Вечны Новы год
Пераход ад «ліхіх дзевяностых» да стабільнасці «нулявых» суправаджаўся мэтанакіраваным забойствам палітыкі, што і прывяло да спынення эканамічнага росту.
Неяк так атрымалася, што я перастаў успрымаць Новы год у якасці свята. Для «жаўрука» дасядзець без справы да апоўначы — дадатковая праблема. Не назіраць жа за эстраднымі скокамі ў тэлевізары. Я тэлевізар шмат гадоў не гляджу, акрамя футбольных матчаў з удзелам «Манчэстар Юнайтэд», дый за імі ўсё часцей сачу праз інтэрнэт.
Але навагоднія звароты галоўнага персанажа маіх «Азбук паліталогіі» — выключэнне. У мяне да іх прафесійная цікавасць. Беларусь — не Амерыка. Замест дэклараванага ў Канстытуцыі прынцыпу падзелу ўладаў (артыкул 6), па факце мы маем уладную «вертыкаль». Таму любое выступленне кіраўніка «вертыкалі», чые паўнамоцтвы ні чым і ні кім не абмежаваныя, дазваляе многае зразумець у бягучай палітыцы.
Важна падкрэсліць, што гаворка ідзе пра разуменне — і не больш за тое, бо любыя публічныя заявы, кім бы ў краіне яны ні рабіліся, на рэальнае жыццё прыкметна не ўплываюць.
Новы год — свята, пазбаўленае ідэалагічнай нагрузкі. Таму навагоднія звароты адзінага палітыка (АП) пачынаюцца з разваг пра самыя лепшыя пачуцці і чаканні, што аб’ядноўваюць родных, сваякоў і сяброў, якія сабраліся за святочнымі сталамі.
Аднак зусім без таго, што па-сапраўднаму набалела, не абыходзіцца. У гэтым годзе да ліку набалелага можна было прадказальна аднесці дзве тэмы: па-першае, развагі пра суверэнітэт і незалежнасць дзяржавы, па-другое, пра мір, які ў чарговы раз удалося захаваць.
Мае чаканні спраўдзіліся. Цытую: «Мы гублялі родных і блізкіх, набывалі новых сяброў, нараджалі і гадавалі дзяцей. Але галоўнае — мы захавалі мірнае неба для беларусаў і ў вачах нашых дзяцей няма страху і безвыходнасці ад вайны».
«Але асаблівую цеплыню сваіх слоў я накіроўваю вам, працаўнікам палёў і заводаў, нашай інтэлігенцыі, абаронцам Айчыны, старэйшаму пакаленню і старым. Усім, хто стварыў на дабрадатнай беларускай зямлі першую суверэнную і незалежную дзяржаву, працягвае тварыць яе сучаснасць. Мы павінны ўмацаваць сваю дзяржаўнасць на прынцыпах сумленнасці і справядлівасці і менавіта такой захаваць краіну для дзяцей і ўнукаў».
Донар стабільнасці
Займеннік «мы» ў першай цытаце згадваецца двойчы. Але гэта не тоесныя «мы». Звярніце ўвагу на другi сказ: «мы захавалі мірнае неба для беларусаў ...». Гэта значыць, не самі беларусы дамагліся такога выбітнага выніку, а «мы» для беларусаў.
Што ж, калі беларусы ў гэтай справе ўдзелу не прымалі, і мірнае неба — вынік дзейнасці абмежаванай групы асоб, зашыфраванай пад займеннікам першай асобы множнага ліку «мы», дык такое дасягненне тым больш можа прэтэндаваць на званне галоўнага дасягнення года. Вось толькі пра чыіх дзяцей ідзе гаворка? Колькі я ні перачытваў цытату, зразумець так і не змог. Але чые б яны ні былі, я за дзяцей шчыра рады.
Беларусь, калі хто забыўся, прызнаецца краінамі Еўропы ў якасці донара стабільнасці і бяспекі. Прынамсі, міністр замежных спраў Уладзімір Макей у гэтым упэўнены. Донару стабільнасці важна не апынуцца ў ролі шаўца без ботаў. Але, калі меркаваць па адсутнасці страху і безвыходнасці ад вайны ў вачах нашых дзяцей, і ў мінулым годзе Беларусі ўдалося выканаць свае донарскія абавязальніцтвы ў поўным аб’ёме.
Магчыма, з апошняй высновай я паспяшаўся, і дзякаваць за гэта варта не Беларусі і беларусам, а ўсё той жа групе асоб, якія хаваюцца пад займеннікам «мы». Але ці так ужо гэта істотна?
Пяройдзем да аналізу другой цытаты. У поўнай адпаведнасці з савецкім бэкграўндам АП, спіс тых, «хто стварыў на дабрадатнай беларускай зямлі першую суверэнную і незалежную дзяржаву», адкрываюць працаўнікі палёў. Далей ідуць працаўнікі заводаў і наша інтэлігенцыя.
Класічная савецкая трыяда: два класы (рабочыя і сяляне) і паміж імі інтэлігенцыя ў выглядзе праслойкі. На клас яна не цягнула. «Таму, — згодна са справядлівай заўвагай Леніна, — у ёй усё бессістэмна: на кілаграм прыстойных людзей даводзіцца дэкалітр усялякай брыдоты». Ці захаваліся такія суадносіны да нашых дзён — я казаць не бяруся, але ўвесь мой жыццёвы вопыт падказвае, што на істотны зрух на карысць павелічэння колькасці прыстойных людзей разлічваць не даводзіцца.
