Таямнічая выспа ў цэнтры Еўропы
Ёсць у Карыбскім моры выспа Эспаньёла. Прыгожая такая выспа. Дзве траціны яе займае Дамініканская рэспубліка, а траціну — Гаіці. Першая дзяржава — тыповы
лацінаамерыканскі сярэднячок з ВУП у 7020 долараў на кожную сярэднюю дамініканскую душу.
На Гаіці — іншая статыстыка. У найбяднейшай краіне заходняга паўшар’я на сярэднюю душу — усяго1860 «зялёных».
Ёсць у Карыбскім моры выспа Эспаньёла. Прыгожая такая выспа. Дзве траціны яе займае Дамініканская рэспубліка, а траціну — Гаіці. Першая дзяржава — тыповы
лацінаамерыканскі сярэднячок з ВУП у 7020 долараў на кожную сярэднюю дамініканскую душу.
На Гаіці — іншая статыстыка. У найбяднейшай краіне заходняга паўшар’я на сярэднюю душу — усяго1860 «зялёных».
Самуэль Ханцінгтан у сваім бестселеры «Сутыкненне цывілізацый» адносіць Гаіці да краін-адзіночак: «Эліта Гаіці традыцыйна ўхваляе культурныя сувязі гэтай краіны з Францыяй,
дададзім да гэтага выключны духоўны сплаў крэольскай мовы, рэлігіі Вуду, рэвалюцыйныя традыцыі рабоў і крывавае гістарычнае мінулае. «Кожная нацыя унікальная, — заўважыў Сідні Мінц,
— але Гаіці — гэта цалкам адмысловы выпадак». Таму падчас гаіцянскага крызісу 1994 года лацінаамерыканскія краіны не разглядалі Гаіці як праблему Лацінскай Амерыкі і не
гарэлі жаданнем прымаць гаіцянскіх уцекачоў, хоць прымалі кубінскіх».
Дзяржавы-пабрацімы
Але якое дачыненне гаіцянскі «адмысловы выпадак» мае да Беларусі, якая месціцца ў «геаграфічным цэнтры Еўропы»? Ды наўпроставае. Уся справа ў тым, што беларуская
палітычная эліта, як і яе калегі з экзатычнай выспы, не проста адмаўляецца зрабіць цывілізацыйны выбар, але ўмудраецца такой адмовай ганарыцца. Прывяду толькі дзве цытаты, запазычаныя ў галоўнага
ганарліўца краіны: «Мы выбіраем не Усход і Захад ці Усход або Захад — МЫ ВЫБІРАЕМ БЕЛАРУСЬ». «Мы не чыясьці правінцыя, не ўсходняя ўскраіна Еўропы або заходняя
ўскраіна Расіі».
«МЫ ВЫБІРАЕМ ГАІЦІ». Думаю, з такім або прыкладна з такім заклікам рэгулярна звяртаўся да сваіх суайчыннікаў і гаіцянскі дыктатар Дзювалье (мясцовы варыянт бацькі, вядомы ў народзе
як «Тата Док»). На сваіх першых прэзідэнцкіх выбарах ён перамог пад лозунгам змагання з карупцыяй. Наступныя электаральныя перамогі яму забяспечвалі ўзброеныя атрады тантон-макутаў.
Ён быў сапраўдным патрыётам сваёй краіны і пры гэтым эфектыўным менеджэрам: за 14 гадоў свайго кіравання «Тата Док» назбіраў вельмі немалое, нават па заходніх мерках, багацце. І
гэта нягледзячы на бурую зямлю «сваёй» часткі выспы.
Няздольнасць палітычнай эліты той або іншай краіны здзейсніць цывілізацыйны выбар падсілкоўваецца адпаведнымі грамадскімі настроямі (тут справядлівая і адваротная выснова). У беларускім варыянце
такое падсілкоўванне выглядае наступным чынам: 57 працэнтаў суайчыннікаў лічаць, што Беларусі трэба ісці адмысловым шляхам (НІСЭПД, 2006 год). Адмысловы шлях спараджае рамантычны вобраз моста, які
злучае дзве хрысціянскія цывілізацыі. Прыгожа, а галоўнае, выгодна. Яны па нашым мосце туды-сюды ходзяць. Мы з гэтага маем пэўныя эканамічныя дывідэнды.
Нічога новага ва ўсім вышэй сказаным няма. Адмысловы шлях — гэта адзіная ніша, у якой можа сёння існаваць «беларуская эканамічная мадэль развіцця» і яе архітэктар. За
апошнія гады на гэты конт сказана больш чым дастаткова. Дык, здавалася, нашто яшчэ і ў «азбуках паліталогіі» пісаць пра відавочнае? Адказ на гэта пытанне ўтрымліваецца ў чарговым
інтэрв’ю старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоля Ляўковіча, апублікаваным у «СБ» 10 кастрычніка.
