Што прывёз міністр замежных спраў Літвы ў Мінск?

Лінкявічус і Макей абмяркоўвалі "дарожную карту", якую апазіцы накіравала ў Еўразвяз.



linkavichus.jpg

mfa.gov.by

11-12 лістапада адбыўся рабочы візіт у Беларусь міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса. У рамках візіту прайшлі перамовы Уладзіміра Макея і Лінаса Лінкявічуса.

Бакі прадметна абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковага парадку дня з акцэнтам на гандлева-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў сферах транспарту, транзіту, экалогіі і энергетыкі, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

Асаблівая ўвага была нададзена перспектывам нармалізацыі адносін Рэспублікі Беларусь і Еўрасаюза, у тым ліку на фоне прыпынення дзеяння санкцый ЕС.

Лінас Лінкявічус на заканчэнне свайго візіту сустрэўся з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. З беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі Алесь Бяляцкі, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец.

«На сустрэчы з Макеем абмяркоўвалася „дарожная мапа“, якую мы накіравалі ў Еўразвяз і Еўрапарламент. Гэта вельмі важна, бо мала проста накіраваць матэрыял, трэба, каб ён хадзіў па калідорах і стаў прадметам абмеркавання. Гэта — плюс, — падзяліўся з Радыё Свабода ўражаннямі ад сутрэчы старшыня АГП Анатоль Лябедзька. — Мы гаварылі пра неабходнасць зменаў выбарчага заканадаўства. Тут у нас была поўная салідарнасць — пяць галасоў, але адны ноты, адзін хор.

Але ёсць і тое, чаго бракуе Еўрапейскаму Звязу. Санкцыі, якія і санкцыямі фактычна нельга назваць, замарожаныя, але не прывязаныя да крытэраў зменаў у Беларусі. Няма „хатняга задання“ ўладам па змене сітуацыі. Тут Лінкявічус прызнаў, што крытэраў сапраўды няма. Аднак ён лічыць, што можна і патрэбна гаварыць пра тое ж заканадаўства, прастору свабоды, афіцыйную рэгістрацыю арганізацыяў ды іншыя рэчы”.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі ў размове з кіраўніком МЗС Літвы падняў перш за ўсё праваабарончыя пытанні.

— Пры размове з беларускімі ўладамі мы чакаем ад палітыкаў Еўразвяза і ад уладаў Літвы, якая з’яўляецца сябрам Еўразвяза, на гэты перыяд, замарожвання санкцый супраць пэўных беларускіх службоўцаў, нужна распрацаваць выразны крытэрый у ацэнцы прагрэса Беларусі ў сітуацыі з правамі чалавека. Выразныя крытэрыі мусяць быць абнародаваныя. Яны мусяць быць пунктам перамоваў з беларускімі ўладамі, таму што на сённяшні час вось гэтая паўза паслявыбарчая зацягнулася, — цытуе Бяляцкага Радыё Рацыя.