Сямнаццаты дзень ад нападу Расіі на Украіну. Галоўнае на дадзены момант
Марыупаль трывае блакаду, мелітопальцы змагаюцца за выкрадзенага мэра, расіяне зрываюць працу гуманітарных калідораў і рыхтуюць новыя правакацыі. Асноўнае, што адбылося сёння па стане на 12 сакавіка, 23.00.
Акупанты рыхтуюць «рэферэндум» пра стварэнне «Херсонскай народнай рэспублікі».
Пра гэта паведаміў дэпутат Херсонскага аблсавета Сяргей Хлань.
Пазней інфармацыю пра гэта пацвердзіў кіраўнік МЗС Украіны Дзмітры Кулеба.
«Прытрымліваючыся сцэнара 2014 года, расіяне зараз адчайна спрабуюць арганізаваць у Херсоне фіктыўны рэферэндум за фальшывую «народную рэспубліку». Улічваючы нулявую народную падтрымку, ён будзе цалкам інсцэніраваны. Калі яны працягнуць, павінны быць жорсткія санкцыі супраць Расіі. Херсон ёсць і заўсёды будзе Украінай», – заявіў Дзмітры Кулеба.
***
Лідары «Вялікай сямёркі» (ЗША, Канада, Францыя, Германія, Італія, Японія, Брытанія) зрабілі сумесную заяву аб санкцыйным і іншым ціску на РФ.
Згодна з заявай, краінамі G7 будуць прыкладзены намаганні па зніжэнні залежнасці ад энергарэсурсаў з РФ. Таксама працягнецца «кампанія ціску» на эліты РФ, алігархаў, давераных асоб прэзідэнта Пуціна.
***
У выніку начных абстрэлаў Мікалаева ў горадзе параненыя 8 чалавек, разбураныя 11 прыватных дамоў, пашкоджаныя 167 дамоў, шпіталь, 11 навучальных устаноў — мэр горада Аляксандр Сянкевіч.
***
«Горада Ваўнаваха фактычна больш не існуе. Акупанты цалкам разбурылі гарадскую інфраструктуру, а большая частка насельніцтва эвакуяваная», – паведамляе старшыня Данецкай адміністрацыі Павел Кірыленка.
***
Зяленскі ўпершыню агучыў колькасць загінулых украінскіх вайскоўцаў.
«У нас загінулі недзе 1300 вайскоўцаў, а ў Расіі – больш за 12 тысяч. Адзін да дзесяці. Я не радуюся, што ў іх 12 тысяч загінулі», – заявіў прэзідэнт Украіны.
***
Ватыкан не можа «заставацца абыякавым і дазволіць гэтаму хаосу працягвацца», а таму «гатовы да любога пасярэдніцтва» для спынення вайны ва Украіне.
«У нас перад вачыма жудасныя вобразы з Украіны. Ахвяры сярод мірнага насельніцтва, жанчын, старых і безабаронных дзяцей, якія заплацілі сваімі жыццямі за вар'яцтва вайны», – заявіў дзяржсакратар Ватыкана кардынал Пьетра Паралін.
***
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Тайіп
Эрдаган мяркуе, што калі б Расію пакаралі за акупацыю Крыма ў 2014 годзе,
войны супраць Украіны ў 2022-м магло б не быць.
«Недастатковая рэакцыя сусветнай супольнасці на акупацыю Расіяй Крыма ў 2014 годзе прывяла да сённяшняй агрэсіі Расіі супраць Украіны», – заявіў Эрдаган.
***
Акупавана 70% тэрыторыі Луганскай вобласці, паведамляе кіраўнік Луганскай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
«Не бойцеся акупантаў, не верце іх прапагандзе, беражыце сваё жыццё і веру ва Украіну, не ідзіце на службу да ворага, служыце толькі нашым людзям і сваёй краіне, не дапамагайце забойцам, не здраджвайце краіне, верце ў Перамогу!», – заклікаў мясцовых жыхароў Гайдай.
***
Пад абстрэлы ў Мікалаеве патрапіў анкалагічны шпіталь, паведаміў кіраўнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя Максім Безнасенка.
«Калі Расія бачыць у анкалагічных хворых роўнага суперніка, які нясе пагрозу – яна не проста хворая, яна ўжо ў агоніі», – адзначыў Максім Безнасенка.
***
У Пентагоне лічаць, што расійскія войскі істотна рушылі наперад у кірунку Кіева.
«Я б сказаў, што жыхарам Кіева ўжо зараз пагражае немінучая атака», – заявіў прэс-сакратар абароннага ведамства ЗША Джон Кірбі.
***
Расія працягвае катаваць людзей у Марыупалі і не пускаць дапамогу, заявіў Уладзімір Зяленскі.
Паводле прэзідэнта Украіны, сёння расійскія войскі сарвалі працу большасці гуманітарных калідораў. У той жа час атрымалася выратаваць 7144 чалавека – з Энергадара, Бучы, Гастомеля і Казаровічаў.
***
Францыя гатовая прыняць 2500 украінскіх уцекачоў.
Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў краіны Жэральд Дарманен.
***
Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Буданаў паведамляе, што Расія прапрацоўвае два варыянты ядзернага шантажу.
«Мы маем інфармацыю пра распрацоўку двух варыянтаў. Які з іх яны абяруць, залежыць выключна ад іх. Першы – гэта маштабнае падпальванне радыеактыўных лясоў, адразу ўздымецца радыеактыўнае воблака і пойдзе ў напрамку, куды дзьме вецер. Другое – прымяненне артылерыі па ядзерным сховішчы. Вынік будзе той самы. Што ў першым, што ў другім выпадку расійскае кіраўніцтва мае на мэце абвінаваціць менавіта Украіну, і менавіта яе «нацысцкія», «неанацысцкія» фарміраванні, якіх тут насамрэч не існуе», – заявіў Буданаў.
***
Дэпутаты Еўрапарламента звярнуліся да жыхароў Марыупаля са словамі падтрымкі.
«Людзі ў Марыупалі, мы, дэпутаты Еўрапейскага парламента, зараз у Львове. Мы думаем пра вас, мы суперажываем з вамі. Мы адчуваем той боль, які адчувае зараз Марыупаль. Мы можам запэўніць вас у тым, што як сэрцы жыхароў Германіі, так і сэрцы Еўрапейскага саюза з вамі. Нашы думкі і нашы малітвы з вамі. Мы ведаем Марыупаль. Марыупаль выжыве, і вы пераможаце. Пуцін будзе зрынуты. Мы з вамі! Будзьце моцнымі!», – заяўляюць дэпутаты ў звароце.
***
У Мелітопалі прынамсі дзве тысячы мясцовых жыхароў выйшлі да захопленага будынка райдзяржадміністрацыі з патрабаваннем вызваліць мэра горада Івана Фёдарава.
11 сакавіка Іван Фёдараў быў выкрадзены групай з 10 акупантаў.
Пазней стала вядома, што акупанты выкралі каардынатарку мітынга Вольгу Гайсумаву.
***
За 16 дзён вайны ва Украіне загінулі 79 дзяцей і амаль 100 параненыя – Офіс генпракурора Украіны.
***
Кіраўнік Генеральнага штаба УС Беларусі заявіў аб адпраўцы на мяжу з Украінай пяці батальённа-тактычных груп на замену ваенных, якія знаходзяцца там зараз.
У той жа час ён адмаўляе, што гэта частка падрыхтоўкі да ўступлення ў вайну на баку РФ супраць Украіны.