Любоў да працаўнікоў палёў перадалася АП з малаком маці. І не бяда, што ўклад сельскай гаспадаркі ў ВУП складае сёння каля 7%. Не ў працэнтах справа. Справа ў менталітэце, які быў і застаецца пераважна сялянскім.
Бліжэй да канца спісу размясціліся абаронцы Айчыны. Прычыну, паводле якой яны згаданыя, мяркую, не трэба тлумачыць. А што да старэйшага пакалення і старых — куды ж без іх напярэдадні чарговай электаральнай «вакханаліі»? Гэта яны, як неаднаразова адзначалі незалежныя сацыёлагі, стварылі і працягваюць ствараць дзяржаўнасць, якая абапіраецца не на права, а на сумленнасць і прыстойнасць. Такую вось архаічную дзяржаўнасць!
Чым небяспечная буржуазія
Чарговым разам у спіс творцаў беларускай дзяржаўнасці не патрапілі прадпрымальнікі. Падказку, якая раскрывае прычыну парадоксу, можна адшукаць у Маніфесце камуністычнай партыі Маркса і Энгельса (1848 года): «Буржуазія адыграла ў гісторыі надзвычай рэвалюцыйную ролю. Буржуазія, паўсюль, дзе яна дасягнула панавання, разбурыла ўсе феадальныя, патрыярхальныя, ідылічныя адносіны. Бязлітасна разарвала яна стракатыя феадальныя путы, якія звязвалі чалавека з яго «натуральным уладаром», і не пакінула паміж людзьмі ніякай іншай сувязі, акрамя голага інтарэсу, бессардэчных грошай».
Ліміт рэвалюцый у Беларусі, як гэта неаднаразова тлумачыў нам АП, народ вычарпаў яшчэ ў мінулым стагоддзі. Таму сучасныя буржуа, якія хаваюцца пад маскай прадпрымальнікаў, з іх надзвычай рэвалюцыйнай роляй, уяўляюць смяротную пагрозу для «беларускай мадэлі».
Галоўная задача буржуазных рэвалюцый, як паказвае сусветны досвед, палягае ў ліквідацыі феадальных і патрыярхальных адносін, што служылі бар’ерам на шляху капіталістычнага развіцця. А іншага развіцця да ўтварэння СССР сусвет і не ведаў.
Здавалася б, пасля краху савецкага праекта час прадпрымальнікаў прыйшоў і на 1/6 частцы сушы. У краінах Балтыі так яно і здарылася. І зусім не выпадкова на постсавецкай прасторы толькі Літва, Эстонія і Латвія апярэдзілі ў 2018 годзе Расію па ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці ($ 33446, $ 32588, $ 29101 vs. $ 26527). Але хто, дзе і калі чуў, каб АП выступаў за капіталістычнае развіццё?
У адрозненне ад СССР, прыватная ініцыятыва ў Беларусі ўжо не лічыцца крымінальным злачынствам. Больш за тое, усе поспехі ў эканоміцы (ад рознічнага гандлю да IT) дасягнутыя дзякуючы прыватніку, а не «дзяржаве для народа» ў асобе постсавецкай наменклатуры.
Архаіка на маршы
1990-я гады мінулага стагоддзя, безумоўна, былі «ліхімі», але без гэтай ліхасці не ўпала б «жалезная заслона», не быў бы прыняты Закон аб кааперацыі, які адкрыў шлях для прыватнай ініцыятывы ў эканоміцы. Калі б не 1990-я гады, беларусы і сёння душыліся б у чэргах не па «гумавую» каўбасу, а па хлеб і гнілую бульбу.
Нямецкі эканаміст Вернер Зомбарт увёў у навуку, а аўстрыйскі эканаміст Ёзэф Шумпетэр папулярызаваў паняцце «стваральнае разбурэнне». Працэс стваральнага разбурэння з’яўляецца ключавым для капіталізму. Гэта дзякуючы яму бесперапынна ствараюцца новыя тавары, новыя метады вытворчасці, новыя рынкі і новыя формы індустрыяльнай арганізацыі. І галоўным суб’ектам зменаў выступае, натуральна, прадпрымальнік.
Але для паўнавартаснай праявы сваёй суб’ектнасці прадпрымальнік мае патрэбу ў канкурэнтным асяроддзі. І не толькі ў эканамічнай сферы, але і ў палітычнай. Прычым у другой нават больш, чым у першай, бо падтрыманне канкурэнцыі ў эканоміцы магчымае толькі за кошт канкурэнцыі ў палітыцы.
У Беларусі пераход ад «ліхіх дзевяностых» да стабільнасці «нулявых» суправаджаўся мэтанакіраваным забойствам палітыкі. Палітыка памерла, а разам з ёй спыніўся эканамічны рост, што і пацвярджаецца марнасцю намаганняў урада адшукаць новыя драйверы эканомікі.
Сёння мы назіраем архаіку на маршы, і ўзначальвае гэты марш дзяржава, што мудрагеліста спалучае ў сабе феадальныя і сучасныя элементы. І ўсё ж колькі б сучаснасці ў гэтую дзяржаўную бочку ні дадавалася, і адной лыжкі феадалізму ў выглядзе непадкантрольнай улады хапае для яе нейтралізацыі.
* * *
Феадалізм пакінуў нам у спадчыну формулу «васал майго васала — не мой васал». У Беларусі з яе ўладнай «вертыкаллю» яна не прыжылася, што і зафіксавана ў Канстытуцыі ўзору 1996 года. Аднак, нягледзячы на такі архаічны факт, я дазволю сабе скончыць гэту «Азбуку паліталогіі» фінальным сказам са звароту АП: «З Новым годам, дарагія сябры!»