Стагоддзі гісторыі і культуры Эстоніі і ўся нацыя будуць сцёртыя з карты — такі цяпер план NATO па абароне Балтыі
Прэм'ер-міністр Эстоніі заявіла, што цяперашні план NATO па абароне краін Балтыі дапускае іх захоп Расіяй і вызваленне праз 180 дзён. За гэты час Эстонію «сатруць з карты»
Прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас заявіла, што яе краіна будзе «сцёртая з карты» ў выпадку нападу Расіі, калі планы NATO па абароне краін Балтыі застануцца нязменнымі. Аб гэтым піша Financial Times.
Кая Калас лічыць, што план NATO па абароне Эстоніі, Латвіі і Літвы мае на ўвазе, што краіны могуць быць цалкам захопленыя і вызваленыя толькі праз 180 дзён. Прэм'ер-міністр адзначыла, што расійскае ўварванне ва Украіну працягваецца больш за сто дзён і стала прычынай ваенных злачынстваў супраць мірнага насельніцтва — такіх, як забойствы ў Бучы.
"Калі параўнаць памеры Украіны і краін Балтыі, гэта будзе азначаць поўнае знішчэнне краін і нашай культуры. < ... > Калі вы бывалі ў Таліне і ведаеце наш стары горад і стагоддзі гісторыі і культуры, якія ёсць там, — усё гэта будзе сцёрта з карты, уключаючы нашых людзей, нашу нацыю", — заявіла Кая Калас.
Цяпер у кожнай краіне Балтыі пастаянна знаходзяцца каля паўтары тысячы натаўскіх вайскоўцаў, што праходзяць ратацыю. Канцэпцыю абароны, якая прадугледжвае размяшчэнне такіх сіл, па-англійску называюць tripwire («расцяжка» або «пастка»). Яна мяркуе, што праўзыходны па сіле праціўнік будзе ўсведамляць, што напад на гэты кантынгент справакуе адказ (у гэтым выпадку — з боку іншых сіл NATO), і гэта перасцеражэ яго ад атакі. У выпадку ж нападу гэтыя сілы павінны дапамагчы затрымаць прасоўванне агрэсара.
Калас адзначыла, што, на яе думку, падзеі ў Бучы паказваюць, што канцэпцыя "расцяжкі" не працуе. Яна таксама распавяла, што асабіста размаўляла з салдатамі з краін NATO, якія цяпер базуюцца ў Эстоніі, і яны, па яе словах, таксама «не ў захапленні ад ідэі, што павінны памерці» ў выпадку атакі ў рамках цяперашняй канцэпцыі абароны.
Паводле Meduza