«Жалезная заслона» — на гады ці на дзесяцігоддзі?
Падобна на тое, што нашым суседзям вельмі хочацца закрыцца і больш не мець з намі ніякіх спраў. Маюць рацыю?
Выраз «жалезная заслона», які характарызуе адносіны Беларусі і Расіі з краінамі Захаду, да гэтага часу быў свайго роду публіцыстычнай метафарай. Але ў апошні час ён стаў элементам рэальнай палітыкі, увайшоў у лексікон палітычных дзеячаў. І за словамі ідуць справы.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў лютым, каментуючы планы закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, заявіў, што «жалезная заслона ўжо ёсць, яна, напэўна, апушчаная ўжо даўно, не маю права выказаць здагадку, на дзесяцігоддзі ці гады».
Прэм'ер-міністарка Латвіі Эвіка Сіліня месяц таму заявіла: краіны Балтыі імкнуцца да таго, каб паміж імі і Расіяй і Беларуссю апусцілася жалезная заслона, піша Валерый Карбалевіч на «Позірку».
У адказ на такую рыторыку дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская заклікала: «Няма неабходнасці будаваць жалезную заслону», паколькі гэта ідзе на шкоду беларускаму грамадству і яго дэмакратычнай будучыні.
Бар'ераў усё больш
Тым не менш працэс разрыву адносінаў, будаўніцтва ўсё новых бар'ераў паміж Захадам, з аднаго боку, і Беларуссю і Расіяй — з другога, набірае абароты. Ён закранае ўсе сферы.
Закручваецца спіраль ваеннай эскалацыі на межах Беларусі. NATO нарошчвае свой патэнцыял у суседніх краінах. У Літве пачала размяшчацца германская матарызаваная брыгада. У снежні мінулага года ў Польшчы былі ўведзеныя ў строй аб'екты амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны. Цяпер NATO праводзіць вялікія вучэнні ў суседніх з Беларуссю краінах. На мяжы ствараюцца ахоўныя збудаванні, памежная тэрыторыя мініруецца.
У Беларусі ў апошнія гады назіраецца мілітарысцкая ліхаманка. Пастаянна праводзяцца вучэнні, праверка боегатоўнасці войскаў, фармуюцца падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны і народнага апалчэння. У краіне размешчана расійская тактычная ядзерная зброя.
Цяпер у пяці раёнах Беларусі пачаліся вучэнні з удзелам вялікай колькасці рэзервістаў. Аляксандр Лукашэнка два разы за кароткі час наведаў заходнюю мяжу і выступіў там з ваяўнічымі заявамі, кшталту такога, напрыклад: «Мы рыхтуемся да вайны, я кажу пра гэта адкрыта».
Беларускія ўлады не спыняюць атакі супраць суседзяў з дапамогай мігрантаў з паўднёвых краін. З пачатку года краіны Еўрасаюза спынілі больш за сем тысяч спроб незаконнага перамяшчэння праз мяжу з Беларусі. На днях польскія памежнікі спынілі групу з 220 мігрантаў, якія спрабавалі прарвацца з беларускай тэрыторыі.
У дадатак да паветранай блакады працягваецца абмежаванне сухапутных шляхоў зносін паміж Беларуссю і заходнімі суседзямі. Закрыццё шэрагу памежных пераходаў абцяжарвае рух транспартных патокаў. Так, чарга грузавікоў на мяжы Польшчы і Беларусі расцягнулася амаль на 50 кіламетраў.
Беларусь успрымаюць як працяг расійскай тэрыторыі
Апошні, 13-ты пакет санкцый ЕС у дачыненні да Расіі ўвайшоў у дзеянне ў другую гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Яго называюць калі не самым, то адным з самых шырокіх. Новыя абмежаванні, хай і ўскосна, закранаюць Беларусь. З-за гэтага паўсталі цяжкасці з увозам не толькі аўтамабіляў з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра і коштам больш за 50 тысяч еўра, але і шэрагу іншых тавараў.
Суседнія краіны, у прыватнасці Літва, робяць больш жорсткімі правілы знаходжання і легалізацыі грамадзян Беларусі (і Расіі) на сваёй тэрыторыі. Пры гэтым іх улады спасылаюцца на актывізацыю дзейнасці беларускіх спецслужбаў. Урад Літвы прапануе падоўжыць забарону на рэтрансляцыю беларускіх і расійскіх тэлеканалаў.
Важна звярнуць увагу, што ў заходніх сталіцах рэзка змянілася ўспрыманне Беларусі. Нашу краіну не лічаць незалежнай дзяржавай, а разглядаюць як марыянетку, васала Расіі, як працяг расійскай тэрыторыі.
Пры гэтым Лукашэнка сваёй палітыкай усяляк умацоўвае такое ўяўленне, заганяючы краіну ва ўсё большую залежнасць ад Расіі. Напрыклад, на нарадзе аб стане і задачах развіцця прамысловасці 9 красавіка ён праінфармаваў, што больш за 90% беларускай прамысловай прадукцыі ідзе на рынак Расіі і пасольства Беларусі ў РФ, па сутнасці, ператварылася ў другі ўрад.
Калі прыняць да ўвагі тую атмасферу нянавісці, якую транслююць беларускія дзяржаўныя СМІ на адрас суседзяў, то карціна становіцца поўнай.
Мінск і Масква не хочуць вяртацца да нармальнай камунікацыі
Такім чынам, у рэгіёне фармуецца новая геапалітычная рэальнасць. Цывілізацыйнае адзінства, якое фармавалася стагоддзямі, штучна разрываецца па палітычных прычынах. Эканамічныя, сацыяльныя, культурныя сувязі, камунікацыі паміж краінамі і людзьмі сталі ахвярай геапалітычнага супрацьстаяння.
Аглядальнікі параўноўваюць цяперашнюю сітуацыю з часамі «халоднай вайны» паміж дзвюма грамадскімі сістэмамі. Як і тады, ваенна-палітычнае супрацьстаянне суправаджаецца вострай ідэалагічнай барацьбой.
Беларускія ўлады навязваюць грамадству ўяўленне, што еўрапейскія каштоўнасці супярэчаць спрадвечным нацыянальным традыцыям, што нашы ідэйныя саюзнікі па барацьбе з «аднапалярным светам» знаходзяцца ў Кітаі, Афрыцы, на Блізкім Усходзе. У Расіі такія ўстаноўкі працуюць. У Беларусі ж спроба сфармаваць свой нацыяналізм на аснове варожасці да Польшчы выклікае абурэнне.
Сітуацыя складваецца так, што гэтая «жалезная заслона» можа быць разбураная толькі пры ўмове, калі рэжымы Лукашэнкі і Пуціна вычарпаюць свой рэсурс. Бо тая ваяўнічая пастава, у якую цяпер усталі расійскія і беларускія ўлады, не прадугледжвае магчымасці вярнуцца да нармальнай камунікацыі.