Вынікі назірання кампаніі назірання “Права выбару” у першы дзень датэрміновага галасавання
У першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў назіральнікі кампаніі “Права выбару” вялі назіранне на 323 выбарчых участках у 103 акругах па ўсёй Беларусі, дзе балатуюцца кандыдаты ад арганізацый-удзельніц кампаніі.
Амаль на траціне гэтых участкаў (105 з 321) зафіксаваныя факты нядопуску назіральнікаў да спісаў выбарцаў. На 129 участках, дзе кампанія «Права выбару» вядзе назіранне, камісіі таксама адмовіліся апячатваць памяшканні, дзе застаюцца на ноч скрыні для галасавання, чым, на нашую думку, парушылі палажэнні артыкула 53 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб забеспячэнні старшынём участковай камісіі захаванасці скрыні для галасавання. На думку каардынатараў кампаніі гэта ўжо сведчыць пра тое, што як сам працэс галасавання, так і будучы падлік галасоў будуць праходзіць непразрыста, ствараючы шматлікія магчымасці для маніпуляцый са спісамі выбарцаў і фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
Усяго 18 сакавіка назіральнікамі кампаніі «Права выбару» было пададзена 50 скаргаў на парушэнне выбарчага заканадаўства (з іх 16 — у Віцебскай вобласці). Напрыклад, на выбарчым участку № 5 Чэхаўскай акругі № 51 па выбарах у Мінскі аблсавет была пададзеная скарга на неналежную арганізацыю памяшкання для правядзення датэрміновага галасавання — яно адбываецца ў фае інтэрнату, праз якое сістэматычна і без перапынку перасоўваюцца пабочныя асобы. У Мінску на ўчастку № 53 Чыгуначнай акругі № 20 па выбарах у Мінгарсавет назіральнік заўважыў і падаў адпаведную скаргу на тое, што падчас перапынку на абед міліцыянт, які мусіць ахоўваць памяшканне, дзе знаходзяцца скрыні, адчыніў яго і запусціў туды пабочных асобаў. На ўчастку № 52 акругі № 4 па выбарах у Мікашэвіцкі гарсавет назіральнік паскардзіўся на тое, што яму адведзена месца, адкуль не відаць скрыні для галасавання. Характэрна, што нават гэтая скарга, як і большасць іншых, была пакінутая ўчастковай камісіяй без разгляду.
Прынамсі на 2-х участках назіральнікі «Права выбару» заўважылі з'явы, якія могуць сведчыць пра прымус студэнтаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні. Так, на ўчастак № 62 Цэнтральнай выбарчай акругі № 37 па выбарах у Магілеўскі аблсавет выхавальнік «стройнымі шэрагамі» прывёў 11 студэнтаў Магілеўскага дзяржуніверсітэта імя А. Куляшова. А на ўчастку № 3 Кіраўскай выбарчай акругі № 45 па выбарах у Віцебскі аблсавет студэнты, відаць, вырашылі «пайсці на рэкорд» — за 2 гадзіны іх прагаласавала на гэтым участку 120 чалавек (!), тады як іншых выбарцаў за ўвесь дзень прыйшло на ўчастак толькі 12.
Па дадзеных назіральнікаў, яўка па акругах, дзе ажыццяўляецца назіранне, склала ад 0,35% да 10,23% (акругай-рэкардсменам стала Інтэрнацыянальная № 12 па выбарах у Хоцімскі райсавет). У тым самым дыяпазоне знаходзяцца і працэнтныя дадзеныя камісіяў. Аднак, у некаторых акругах яны ўсё ж разыходзяцца, і даволі істотна. Асабліва значнае разыходжанне паміж афіцыйнымі дадзенымі і вынікамі назірання зафіксавана на Школьнай акрузе № 28 па выбарах у Бабруйскі гарсавет — там камісіі «налічылі» у два разы больш прагаласаваўшых, чым іх пабачылі назіральнікі! Што датычыцца абсалютных лічбаў па асобных участках, то тут упэўненае «першынство» трымае ўчастак № 69 Ямніцкай выбарчай акругі № 35 па выбарах у Магілеўскі аблсавет — колькасць тых, хто прыйшоў у першы дзень «датэрміноўкі», у камісіі атрымалася аж на 149 чалавек болей, чым у назіральнікаў. Тасама вельмі значныя разыходжанні паміж дадзенымі камісіяў і назіральнікаў былі выяўленыя на наступных участках:
№ 51 Чыгуначнай акругі № 20 па выбарах у Мінскі гарсавет — на 125 чалавек;
№ 18 Ляшчынскай акругі № 23 па выбарах у Гомельскі гарсавет — на 65 чалавек;
№ 20 Чыгуначнай акругі № 30 па выбарах у Магілеўскі аблсавет — на 52 чалавекі;
№ 59 Цэнтральнай акругі № 37 па выбарах у Магілеўскі аблсавет — на 47 чалавек;
№ 27 Лагойскай акругі № 44 па выбарах у Мінскі гарсавет — на 45 чалавек.
Даведка:
Кампанія “Права выбару” праводзіцца на падставе ліпеньскага (2013 г.) пагаднення дэмакратычных сілаў, якое падпісалі арганізацыйны камітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», Партыя БНФ, Рух «За Свабоду», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і арганізацыйны камітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу. Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца актыўная дапамога дэмакратычным кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў па вызначэнні і абароне сапраўднага волевыяўлення грамадзян. Ініцыятыва скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.
Сачыць за падзеямі кампаніі, хадой назірання і фіксаванымі інцыдэнтамі можна на сайце кампаніі pravovybora.by
Прэсавая служба кампаніі “Права выбару”