Скажы мне, хто твой сябра…
Пакуль улады святкавалі 3 ліпеня, усе астатнія разважалі, наколькі моцная ў нас краіна і што пагражае беларускай незалежнасці. Ужо сама пастаноўка пытання выклікае занепакоенасць. Бо, каб незалежнасці і суверэнітэту не пагражала нічога, і пытання такога б не было, праўда?
Вайсковы парад у Мінску павінен быў прадэманстраваць нашую ваенную моц і магчымасць абараняць Беларусь. У той жа час пасол Беларусі ў Маскве Ігар Петрышэнка даў журналістам разгорнутае інтэрв’ю, якое расцягнулі на цытаты. Па яго меркаванні, прапанова Польшчы размясціць на сваёй тэрыторыі амерыканскую бранятанкавую дывізію не нясе пагрозы для Беларусі, а тэма расійскай ваеннай базы ў Беларусі на сёння не з’яўляецца актуальнай.
«У дачыненні да таго, што вы кажаце па дывізіі ЗША, гэта права суверэннай дзяржавы. Калі Польшча бачыць, што яе бяспека за кошт гэтага ўзрасце, то яна павінна дзейнічаць з улікам сваіх нацыянальных інтарэсаў, але ў той жа час і з улікам прынятых міжнародных прававых абавязкаў. Тэма па расійскай базе сышла, і яна не актуалізавалася», — сказаў Петрышэнка.
У студзені гэтага года шэф Петрышэнкі Уладзімір Макей не выключаў магчымасці стварэння расійскай базы ў якасці адказу на стварэнне амерыканскай базы ў Польшчы. За паўгода сітуацыя змянілася?
Але ёсць іншае пытанне. Мы не будзем згадваць пра тое, як грамадскасць «адбіла» Сінявокую ад расійскай авіяцыйнай базы ў 2015-м (а між іншым, расійскія самалёты ўжо былі ў Баранавічах). Узгадаем толькі, што вельмі хутка заканчваецца дамова на дзве іншыя вайсковыя базы — станцыю сувязі ВМФ РФ у Вілейцы і РЛС пад Ганцавічамі. Як быць з гэтымі аб’ектамі? Пакуль выразна пра іх лёс ніхто не казаў.
Калі з мілітарнага пункту погляду ў нас, нібыта, усё нармальна, то з эканамічнай бяспекай — швах поўны. Усё з-за «падатковага манеўру» ў Расіі ў нафтагазавай сферы. Ён прывядзе да таго, што нашая краіна будзе набываць энерганосьбіты па сусветных коштах. І з гэтым трэба нешта рабіць.
«Вядома, гэта для нас адчувальна. У першую чаргу таму, што, у адпаведнасці з дамоўленасцямі, пры перапрацоўцы нафты экспартныя пошліны застаюцца ў бюджэце Беларусі. Мы ўважліва сочым за сітуацыяй з завяршэннем падатковага манеўру і, безумоўна, рыхтуемся да яго магчымых эканамічных наступстваў», — паведаміў Петрышэнка. Пасол дадаў, што мы не будзем вынаходзіць ровар, і пастараемся «выцягнуць» сітуацыю за кошт якасных нафтапрадуктаў, мадэрнізуючы НПЗ.
Расійскае спецыялізаванае выданне пра нафту «Нефть-Капитал» ужо вынайшла рэцэпт, як гэтага манеўру пазбавіцца. «Нефть-Капитал» піша, што беларуская эканоміка вычарпала ўсе рэсурсы для росту, расійскі падатковы манеўр істотна пагоршыць сітуацыю, і выйсце для Беларусі толькі адно — капітуляцыя перад Расіяй.
Нехта «эксперт» Васіль Калташоў лічыць, што ў Беларусі ёсць толькі адзіны шлях — «у склад Расіі ў натуральным выглядзе, пакуль застаецца магчымасць аб’яднання беларускага капіталізму з расійскім на роўных умовах».
