Трэці тыдзень вайны Расіі з Украінай. Галоўнае на гэты момант
Ідзе 15 дзень ад наступу расійскіх акупантаў на гарады Украіны. Асноўнае па стане на 10 сакавіка, 23.30 – у нашым матэрыяле.
З Ізюма выехалі 44 эвакуацыйныя аўтобусы, у якіх знаходзіцца каля 2000 чалавек.
***
Сяло Малая Рогань пад Харкавам занялі рускія акупанты.
Пра гэта паведаміў нардэп Дзмітры Мікіша. Паводле яго звестак, у вёсцы няма газу, святла і сувязі. Акупанты заблакіравалі населены пункт і не дазваляюць праехаць гуманітарнай дапамозе.
***
У Херсоне працягваюцца пратэстныя акцыі супраць расійскіх захопнікаў.
***
Вашынгтон вылучыць 50 млрд даляраў на гуманітарную дапамогу ўкраінцам, якія пакутуюць ад расійскай агрэсіі.
Пра гэта падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудай заявіла віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс.
***
Брытанскі акцёр Бенедыкт Камбербэтч зноў падтрымаў народ Украіны ў барацьбе з расійскімі акупантамі.
На сцэну кінафестываля ў Санта-Барбары акцёр выйшаў за ўзнагародай і разгарнуў украінскі сцяг.
***
Другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма звярнуўся да ўкраінцаў на 15-ы дзень вайны.
«Украіна – не Расія. І ніколі не стане Расіяй. Не дачакаюцца. Мы ўжо перамагаем. І гэтага не спыніць. А ў адрас Расіі скажу толькі, што далучаюся да слоў маіх суайчыннікаў, якія ў адзін голас кажуць: будзьце вы праклятыя», – заявіў Кучма.
***
Кіраўнік «Нарнікеля» Уладзімір Патанін выказаўся супраць «нацыяналізацыі» замежных кампаній.
«Гэта верне нас на сто гадоў таму, у 1917 год, і наступствы такога кроку – глабальны недавер да Расіі з боку інвестараў – мы будзем адчуваць шмат дзесяцігоддзяў», – заявіў бізнесмен.
***
Прэзідэнт Францыі Макрон не чакае ў найбліжэйшай будучыні дыпламатычнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне:
«Я павінен быць сумленным і сказаць, што не бачу магчымасці дыпламатычнага ўрэгулявання ў найбліжэйшыя гадзіны ці ў самыя бліжэйшыя дні. Мы паразмаўляем з прэзідэнтам Пуціным у найбліжэйшыя дні. Будзем глядзець, ці ёсць зрухі з абодвух бакоў».
***
Мэр Харкава Ігар Церахаў у эфіры тэлемарафона заявіў, што расійскае войска знішчыла ў горадзе 400 шматпавярховых жылых дамоў.
***
Адрас амбасады Расіі ў Літве перайменавалі на Вуліцу Герояў Украіны, дом 2.
***
Прэзідэнт Францыі Макрон заявіў, што лічыць немагчымым весці перамовы аб уступленні Украіны ў ЕС, пакуль краіна знаходзіцца ў стане вайны.
***
У Расіі забароняць экспартаваць збожжа і цукар у краіны ЕАЭС да 31 жніўня.
***
Міністр замежных спраў Кітая Ван І ўпершыню публічна назваў уварванне Расіі ва Украіну вайной.
***
Францыя вылучыць 100 млн еўра для Украіны і краін, якія прымаюць украінскіх уцекачоў.
***
«Мы павінны разам вярнуць некаторым лідэрам Захада смеласць. Каб яны нарэшце зрабілі тое, што павінны былі зрабіць яшчэ ў першы дзень уварвання», – заявіў прэзідэнт Украіны Зяленскі.
