У пошуках ідэальнага беларуса

Паводле аднаго з самых уплывовых тэарэтыкаў менеджменту XX стагоддзя Пітара Друкера, у Заходняй Еўропе з часоў станаўлення хрысціянства дамінавалі чатыры погляды на ідэал чалавека. У Сярэднявеччы такім ідэалам быў вернік, у эпоху Рэнесансу — інтэлектуал.

sjarzhant_1_logo.gif

З узнікненнем капіталізму ўяўленне пра ідэал сталі звязваць з дзелавым чалавекам, а ў таталітарных дзяржавах (фашысцкая Італія, нацысцкая Германія) — з чалавекам гераічным.

Апошні тып быў не чужы і будаўнікам камунізму. Вобразы герояў пачыналі атачаць савецкага чалавека з ранняга дзяцінства. Наконт дашкольных устаноў не ўпэўнены, але нельга ўявіць сабе савецкую школу без партрэтаў піянераў-герояў.

Партрэты герояў добра спалучаліся з пустымі паліцамі ў крамах. Якая паміж імі сувязь? Самая наўпроставая. Будаўніцтва камунізму ажыццяўлялася ў атачэнні ворагаў краіны — знешніх і ўнутраных. Дакладна палічыць, зразумела, немагчыма, але армія і ваенна-прамысловы комплекс паглыналі да 50% ВУП краіны Саветаў. Пры вырашэнні дылемы «гарматы або алей» камуністы заўсёды рабілі выбар на карысць гармат.

Аднак усе гэтыя выдаткі аказаліся марнымі. СССР разбурылі не ракеты і танкавыя калоны NАТО, а заходні лад жыцця. Дакладней, жаданне савецкіх людзей спажываць паводле заходніх стандартаў. У лідарах спажывання выявіліся не фарцоўшчыкі ды стылягі, а ўладальнікі пропускаў у спецразмеркавальнікі. Яны і ўзялі на сябе ролю крата гісторыі, які рабіў падкопы павольна, але мэтанакіравана — руйнаваў савецкую сістэму знутры.


Школа Актыўнага Грамадзяніна

А які тып чалавека запатрабаваны сёння «беларускай мадэллю», што плаўна і незаўважна пераходзіць у дыктатуру «з сатырычным адценнем»? Калі мне памяць не здраджвае, такога кшталту пераход — не першы ў гісторыі. Як тут ні прыгадаць дыялог з фільма «Печкі-лавачкі»: « — З вёскі? — Угу. — Як там, у вёсцы? Па-мойму, весялей стала. Людзі весялей глядзяць. — Што вы! Іншы раз не ведаеш, куды падзецца ад весялосці. Вось як цэлая вуліца пачне рагатаць, ратунку няма. Пажарнымі машынамі паліваюць».

Гісторыя, як вядома, паўтараецца двойчы: першы раз як трагедыя, другі — як фарс. Фільм «Печкі-лавачкі» Васіль Шукшын зняў у 1972 годзе. Жыхары вёскі, якія рагаталі, — яны ж другое пакаленне калгаснікаў, дзеці тых, каму пашчасціла выжыць у часы калектывізацыі. Дык чаму б ім з самай раніцы і не парагатаць.

Мабыць, найбольш поўна сатырычнае адценне беларускай дыктатуры выявілася ў вядомым маналогу кабеты з мінскай гімназіі № 31. Сімвалічна, што з’яўленне маналогу ў сеціве супала з выступам адзінага палітыка (АП) на сустрэчы з актывам БРСМ, прымеркаванай да 100-годдзя ВЛКСМ.

У гімназіі маецца свой сайт у інтэрнэце. Без сатырычнага адцення, натуральна, і тут не абышлося. Чаго толькі варты праект «ШАГ — Школа Актыўнага Грамадзяніна». Адзін клік і... далей цытата: «Ключавая ідэя праекта «ШАГ» — стварыць пляцоўку для актыўнага дыялогу моладзі з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, навукоўцамі, пісьменнікамі, журналістамі, артыстамі. Гэта дасць магчымасць сфарміраваць у маладых людзей крытычнае мысленне, аналітычныя здольнасці, камунікатыўныя навыкі».

Цікава, ці не наша знаёмая адказвае за рэалізацыю праекта ў гімназіі? Чаму б і не? Выпускнікі гімназіі сцвярджаюць, што голас кабеты на відэа падобны да голасу намесніка дырэктара гімназіі па выхаваўчай працы. А каму, як не ёй, «фарміраваць у маладых людзей крытычнае мысленне».

Але каб не быць галаслоўным, прывяду цытату з гістарычнага відэа: «Хочаце вы — не хочаце, забралі гэты білет (білет чальца БРСМ. — НЧ), узялі ў зубы, паклалі дома на палічку і сядзіце, заткніцеся! Усё! Я ўжо з вамі як з дарослымі людзьмі размаўляю. Антысаветчына нейкая, антыбеларушчына нейкая. Вы не падтрымліваеце палітыку прэзідэнта нашага?»


У адным флаконе

Відаць, не падтрымліваюць. А чаму яны павінны такую палітыку падтрымліваць? Цікава, калі гэта энергічная жанчына апошні раз перачытвала Канстытуцыю? Як сказаў бы АП: «Пытанне рытарычнае».

Аднак якім чынам спалучаюцца паміж сабой крытычнае мысленне і загад сесці і заткнуцца? Лёгка і проста. Гэтак жа, як абвешчаны ў беларускай Канстытуцыі прынцып падзелу ўладаў (артыкул 6) спалучаецца з рэальным іх падзелам.

