У чаканні рымейку «гонкі на лафетах»

Гады бяруць сваё. Наступны прэзідэнцкі тэрмін для «нацыянальнага лідара» Расіі з вялікай доляй верагоднасці будзе апошнім. Па той жа прычыне ён стане апошнім і для большасці чальцоў «Палітбюро 2.0», чый сярэдні ўзрост пераваліў за 60 гадоў. Рымейк «гонак на лафетах» больш чым рэальны.

unnamed_284.jpg


На думку галоўнага рэдактара радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксея Венядзіктава, Уладзіміру Пуціну для падаўжэння паўнамоцтваў у 2024 годзе «трэба выклікаць захапленне і шчасце. Ён выклікаў захапленне і шчасце, калі далучыў Крым. І такое захапленне і шчасце азначае аб'яднанне з Беларуссю».
Расія была і застаецца імперыяй — і не таму, што так хтосьці хоча ў Крамлі або ў бункеры, а ў сілу дамінавання носьбітаў імперскай свядомасці ў грамадстве. Любыя дзяржаўныя межы імперскі чалавек разглядае як часовыя. Яны толькі фіксуюць баланс сілаў на сёння. Адсюль паталагічнае жаданне асіміляваць суседзяў. І робіцца тое не дзеля матэрыяльнай выгады. Барані Божа! Акрамя стратаў імперская палітыкі за чатыры стагоддзі нічога Расіі не прыносіла.
Але, як паказалі падзеі на ўсходзе Украіны, выдаткі сілавога далучэння ў XXI стагоддзі аказаліся занадта высокімі, што, аднак, імперскай інтэнцыі не адмяняе. «І таму, — мяркуе Венядзіктаў, — будзем падкрадвацца».
На думку тых, хто прытрымліваецца процілеглага пункту гледжання, перамога засталася за Мінскам, які чарговым разам здолеў забалбатаць працэс інтэграцыі. Дам слова расійскаму журналісту Міхаілу Шаўчуку: «Медыя засяродзіліся ў асноўным на колькасных паказчыках — цэлых 28 праграм, не верабей чхнуў! Аднак на ўзроўні ўрадаў усе гэтыя праграмы ўзгаднілі яшчэ ў пачатку верасня, а іх канкрэтны змест па-ранейшаму дакладна не вядомы, а даступнае кароткае апісанне надзвычай туманнае. Суцэльныя “бакі дамовіліся аб гарманізацыі / сінхранізацыі падыходаў”».
Чарговая гара нарадзіла чарговую мыш? Ці я памыляюся?

«Палітбюро 2.0»

Вось такая яна, беларуска-расійская інтэграцыя. Загадкавая, таямнічая, містычная. Дваццаць гадоў намаганняў, а «канкрэтны змест па-ранейшаму толкам не вядомы».
Аднак не будзем перашкаджаць прафесіяналам працягваць зарабляць на хлеб з тоўстым слоем сметанковага масла. Хутка казка расказваецца, ды не хутка інтэграцыйныя справы робяцца. Таму прапаную спусціцца з інтэграцыйных нябёсаў на зямлю і прыгледзецца да «нашай Расіі», а больш канкрэтна — да тых яе прадстаўнікоў, якіх прынята называць «палітычнай элітай».
Ці фарміруецца расійская эліта з найлепшых (ад французскага élite — абраны, найлепшы)? Дамарослых інтэлектуалаў хваляваць гэтае пытанне не павінна. Прапаную дзейнічаць традыцыйна і да палітычнай эліце адносіць тых, хто надзелены правам прымаць рашэнні.
У Расіі іх — кола вузкае і стабільнае. Патрапіць у яго, як і выпасці, практычна немагчыма.
У склад «Палітбюро 2.0» (тэрмін у навуковы ўжытак уведзены паліттэхнолагам Яўгенам Мінчанкам) уваходзяць калегі Уладзіміра Пуціна па службе ў КДБ, мэрыі Санкт-Пецярбурга і занятках дзюдо.
Які кантраст у параўнанні з Беларуссю! З каманды пераможцаў узору 1994 года адны ўжо няма, а іншыя — далёкія. Віктар Шэйман — выключэнне, якое пацвярджае правіла. Але на першыя ролі ён даўно не прэтэндуе, і тыя, хто разглядае яго ў якасці «шэрага кардынала», хутчэй за ўсё, памыляюцца.
Камусьці такое адрозненне можа здацца неістотным. У рэжыме тут і цяпер, верагодна, так яно і ёсць, аднак прапаную ўзняцца над штодзённасцю і зазірнуць у не вельмі далёкую будучыню.
Гады бяруць сваё. Наступны прэзідэнцкі тэрмін для «нацыянальнага лідара» Расіі з вялікай доляй верагоднасці будзе апошнім. Па той жа прычыне ён стане апошнім і для большасці чальцоў «Палітбюро 2.0», чый сярэдні ўзрост пераваліў за 60 гадоў. Рымейк «гонак на лафетах» больш чым рэальны.
Палітычныя рэжымы ў Беларусі і ў Расіі — персаналісцкія. Адчуваеце розніцу?!
Як гэтая розніца адбіцца на непазбежнай карэкціроўцы курсаў, якая праводзяцца цяпер? Гісторыя падказвае, што ад «нацыянальнага лідара» да яго наступніка рэйтынг аўтаматычна не пераходзіць, чаго не скажаш пра курс — росчыркам пяра яго змяніць няпроста.