«Альбо закрыць украінскае неба ад расійскіх ракет і бомб. Альбо даць нам баявыя самалёты, каб мы ўсё зрабілі самі. Паўза без рашэння стала ўжо проста забойнай», – падкрэсліў прэзідэнт.
***
ЗША не ўпэўненыя, што пастаўка самалётаў дапаможа Украіне закрыць неба ад самалётаў авіяцыі акупанта.
«Цяпер УПС Украіны маюць некалькі эскадрылляў цалкам баяздольных самалётаў. Па нашых ацэнках, пастаўка самалётаў наўрад ці істотна зменіць эфектыўнасць УПС Украіны ў параўнанні з магчымасцямі Расіі. Таму мы лічым, што выгада ад перадачы гэтых МіГ-29 невялікая», – адзначыў спікер Пентагона Джон Кірбі.
***
У Расіі могуць нацыяналізаваць маёмасць McDonald's, IKEA, Apple, Volkswagen, Microsoft, Toyota і яшчэ больш за 50 заходніх кампаній.
Пра гэта паведамляе газета «Известия» са спасылкай на кіраўніка «Грамадскай ініцыятывы спажывальнікаў» Алега Паўлава.
***
У горадзе Папасная Луганскай вобласці гуманітарная катастрофа.
Людзі не маюць доступу да святла, газу, вады, ежы, медыкаментаў. Праблема дасягнула крытычнай стадыі, паведамляюць мясцовыя.
***
Міністарка гандлю ЗША Джына Раймонда заявіла, што ў санкцый супраць Расіі «няма тэрміна дзеяння».
«Мы ў гэтым надоўга, і нашыя саюзнікі ў гэтым надоўга», – адзначыла Раймонда.
***
Ад пачатку ўварвання Расія выпусціла супраць Украіны 710 ракет.
Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на крыніцу ў Мінабарон ы ЗША.
***
Кангрэс ЗША ўхваліў вылучэнне Украіне больш за $13 мільярдаў дапамогі.
Дапамога Украіне прызначана для падтрымкі Узброеных сіл у барацьбе з расійскімі войскамі і гуманітарнай дапамогі грамадзянам, у тым ліку каля 1,5 мільёнам уцекачоў.
***
У Расіі тыднёвая інфляцыя дасягнула паказчыкаў 1998 года.
***
Пасля бамбардзіроўкі расійскімі самалётамі дзіцячай бальніцы ў Марыўпалі пацярпелі 17 чалавек (дзеці, жанчыны, урачы), трое загінулі, сярод іх адно дзіця – дзяўчынка
Пра гэта паведаміла гарадская рада Марыўпаля.
«Увесь свет павінен ведаць аб злачынстве Расіі супраць чалавецтва, супраць Украіны і супраць марыўпальцаў», – падкрэсліваецца ў паведамленні.
***
Пяскоў заявіў, што Кулеба і Лаўроў падчас сённяшніх перамоваў у Антальі абмеркавалі магчымую будучую сустрэчу прэзідэнта Зяленскага і Пуціна.
***
Кітай адмовіўся пастаўляць запчасткі для самалётаў расійскім авіякампаніям.
***
Перамовы міністраў замежных спраў Украіны і Расіі не прывялі да спынення агню.
«Спыненне агню Расія звязвае з выкананнем патрабаванняў Пуціна ў адрас Украіны. Украіна не здалася і не здасца», – заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітры Кулеба.
***
Расійскія акупанты праводзяць авіябамбардзіроўку жылых кварталаў Марыўпаля.
Бомбы трапляюць у жылыя дамы.
***
Лаўроў пацвердзіў, што Расія свядома бамбіла радзільню ў Марыўпалі.
«Гэта была база ультрарадыкальнага батальёна «Азоў». Гэтыя дадзеныя былі прад'яўлены тры дні таму. Таму рабіце высновы самі», – абгрунтаваў бамбардзіроўку радзільні міністр замежных спраў Расіі.
***
Так выглядае вокладка брытанскага штотыднёўніка The Economist.