У сацыялогіі падобныя парадоксы прынята тлумачыць двухдумствам, што я і паспрабую зрабіць з дапамогай кіраўніка аддзела сацыякультурных даследаванняў «Лявада-цэнтра» Аляксея Левінсона: «Яго (двухдумства. — НЧ) класічная форма — гэта калі людзі ў сваім прыватным жыцці кажуць адно, а ў жыцці публічным, якое адначасова ёсць жыццё ў асяродку любога кшталту ўлады, яны кажуць іншае, часта супрацьлеглае».

Тут напрошваецца паралель са сродкамі па догляду за валасамі, якія змяшчаюць у адным флаконе шампунь і бальзам («2 у 1»). Двухдумства — адзін з найбольш дзейсных механізмаў адаптацыі да рэпрэсіўнай дзяржавы, да непадкантрольнай улады. Перачытайце цытату цёткі. Яна патрабуе ад вучняў толькі фармальнага выканання рытуалу. Менавіта ў парушэнні рытуалу, г.зн. у адмове публічна дэманстраваць свой патрыятызм у тым выглядзе, у якім ён тлумачыцца дзяржаўнымі ідэолагамі, і бачыць жанчына антысаветчыну і антыбеларушчыну (немагчыма сабе ўявіць, каб з падобнай прапановай хтосьці звярнуўся да Паўліка Марозава).

Але наколькі цётка эфектыўная ў сваіх намаганнях? Мяркуючы па тым, што 99% сяброўства ў БРСМ яе не задавальняе, свой ідэалагічны хлеб з маслам намеснік дырэктара гімназіі № 31 па выхаваўчай працы ела недарэмна.


Адчуваеце розніцу?

Канцэпцыю чатырох ідэалаў чалавека ў Заходняй Еўропе Пітара Друкера, я запазычыў з кнігі амерыканскага псіхолага Абрахама Маслоу «Матывацыя і асоба». Канцэпцыя была сфармуляваная ў 1939 годзе. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што далей за чалавека гераічнага Друкер прасунуцца не змог.

Што да Маслоу, дык працу над сваёй кнігай ён завяршыў праз 10 гадоў пасля ваеннай паразы фашызму і нацызму. Гэта дазволіла яму прасачыць за фарміраваннем постгераічнага чалавека ў Еўропе. Маслоу назваў яго «натуральнай асобай». «Чалавек павінен быць тым, — тлумачыў псіхолаг, — чым ён можа быць. Людзі павінны захоўваць вернасць сваёй прыродзе. Гэтую патрэбу мы можам назваць самаактуалізацыяй».

Сёння прынята казаць пра самарэалізацыю і самавыяўленне. Вывучэнню ролі сучаснага ідэалу чалавека прысвечаны праект «Сусветнае даследаванне каштоўнасцяў», які стартаваў у 1981 годзе. Даю слова яго кіраўніку, амерыканскаму сацыёлагу Рональду Інглхарту: «Працэс індустрыялізацыі нясе з сабой рацыяналізацыю, секулярызацыю і бюракратызацыю, але ўзнікненне «грамадства ведаў» абарочваецца зменамі іншага парадку, што ідуць у новым напрамку, — павышаецца роля асабістай незалежнасці, самавыяўлення і свабоды выбару. Зацвярджэнне каштоўнасцяў самавыяўлення пераўтворыць мадэрнізацыю ў працэс чалавечага развіцця, фармуючы тым самым гуманістычнае грамадства новага тыпу — у цэнтры яго знаходзіцца чалавек».

Беларусь, калі меркаваць паводле выступаў АП, не выпадае з мэйнстрыму. Але маецца адзін важны нюанс: галоўны архітэктар «беларускай мадэлі» імкнецца казаць не пра «грамадства ведаў», а пра «эканоміку ведаў». Адчуваеце розніцу?

У Інглхарта цэнтральным элементам «грамадства ведаў» з’яўляецца чалавек, у АП — новыя тэхналогіі і абсталяванне. На іх усе надзеі. Нічога асабліва беларускага ў гэтым няма. З моманту свайго ўтварэння Расійская імперыя жыла ў рэжыме мадэрнізацыі, якая даганяе, — сутнасць яе якраз і зводзілася да запазычання на Захадзе тэхналогій і абсталявання. Каб не паглыбляцца ў гісторыю да эпохі Пятра I, прыгадаем сталінскую мадэрнізацыю.

Яна ажыццяўлялася ў адпаведнасці з пяцігадовымі планамі, і толькі ў першую пяцігодку (1928–1932) у краіне было пабудавана больш за 1500 новых прадпрыемстваў. Якой цаной? Цаной двухразовага падзення ўзроўню жыцця насельніцтва. Сродкі канфіскоўваліся праз павелічэнне падаткаў, павышэнне цэнаў і продаж аблігацый. Паводле ўспамінаў маёй маці, пасля пачатку калектывізацыі (1929 год) у наступны раз яна паела ўдосталь толькі праз 18 гадоў — пасля правядзення грашовай рэформы (снежань 1947).

Без працоўнага энтузіязму насельніцтва задачы падобнага маштабу і падобнымі сродкамі было не вырашыць. Давялося тэрмінова заняцца фармаваннем савецкага варыянту чалавека гераічнага (Стаханаў, Крыванос, Ангеліна ды іншыя).

* * *

Ці зможа чалавек, чый светапогляд фармуецца з дапамогай двухдумства, пабудаваць сучасную «эканоміку ведаў»? Станоўчага адказу ў мяне на гэтае пытанне няма. А ў АП? Пытанне рытарычнае.