Святлана Ціханоўская: Мова стала зброяй у барацьбе за будучыню Беларусі

Дэмакратычная лідарка Беларусі ў межах паездкі ў ЗША дала інтэрв'ю выданню «American Purpose». У ім яна расказала пра тое, як ставіцца цяпер да Расіі і якую будучыню бачыць для Беларусі.

Святлана Ціханоўская. Фота: EPA-EFE

Святлана Ціханоўская. Фота: EPA-EFE

— Для таго, каб Беларусь стала дэмакратычнай, Аляксандр Лукашэнка і яго рэжым павінны быць адхілены ад улады. Як гэтага можна дасягнуць?

— Цяпер у нас шмат паралельных працэсаў. Перш за ўсё, мы ствараем мноства кропак ціску на рэжым, каб аслабіць яго. Мы таксама будуем дэмакратычныя інстытуты — такія, як выканаўчая ўлада і протапарламент, так што, калі прыйдзе момант, мы проста возьмем гэтыя структуры і перанясём іх у Беларусь. Мы таксама падтрымліваем Украіну ў яе ваенных намаганнях, таму што лёсы нашых краін ўзаемазвязаны, мы сутыкнуліся з адным ворагам. Слабы Пуцін азначае слабога Лукашэнку. Калі Лукашэнка страціць падтрымку Пуціна, пазбавіцца ад яго будзе лягчэй.

Наша задача — зрабіць рэжым Лукашэнкі слабейшым, а грамадзянскую супольнасць — больш моцнай. Аднаўленне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці таксама вельмі важнае пасля многіх гадоў русіфікацыі Беларусі. Расійская агрэсія звязана не толькі з танкамі, але і з паўзучай культурнай акупацыяй краіны. З гэтай прычыны людзі, якія працягваюць карыстацца беларускай мовай, уяўляюць пагрозу для Лукашэнкі. Мова стала зброяй у барацьбе за будучыню Беларусі. Падзеі 2020 года актывізавалі нас у барацьбе за нашу ідэнтычнасць, і цяпер усё больш і больш людзей вывучаюць беларускую гісторыю і беларускую мову.

Наша задача таксама заключаецца ў тым, каб раскалоць беларускія эліты і паказаць еўрапейскую альтэрнатыву для Беларусі, каб людзі вакол Лукашэнкі ўбачылі, што з ім у Беларусі няма будучыні; мы хочам прымусіць іх двойчы падумаць пра тое, ці падтрымліваць яго або стаць на бок дэмакратычнага працэсу, які дае Беларусі перспектыву новага развіцця. Еўрапейскую будучыню.


Глядзіце таксама

— Каб пераканаць значную частку эліты адмовіцца ад Лукашэнкі, ці разглядаеце вы магчымасць амністыі для некаторых прадстаўнікоў эліт Лукашэнкі, у тым ліку з апарата бяспекі?

— З 2020 года мы накіроўваем пасланне людзям, якія падтрымліваюць рэжым, пра тое, што калі вы здзейснілі сур'ёзныя злачынствы супраць народа Беларусі, калі вы здзейснілі ваенныя злачынствы супраць Украіны, вы пэўна будзеце прыцягнуты да адказнасці перад судом. Тым, хто гэтага не рабіў, могуць дараваць. Але, вядома, народ Беларусі павінен аднавіць справядлівасць у нашай краіне.

— Ці лічыце вы Расію ворагам дэмакратычнай Беларусі?

— У нашы дні — так. Расія не лічыць Беларусь або Украіну па-сапраўднаму незалежнымі. Яны хочуць, каб мы былі іх рэгіёнамі або сатэлітамі. Яны хочуць цалкам падпарадкаваць нас, уцягнуўшы назад у савецкае мінулае. Яны адмаўляюцца дазволіць Беларусі і Украіне самім выбіраць сваю будучыню. Прапагандысты Расіі і рэжыму Лукашэнкі працуюць разам, каб раскалоць наш дэмакратычны рух, марнуючы грошы і людскія рэсурсы, каб перамагчы нас, але пакуль ім гэта не ўдалося.