Напэўна, Калташоў не ведае, што ў Беларусі капіталізму няма, а ёсць «сацыяльна арыентаваная дзяржава для народа». Эксперты павінны ведаць такія агульнадаступныя рэчы, а калі не ведаюць — ніякія яны не эксперты. Гэта па-першае. А па-другое, Расіі б самой захавацца да заканчэння гэтага манеўру.
Bank of America Corp. прагназуе, што на сусветным фондавым рынку можа здарыцца паўтарэнне сусветнага крызісу 1997 — 1998 гадоў, паведамляе Bloomberg. Як сцвярджаюць аналітыкі банка, пра гэта сведчыць падобная дынаміка рынкаў. Рынкі, якія развіваюцца, разбураюцца пад ціскам моцнага долара, у той час як акцыі высокатэхналагічных кампаній прасоўваюцца ўверх. «Устойлівы рост у ЗША, згладжванне крывой прыбытковасці аблігацый, якія скарачаюцца на рынках тых краін, што развіваюцца, — усё гэта падобна на рэха падзеяў 20-гадовай даўніны», — цытуе Bloomberg вядучага інвестыцыйнага аналітыка Bank of America Майкла Хартнета. Пра рызыкі новай рэцэсіі раней папярэджваў і Сусветны банк у дакладзе «Глабальныя эканамічныя перспектывы». У канцы траўня, на выступе ў Парыжы, пра будучы крызіс казаў і Джордж Сорас.
Нагадаем, што гэта ў іншых краінах быў крызіс. А ў Расіі быў дэфолт.
Ну і трэцяе, чаго не кажа Калташоў, — гэта як «у склад Расіі ў натуральным выглядзе» выратуе эканоміку Беларусі. Ён малюе розныя «жахі» — што будзе, калі «інтэграцыі» не адбудзецца. Але не кажа, што здарыцца, калі яна пройдзе. Падаецца, на гэты конт у «эксперта» ўвогуле ніякіх уяўленняў няма — абы «далучыць».
І нават не важна, што «дадалучаліся» ўжо: Крым сядзіць без электрычнасці і пітной вады, там «денег нет, но вы держитесь», у Абхазіі National Geographic здымае фільмы пра тое, як будзе выглядаць «планета без чалавека», у Прыднястроўі немаведама што… А цяпер яшчэ і Беларусь хочуць ператварыць у шэсць дэпрэсіўных рэгіёнаў, затое расійскіх! Дзякуй, не трэба.
Да таго ж, у незалежнай Беларусі ёсць іншыя, больш карысныя і шчырыя памагатыя. З 9 па 13 ліпеня ў Беларусі будзе працаваць чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду.
Нягледзячы на тое, што перамовы пра новы крэдыт Сінявокай і МВФ зайшлі ў тупік, і пакуль не збіраюцца адтуль выходзіць, гэтая фінансавая арганізацыя нашую краіну па-за ўвагай не пакідае. І, паводоле меркавання пастаяннага прадстаўніка МВФ у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Баса Бакера, пагаршэнне знешняй кан’юнктуры можа справакаваць новую дэвальвацыю ў Беларусі. Як пазбегнуць такога сцэнару? Кансультацыя для беларускіх уладаў па гэтым пытанні — і ёсць мэта візіту місіі МВФ.
Карацей, у вялікія святы выявілася, што пагрозаў беларускай незалежнасці вельмі і вельмі шмат. У асноўным яны, канешне, эканамічныя, што, дарэчы, ніяк не ўплывае на іх сур’ёзнасць. Але нельга не заўважыць, што гэтыя пагрозы сыходзяць выключна з аднаго боку — з боку нашага «старэйшага брата» і «стратэгічнага партнёра» на Усходзе. З іншых напрамкаў ніякіх небяспекаў не праглядаецца.
А вось нам самім трэба было б надаць вельмі пільную ўвагу такой тэндэнцыі. І грунтоўна падумаць: ці з тымі людзьмі і ці з тымі дзяржавамі мы сябруем?