Афіцыйны статут спадара Ляўковіча — апазіцыйны палітык, але слова «апазіцыйны» ў нашым выпадку варта разумець не ў традыцыйным сэнсе, а ў трактоўцы знакамітага Уладзіміра
Жырыноўскага: «Мы, вядома, апазіцыя, але мы заўсёды падтрымлівалі кіраўніцтва краіны». Улічваючы, што размова ў нас зайшла пра цывілізацыйны выбар, то будзе дарэчным прывесці
наступнае выказванне Ляўковіча-апазіцыянера: «Мы перакананы: Беларусь у сучасным свеце павінна быць сама сабой, а не ўсходнім ці заходнім рубяжом». Як бачыце, адмысловы шлях ад
апазіцыянера Ляўковіча нічым не адрозніваецца ад адмысловага шляху ад Лукашэнкі. Не дарэмна ж прозвішчы на адну і тую ж літару пачынаюцца.
Мост, які разваліўся
Тое, што рамантыкі называюць мастамі, палітолагі лічаць зонамі лімітрофа (лац. lіmus — мяжа, trophus — сілкавальны), г. зн. тэрыторыямі, на якіх дамінуючыя сацыякультурныя прыкметы
адной цывілізацыі паступова змяняюцца сацыякультурнымі прыкметамі іншай. На думку расійскага даследчыка Ігара Якавенкі: «На лімітрофе фармуецца спецыфічнае светаадчуванне. Ён усведамляе сябе
як адмысловы сусвет, не тоесны цывілізацыйным цэнтрам. Таму, у прыватнасці, насельніцтва лімітрофа дэманструе ідэалагічны падзел з суседнімі цывілізацыямі… Адсюль пазней вырастае
наймагутнейшая міфалогія «трэцяга шляху»… Самасвядомасць лімітрофа — самасвядомасць нятоеснасці «іншага», не роўнага ні Усходу ні
Захаду».
Пра беларускіх вяшчальнікаў такога спецыфічнага светаадчування, прозвішчы якіх пачынаюцца на
літару «Л», я ўжо казаў вышэй. Але, на жаль, гэтым светаадчуваннем характарыстыка зоны лімітрофа не вычэрпваецца. Зноў звярнуся да Ігара Якавенкі: «Прастора лімітрофа
— адстойнікі, этнакультурныя ізаляты, зона дамінавання дадзяржаўных, раннедзяржаўных феноменаў… сюды выціскаюцца і тут дажываюць самыя архаічныя формы сацыяльнасці і культуры з
усяго, што толькі магчыма на прасторах паміж дзвюма лакальнымі цывілізацыямі».
Пагадзіцеся, не вельмі станоўчая характарыстыка атрымліваецца. Я ж думаў, што жыву на мосце, а высветлілася — у адстойніку. Але, з іншага боку, калі паглядзець на суседзяў на поўначы,
захадзе, ды і на поўдні, то цяжка не заўважыць айчынную архаіку. Дзе яшчэ народы адчуваюць такую патрэбу не проста ў яркім кіраўніку, а менавіта ў бацьку? Гэта ж класічны прыклад дадзяржаўнага
мыслення, калі дзяржаву блытаюць з патрыярхальнай сям’ёй!
Адсутнасць агульнанацыянальнага кансенсусу па праблеме цывілізацыйнага выбару на сённяшні дзень з’яўляецца, мабыць, галоўнай перашкодай на шляху развіцця Беларусі. Прынята лічыць, што
выбіраем мы паміж Еўропай і Расіяй. На маю думку, гэта не зусім так. Рэальны выбар ідзе паміж Еўропай і адмысловым шляхам (адстойнікам). Імкненне беларускага кіраўніцтва атрымліваць з Расіі нафту і
газ па льготных цэнах не варта прымаць за адпаведны цывілізацыйны выбар. Як, зрэшты, і жаданне ўлады далучыцца да заходніх грошай і тэхналогій — за змену каштоўнаснай арыентацыі.
Калі хто змяняе арыентацыю, дык гэта апазіцыя. І вяшчальнікам змен выступае спадар на літару «Л». Са сваёй задачай ён спраўляецца бліскуча. Мне запярэчаць, маўляў, канкрэтнае
прыватнае меркаванне я выдаю за меркаванне апазіцыі ў цэлым. Згодны. Пэўнае перабольшанне з майго боку ёсць. Я гэта раблю свядома, таму што ўсё яшчэ спадзяюся на адпаведную рэакцыю таварышаў па
партыі/партыях. Але таварышы марудзяць. Ім не да цывілізацыйнага выбару. У іх на носе прэзідэнцкія выбары.