— Як NATO павінна рэагаваць на пагрозы, якія Расія і рэжым Лукашэнкі ўяўляюць для ўсходняга фланга Альянсу? Што б вы хацелі, каб адбылося?

— Я хацела б пачуць больш выразныя фармулёўкі па гэтым пытанні. Падчас апошняга саміту NATO прагучала паведамленне, што існуе пагроза, якая зыходзіць з Беларусі. Што мы павінны тут зрабіць, дык гэта правесці адрозненне паміж беларускім рэжымам і беларускім народам. Што варта было б сказаць, дык гэта тое, што пагроза зыходзіць ад беларускага рэжыму, які стаў саўдзельнікам вайны і памагатым Пуціна, у адрозненне ад беларускага народа, які хоча быць надзейным партнёрам, які не хоча быць крыніцай пагрозы. Краіны NATO павінны паслаць выразны сігнал аб тым, што расійскія войскі і ядзерная зброя павінны быць выведзены з Беларусі і Расія не можа падрываць суверэнітэт Беларусі.

Калі будуць якія-небудзь перамовы наконт будучай архітэктуры бяспекі нашага рэгіёна, гэтыя патрабаванні павінны быць прад'яўлены Крамлю. Я думаю, што рэакцыя на заяву Пуціна, што ён размесціць ядзерную зброю ў Беларусі, была даволі слабой. З пункту гледжання краін NATO, няма вялікай розніцы, знаходзіцца ядзерная зброя ў Беларусі ці ў Калінінградзе. Але для беларускага народа гэта пагражае нашай незалежнасці і замацоўвае расійскую прысутнасць у нашай краіне на доўгія гады.


Глядзіце таксама

— Ці будзе сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе мэтай вашага будучага ўрада?

— Так. Гістарычна Беларусь належыць Еўропе. Мы трапілі пад уплыў Расіі ўсяго каля ста гадоў таму. Мы павінны вярнуцца ў Еўропу і далучыцца да Еўрапейскага Саюза. У гэтым годзе, падчас нашага «Форуму свабоды», я і іншыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі падпісалі сумесную дэкларацыю аб тым, што еўрапейская будучыня павінна быць адзіным кірункам для Беларусі. Да гэтага можа быць далёка, але цяпер мы павінны рухацца ў гэтым кірунку. Спачатку ўступіць у Савет Еўропы, а затым, крок па кроку, прасоўвацца да Еўрапейскага Саюза.

— А як наконт NATO?

— Гэта больш складанае пытанне, таму што гэта праблема, якая на дадзены момант больш расколвае беларусаў, чым аб'ядноўвае нас. У нашай сітуацыі мы павінны шукаць кропкі, якія аб'ядноўваюць людзей. Сяброўства ў NATO павінна абмяркоўвацца свабодным беларускім грамадствам і парламентам, калі гэта будзе магчыма, але не цяпер.

— Да таго часу, пакуль пытанне пра вайсковыя саюзы не будзе вырашана, як вы плануеце забяспечыць выжыванне будучай дэмакратычнай Беларусі перад тварам расійскай пагрозы, мяркуючы, што Расія застанецца пагрозай дэмакратыі ў рэгіёне?

— Калі беларусы змогуць адкрыта абмяркоўваць уступленне ў NATO, то я не бачу, як Расія зможа па-ранейшаму ўплываць на сітуацыю ў Беларусі і Украіне, таму што гэта пытанні ўзаемазвязаныя. Калі Расія ўсё яшчэ здольная ўплываць на нашы краіны, гэта азначае, што вайна ўсё яшчэ працягваецца і Лукашэнка ўсё яшчэ ва ўладзе. Наша задача — аслабіць Крэмль, таму што слабы Крэмль — гэта слабы Лукашэнка. Урэшце, расійскі народ павінен сам выбіраць, хто будзе ва ўладзе ў яго краіне. Дэмакратычнай супольнасці таксама неабходна паказаць свае зубы і даказаць, што яна здольная абараніць тыя краіны, якія хочуць быць дэмакратычнымі. Такім чынам, на любых перамовах наконт будучыні нашага рэгіёна Расія павінна ўзяць на сябе абавязацельства паважаць суверэнітэт іншых краін.

