Сяргей Чалы: Кожная гадзіна супраціву ператварае гэтую вайну ў вайну, якую ў выніку выйграе эканоміка
А беларуская пляцоўка для перамоваў — толькі спосаб пацягнуць час.
Перамовы паміж Расеяй і Украінай — якія прайшлі на
беларускай тэрыторыі, — адзіны шанец для Лукашэнкі не паўдзельнічаць у вайне.
Такое меркаванне выказаў незалежны эканаміст, аналітык Сяргей Чалы.
— Па ўсіх міжнародных вызначэннях Беларусь ужо краіна-агрэсар,
паколькі прадастаўляе тэрыторыю для расійскіх войскаў, адкуль вядзецца наступ
на Кіеў і ідзе абстрэл ракетамі, — цытуе аналітыка «Салідарнасць» са спасылкай на «Эхо Москвы». —
Разлік, відавочна, быў на абяцаныя 3-4 дні — нездарма
Лукашэнка менавіта гэтыя даты называў у многіх сваіх інтэрв'ю, уключаючы
інтэрв'ю Салаўёву. Разлік быў на тое, што, маўляў, няма калі выконваць саюзніцкі
абавязак, у мяне тут рэферэндум. Вось рэферэндум скончыўся, трэба нешта
рабіць — несумненна, менавіта таму робяцца дыпламатычныя намаганні.
Як відаць, перамовы зацягваюцца. Мяркуючы па тым, што казаў
сам Пуцін, нічога, акрамя ганебнага міра, «мінскіх пагадненняў на
максімалках», яго не цікавіць, а ні адзін палітык ва Украіне не здольны на такія
ўмовы пайсці.
Лукашэнка ж цяпер можа рабіць усё, што заўгодна: катацца на
лыжах у Раўбічах, ездзіць у «чырвоную зону» бальніцы, прымаць новую
Канстытуцыю. Гэта крэатыўная пракрасцінацыя, спроба паказаць сваю надзвычайную
занятасць.
Ці працуе яшчэ так старанна выкарыстоўваемы ў мінулым вобраз «брацкіх народаў»? Сяргей Чалы звяртае ўвагу, што размовы аб славянскім адзінстве з рыторыкі афіцыйных асоб і беларускай медыйнай прасторы
зніклі ўжо даволі даўно:
— Як толькі стала ясна, што шлях у Крэмль немагчымы,
маментальна гэты канцэпт быў адкладзены і Лукашэнка маментальна стаў абаронцам
суверэнітэту. Яго стасутнкі з паняццем «Рускі свет» вельмі
амбівалентныя: навошта нас паглынаць, калі ў нас і так ёсць рускі свет, дзе вы
знойдзеце яшчэ краіну, у якой нацыянальная мова развівалася б на шкоду рускай і
т. д.?
І тое, што цяпер «славянства» зноў з'явілася ў
ягоных прамовах, азначае, што ніякай суверэннай інфармацыйнай палітыкі ў
Беларусі няма, гэта цалкам запазычаныя сцежкі з расійскай прапаганды.
Без сумневаў, кажа аналітык, Пуцін «просіць»,
нагадваючы аб саюзніцкім абавязку, і аб удзеле беларускай арміі ва ўварванні,
якое расійская прапаганда працягвае называць «спецыяльнай ваеннай
аперацыяй».
— Лукашэнка з усіх сіл цягне з рашэннем, разлічваючы на тое,
што яму нейкім чынам зноў атрымаецца прайсці паміж струменьчыкамі. Але сітуацыя
мяняецца кожны дзень, — канстатуе Сяргей Чалы немагчымасць прадказаць
«канчаткова магчымую згоду» беларускага кіраўніка. —
У мяне яшчэ няма поўнай упэўненасці, што Расія загразла ў
баявых дзеяннях — калі мы кажам, што з 150 тысяч задзейнічана 100 тысяч, то
рэзерву для ратацыі даволі шмат. Хутчэй за ўсё, Расія вяртаецца ў сваю
традыцыйную вайну недакормленнымі салдатамі-тэрміновікамі і ўдарамі па плошчах. І гэта
далёка не тое, на што быў разлік.
З іншага боку, кожная гадзіна супраціву, меншага прасоўвання войскаў ператварае гэтую вайну ў вайну, якую ў канчатковым
рахунку выйграе эканоміка.
Зараз увесь свет тым ці іншым спосабам гатовы падстаўляць
плячо. Хоць, паўтаруся, я не ўпэўнены, што пералом наступіў, і думаю, страшнае
яшчэ наперадзе.
Узровень санкцый такі, што гэта ўжо паўнавартасная
эканамічная вайна. Не будзе дастаткова гэтых мер, будуць прыдуманыя іншыя. І
нават калі Пуціну ўдасца дамагчыся нейкага пахабнага міра з Украінай, то
краіна будзе адкінутая на дзясяткі гадоў таму, у позні Савецкі Саюз па ўзроўні
эканамічнага і тэхналагічнага развіцця.
Пры гэтым Беларусь, падкрэслівае аналітык, у адрозненне ад
Расеі, яшчэ менш гатовая да эканамічных санкцый:
— Калі ў мінулым годзе сітуацыю ў нейкай меры ратавала знешнеэканамічны цуд і ўсё так-сяк, на соплях, але трымалася, то цяпер «калі ў вас чых, то ў нас грып, калі ў вас грып, то ў нас смерць».