Бярэмся за рукі, «сябры»
Але вернемся да інтэрв’ю ў «СБ». Вось цытата, з якой не паспрачаешся: «Па вялікім рахунку, за гэты час паўстала краіна. Дасягнута паўнавартасная нацыянальная згода
па пытанню аб незалежнасці». Гэта сапраўды так. Быў адзін вялікі дзяржаўны мех, імя якому — СССР. Мех разваліўся, і каля 300 мільёнаў гарошын высыпаліся з яго. Што адбылося далей? А
далей на ўсёй постсавецкай прасторы (краіны Балтыі не лічым) мясцовыя эліты сталі шпарка майстраваць новыя (нацыянальныя) мяхі, каб насыпаць у іх гарошыны, што раскаціліся. Да цяперашняга часу працэс
гэты ў большасці былых савецкіх рэспублік завершаны.
Завершаны ён і ў Беларусі, што, па меркаванні апазіцыянера Ляўковіча, фактычна азначае канец гісторыі. Працытую: «Улада імкнецца быць прагматычнай і рацыянальнай. Выспявае адказная за ўласны
дабрабыт і за краіну эканамічная, культурная, навуковая і палітычная эліта. У сярэднетэрміновай перспектыве яна сфарміруецца ў моцную нацыянальную эліту і будзе вызначаць будучыню
Беларусі».
Калі хтосьці не зразумеў наконт канца гісторыі — растлумачу. Улада, якая валодае вышэй пералічанымі характарыстыкамі, не мае патрэбы ў палітычных апанентах. Яна прагматычная і рацыянальная,
а галоўнае — адказная па азначэнні. Гэта на Захадзе адказная эліта з’яўляецца прадуктам палітычнай канкурэнцыі. Таму, нягледзячы на ўсе эканамічныя поспехі, палітычнае жыццё там
спыніцца не можа. Але наша эліта, як вядома, фармуецца не праз механізм канкурэнцыі, а шляхам прамога прызначэння першай асобай дзяржавы.
Тут галоўнае — адданасць, а не кампетэнтнасць. А ўжо апазіцыйнасць і наогул не патрэбна. Вось гэту няхітрую думку і спрабуе данесці ўсё яшчэ штатны апазіцыянер Ляўковіч да беларускага
грамадства і сваіх калегаў па Аб’яднаных дэмакратычных сілах. Яго красавіцкі заклік: «Апазіцыя павінна супрацоўнічаць з палітычнай сістэмай, а не ставіць ёй палкі ў колы»,
застаўся без адказу. І вось другая спроба. Гэтым разам на беларускай мове. А раптам таварышы па АДС клюнуць.
І што вы думаеце, клюнулі. Дапамога прыйшла ад сябра АГП, дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Андрэя Клімава. У якасці трыбуны ён таксама абраў «СБ»: «А чаму б нам
усім не спыніць супрацьстаянне? Больш за тое, аб’яднацца і сумеснымі намаганнямі вырашаць праблемы, якія стаяць перад краінай. Як гэта ўжо здаралася, калі грамадзянская вайна скончылася,
прайшлі гады і ўсе сілы народа былі кінутыя на змаганне з нацысцкімі акупантамі. Чаму б нам не аб’яднаць усе сілы, так бы мовіць, у мірных мэтах і не працаваць на гістарычную
перспектыву?» («СБ. Беларусь сёння» ад 29.10.2010. «Курапаты: мір пад соснамі»).
Дазвольце далучыць і мне свой унёсак да прапановы паплечніка па партыі. У 1775 годзе ў Паўночнай Амерыцы пачалася вайна за незалежнасць. Яна вялася пад лозунгам: «Няма падаткаў без
палітычнага прадстаўніцтва». Думаю, былому бізнесмену Клімаву пра гэта вядома. Мы не Паўночная Амерыка. Мы — сучасны адстойнік у цэнтры Еўропы, але з тых часоў мінула 234 гады. Вось
я і прапаноўваю ў якасці першай аб’яднальнай тэмы узяць лозунг амерыканскіх барацьбітоў за незалежнасць, які, як паказала гісторыя, быў вельмі прадуктыўным.
Інакш можа атрымацца, як на Эспаньёле, калі мяжа паміж выспай «Беларусь» і Еўропай будзе бачная нават з ілюмінатараў авіялайнераў, што пралятаюць транзітам.