— Што, калі б вы прыйшлі да ўлады ў Беларусі, тады як рэжым у Расіі заставаўся нязменным і не было магчымасці сур'ёзна пагаварыць з імі? Ці сталі б вы, напрыклад, дамагацца гарантый бяспекі ад сваіх заходніх партнёраў?

— Мы абмяркоўваем гэтае пытанне з 2020 года. Без падтрымкі і гарантый з боку магутных краін мы не зможам шмат чаго зрабіць на месцах, пакуль Пуцін падтрымлівае Лукашэнку. Яшчэ ў 2020 годзе — і ў той час мы гэтага не ведалі — былі важкія прыкметы таго, што, калі б наша рэвалюцыя перамагла, Расія была гатова накіраваць войскі ў Беларусь для абароны Лукашэнкі. Аднак, калі б нашы магутныя партнёры былі гатовы абараніць нас у вайсковых адносінах, гэта стала б чырвонай лініяй для Крамля.


Глядзіце таксама

— Што вы будзеце рабіць, калі рэжым Лукашэнкі ўвяжацца ў гарачую вайну з Украінай?

— Лукашэнка ўжо ўцягнуты ў гэтую вайну. Калі вы кажаце пра беларускае войска, то я не веру, што беларускія салдаты будуць ваяваць з украінцамі. Лукашэнка гэта ведае. Ён бы прымусіў сваю армію ўдзельнічаць, калі б яго армія была яму верная.

— Вы думаеце, ён баіцца нелаяльнасці арміі?

— Вядома. Нашы салдаты хутчэй дэзерціруюць, чым будуць ваяваць з украінцамі, і Лукашэнка гэта ведае. Ён вельмі хітры палітык; мы назіраем некаторыя спробы з яго боку адвязаць сваю лодку ад расійскага карабля. Ён павіншаваў Украіну з Днём незалежнасці, а таксама Малдову. Гэта такі цынізм: вы падалі сваю краіну ў якасці стартавай пляцоўкі для нападу на вашага суседа, а затым віншуеце гэтага суседа з яго незалежнасцю, нават калі на яго падаюць ракеты, запушчаныя з вашай тэрыторыі. Ён спрабуе манеўраваць, але ён страціў усялякі давер і легітымнасць, таму я сумняваюся, што ў яго ёсць улада нават аддаць такі загад. Вакол яго пара тысяч адданых яму вайскоўцаў, яго прыватная служба бяспекі. Можа быць, яны і абароняць яго, але яны не пойдуць ваяваць за яго, асабліва супраць дасведчанага ўкраінскага войска, якое стала нашмат мацнейшым.


Глядзіце таксама

— Як вы думаеце, ці ўдасца Пуціну падштурхнуць Лукашэнку да адкрытай вайны?

— За ўсе гэтыя месяцы мы ні разу не бачылі прыкмет таго, што Пуцін сапраўды спрабуе падштурхнуць Лукашэнку да нечага. Лукашэнка гатовы даказаць сваю лаяльнасць любым спосабам. Калі б яму быў аддадзены загад уступіць у гэтую вайну, ён бы так і зрабіў. Аднак найперш мы павінны разумець, што Лукашэнка ўжо ўцягнуты ў гэтую вайну. Перастаньце думаць, што ён знаходзіцца дзесьці ўбаку. Ён дазволіў запусціць першыя ракеты гэтай вайны з Беларусі. Бучу бамбілі з Беларусі. Першы расійскі наступ быў зроблены з Беларусі. Ён павінен панесці такую ж поўную адказнасць за гэтую вайну, як і Пуцін.