Пікі засталіся ў мінулым

Асноўныя крыніцы легітымнасці персаналісцкіх лідараў на сучасным этапе — закручванне гаек унутры і жорсткая канфрантацыя з Захадам.
Значнасць канфрантацыі перадае наступнае выказванне палітолага Аляксандра Габуева: «У Расіі сістэмнае супрацьстаянне з Захадам становіцца адной з найважнейшых міфалогій для кіруючай групоўкі: настолькі важнай, што кіруючую партыю на парламенцкія выбары ў верасні 2021 года вялі міністр абароны Сяргей Шайгу і міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў — жывыя сімвалы супрацьстаяння з ЗША і Еўропай, самыя папулярныя чыноўнікі ў камандзе Уладзіміра Пуціна».
Канфлікт з Захадам не варта зводзіць да геапалітычнай барацьбы Масквы супраць дыктату Вашынгтона. Прапаганда падае яго як каштоўнаснае супрацьстаянне, у якім здаровыя каштоўнасці супрацьстаяць тым, што выраджаюцца.
Але якая дынаміка грамадскага попыту на гэтакі курс у Расіі, якім ён будзе на момант транзіту ўлады? Пытанне гамлетаўскага маштабу.
Паводле даследаванняў Лявада-цэнтра, у масавай грамадскай думцы стаўленне да Захаду за апошнія 30 гадоў неаднаразова мянялася. Ад захаплення ў канцы 1990-х гадоў да адкрытай варожасці як рэакцыі на незадаволенасць вынікамі рэформаў. 2014 год з яго «Крымнашам» падняў перакананасць у тым, што «Расія абкружаная ворагамі», да пікавых значэнняў.
Але пікі засталіся ў мінулым. Надоўга ці не — іншае пытанне. Ківач антызаходніх настрояў пачынае рух у адваротны бок. Падмацую гэта цытатай з артыкула сацыёлага Льва Гудкова «Ад “утопіі Захаду” да рэакцыйнай утопіі: антызаходні рэсентымент у пуцінскай Расіі»: «Большая частка расійскага насельніцтва чакае, што цяперашняя напружанасць у адносінах паміж Захадам і Расіяй — справа часовая. У апошнія гады падазронасць у дачыненні да Захаду саслабела, і, наадварот, расло жаданне нармалізацыі стасункаў з заходнімі краінамі, што можна з асцярожнасцю расцэньваць як вычарпанне рэсурсаў пуцінскай палітыкі канфрантацыі».
***Ад ўспрымання насельніцтвам «вобразу ворага» ў значнай ступені будзе залежаць вынік транзіту ўлады ў Расіі. На станоўчы зыход працуе час. Працэс змены пакаленняў не спыніць. Ён ідзе ў грамадстве. Не абміне чара гэтая і «Палітбюро 2.0».