў Беларусі прааперавалі былога кіраўніка ізраільскага МАСАДУ, «за што ніводная краіна не бралася». Праўда, зазначыў ён пры гэтым, што той «ужо 10 год жыве» пасля аперацыі. Ці «чалвеку ўсе вантробы выцягнулі, новыя ўставілі, і чалавек жыве — слава табе, Госпадзі!»
Відавочна, Аляксандр Рыгоравіч не дачакаўся станоўчага адказу на пытанне свайго ўдзелу ў саміце «Усходняга партнёрства» ў Рызе. Таму Езрасаюз атрымаў паганяла «асноўнага эканамічнага партнёра на Захадзе», а Расія для нас па-ранейшаму брат. Праўда, з гэтымі братамі мы згодныя жыць у адным шматпавярховым доме, але ў розных кватэрах, і гэта нармальна. А тыя, хто Лукашэнку крытыкуе — той зайздросціць. «У Расіі ёсць сілы, якія хочуць абмежаваць уплыў Лукашэнкі, беларускай мадэлі на працэсы, якія адбываюцца ў самой Расіі, і пачынаюць нас квасіць», — зазначыў беларускі кіраўнік.
У астатнім былі старыя песні пра галоўнае. Гэта заклікі лепш працаваць, папярэджанні «не прасіце больш грошай», а займіцеся складскімі запасамі, доўгабудамі і дэбіторскай запазычанасцю, заклікі да імпартазамяшчэння і абмежавання імпарту, дыверсіфікацыі і пошуку новых рынкаў збыту, і г.д.. Тое, пра што і Лукашэнка, і ўрадоўцы гаманяць апошнія 10 год, але справа з месца не рухаецца.
Карацей, ад Аляксандра Рыгоравіча мы не пачулі галоўнага. Мы пачулі тое, што ўжо ведаем — з чым у нас праблемы. Але зусім не пачулі ЯК іх вырашаць. Ніякай рэцэптуры дадзена не было.
Мажліва, гэтага не было зроблена таму, што гэтага не ведаюць ні сам Аляксандр Рыгоравіч, ні ўрад, ні ягоныя спецыялісты. Яму патрэбныя «свежыя мазгі». Ніяк інакш немажліва расцаніць ягоныя кампліменты ў бок тых, каго ён называў «адмарозкамі», «адшчапенцамі», і нават у сённяшнім пасланні абазваў «пятай калонай».
«Цягніце ў парламент ўсіх, хто ёсць у Беларусі. Не адмаўляйцеся ад дыскусіі з самымі скрайнімі апазіцыянерамі, нават з «пятай калонай»! Трэба з імі размаўляць, не ўсе яны кепскія, не ўсе яны гідкія. Вазьміце гэтыя прэзідэнцкія выбары, кожны, хто выказаў жаданне вылучацца кажа пра адно — пра адказнасць за краіну, каб яна не пераўтварылася вы самі ведаеце ва што. Стабільнасць, мір, нашая зямля. Нам канфрантацыя непатрэбная, трэба размаўляць з усімі», — заявіў Лукашэнка.
Што гэта, толькі словы? Канешне, словы і справы — розныя рэчы. Але ўжо тое, што Лукашэнка параіў на базе парламенту стварыць перамоўную пляцоўку з апазіцыяй, кажа шмат пра што. Пытанне толькі ў тым, як гэта будзе (і ці будзе) рэалізавана на практыцы.