Вайна Расіі з Украінай, дзень 16. Асноўнае на гэты момант

Вайна, якой давалі максімум тры дні, цягнецца ўжо трэці тыдзень і з кожным днём прыносіць новыя ахвяры сярод вайскоўцаў і мірных украінцаў. Расказваем, што адбылося сёння, 11 сакавіка, па стане на 22:00.

Ваенны каля супрацьтанкавых вожыкаў у цэнтры Кіева. Фота УНІАН

Ваенны каля супрацьтанкавых вожыкаў у цэнтры Кіева. Фота УНІАН

1528 мірных жыхароў Марыўпаля былі забітыя расійскімі акупацыйнымі войскамі, паведамляе мясцовая гарадская рада.

***

Міхаіл Падаляк заявіў, што РФ наймае 16 тысяч былых байцоў ІДІЛ для вайны ва Украіне.

Паводле дарадцы кіраўніка ОП, «наём ІДІЛ і расійскія прапагандысцкія заявы пра хімічную зброю сведчаць аб намеры рэалізаваць ва Украіне сірыйскі сцэнар».

***

РФ плануюць абкружыць Адэсу з боку Мікалаеўскай вобласці і непрызнанага Прыднястроўя, паведамляе мэр Адэсы Труханаў.

***

У Мелітопалі акупанты выкралі мэра горада  Івана Фёдарава.

«Падчас выкрадання яму апранулі пластыкавы пакет на галаву», паведамляе былы народны дэпутат Украіны Антон Герашчанка.

***

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што расійскія акупанты рыхтуюць правакацыю, каб прымусіць Беларусь ваяваць супраць Украіны.

bf129876_1011_43da_a8f4_8323fbe889f6.jpg

Пазней камандаванне Паветраных сіл УСУ паведаміла, што правакацыя адбылася.

У сваю чаргу Мінабароны заявіла, што ракетны ўдар па беларускай вёсцы – фэйк.

65888a25_fd00_4b1e_a456_fb5d2771aecc.jpg

***

Еўракамісія рыхтуе чацвёрты пакет антырасійскіх санкцый, паведамляе старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Таксама яна паабяцала, што ў сярэдзіне траўня Еўракамісія прадставіць план адмовы ад расійскіх газу, нафты і вугалю да 2027 года.

***

Аляксей Навальны з калоніі заклікаў расійцаў выйсці ў гэтыя выходныя на пратэсты супраць уварвання Расіі ва Украіну.

«Вар'яцкага маньяка Пуціна хутчэй за ўсё спыніць зараз народ Расіі, калі выступіць супраць вайны»,  паведамляе ў сваім інстаграме палітык.

***

 Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба паведамляе, што РФ рыхтуе яшчэ адну «жахлівую аперацыю».

«Маніякальная апантанасць, з якой расійскія чыноўнікі фантазіруюць аб неіснуючай біялагічнай або хімічнай зброі альбо пагрозах ва Украіне, выклікае глыбокую трывогу і можа на самой справе ўказваць на тое, што Расія рыхтуе яшчэ адну жудасную аперацыю пад ілжывым сцягам. Гэты твіт для пратакола», – паведамляе Дзмітры Кулеба.

ae5352fb_2cf5_48fc_9710_d9ddd21cd3bd.jpg

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскізаявіў: «Я прэзідэнт адэкватнай краіны і адэкватнага народа. І бацька дваіх дзяцей. Ніякай хімічнай ці любой іншай зброі масавай паразы на маёй зямлі не распрацоўвалі. Увесь свет гэта ведае. І калі Расія зробіць нешта падобнае супраць нас – атрымае жорсткі санкцыйны адказ».

***

Улады Беларусі дазволілі перасоўванне расійскіх ракет па сваёй чыгунцы, паведамляе Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры СНБА Украіны.

У паведамленні таксама адзначаецца, што ўмовы перавозкі не адпавядаюць ніякім правілам бяспекі, што можа выклікаць выбухі са шматлікімі ахвярамі.

***

Мэр Марыўпаля Вадзім Бойчанка запісаў відэазварот пра катастрафічную сітуацыю ў горадзе. Паводле мэра, расійскія войскі абстрэльваюць жылыя масівы і не дазваляюць даставіць гуманітарную дапамогу.

«Яны цынічна трымаюць у палоне 400 тысяч марыўпальцаў, якія з надзеяй кожны дзень чакаюць гуманітарны калідор. А яны цынічна гавораць аб тым, што ён ёсць, «выязджайце!». І мы б'емся, прабіваемся, наторкваемся на міны, на танкі, трапляем пад «Грады». Але гуманітарны груз ужо 6 дзень не можа патрапіць у рэжыме аб'яўленай Расійскай Федэрацыяй «цішыні» да акупаванага горада. Гэта самы высокі ўзровень цынізму з боку Расіі. Яны вядуць знішчальную вайну», – заяўляе кіраўнік горада.

***

Пуцін на нарадзе Савета бяспекі абвесціў пра пачатак адпраўкі «добраахвотнікаў» на вайну супраць Украіны.

«Калі вы бачыце, што ёсць людзі, якія жадаюць на добраахвотнай аснове прыехаць і аказаць дапамогу людзям, якія жывуць на Данбасе, трэба пайсці ім насустрач і дапамагчы перабрацца ў зону баявых дзеянняў», – загадаў Пуцін кіраўніку Мінабароны РФ Шайгу.

***

«Расія не ў стане ўзяць гарады, украінскі супраціў вельмі моцны, таму яна робіць тое, што рабіла ў Сірыі ці Чачні –  бамбіць», – заявіў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жозэп Барэль.

«Руская армія – гэта артылерыйская армія. Таму яна бамбіць без разбору – то шпіталь, то тратуары, то дамы», – адзначыў ён.

Жозэп Барэль таксама падкрэсліў, што ёсць ужо шмат прычын для таго, каб судзіць Уладзіміра Пуціна ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе.

***

Падчас сустрэчы з Пуціным Лукашэнка заявіў, што Украіна «атакавала б Беларусь, калі б не прэвентыўны ўдар з боку Расіі».

***

Пуцін загадаў падрыхтаваць тэракт на Чарнобыльскай АЭС, паведамляе Hromadske са спасылкай на Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны.

Па дадзеных разведчыкаў, расійскія вайскоўцы плануюць стварыць тэхнагенную катастрофу, а адказнасць за яе паспрабуюць ускласці на Украіну, піша выданне.

***

Генпракуратура Расіі запатрабавала заблакаваць у краіне Instagram.

Таксама ведамства запатрабавала прызнаць кампанію Meta (ёй належаць Facebook, Instagram і WhatsApp) экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніць яе дзейнасць у Расіі.