Сенатар ЗША: «Лукашэнка адчайна спрабуе выжыць»
Падчас візіту ў Вільню амерыканскія сенатары выказаліся аб тым, ці можна зараз лічыць Беларусь незалежнай дзяржавай, а Лукашэнку — незалежным палітыкам.
Сенатары Кангрэса ЗША Крыс Кунс і Рычард Дурбін (Chris Coons, Richard «Dick» Durbin) 23 лютага наведалі Літву з афіцыйным візітам на фоне росту напружанасці ў адносінах паміж ЗША і Расіяй. Яны пацвердзілі, што NATO мае намер павялічваць вайсковую прысутнасць у рэгіёне з прычыны дзеянняў урадаў Расіі і Беларусі, а таксама што ЗША маюць намер узмацніць Літву эканамічна, павялічыўшы інвестыцыі ў яе гаспадарку.
Адказваючы на пытанне «Свабоды», сенатар Дурбін адзначыў, што у апошнія месяцы Уладзімір Пуцін адсунуў Лукашэнку ўбок і той больш не ёсць цалкам самастойным палітыкам.
«Цяпер на беларускай зямлі прынамсі 30 тысяч расійскіх вайскоўцаў, — сказаў сенатар Дурбін. — Я асабіста надзвычай сур’ёзна заклапочаны будучыняй Беларусі як незалежнай і суверэннай дзяржавы. Апошнім часам адбыліся значныя змены, якія, на маю думку, нясуць пагрозу NATO і Літве ў прыватнасці. На паперы яны [ўлады Беларусі. — Заўв. рэд.] ўсё яшчэ незалежныя, і на паперы Лукашэнка ў кожны момант можа сказаць Пуціну сыходзіць. Але мы бачым падзеі апошніх дзён, калі зноў і зноў гаворыцца: "Так, расійскія войскі сыходзяць пасля гэтых вучэнняў", а потым — "Не, яны не сыходзяць, яны застануцца на нейкі час".».
Сенатар Дурбін таксама адзначыў, што мае кантакты з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і, як і яны, заклапочаны тым, што Беларусь цяпер можа сутыкнуцца з доўгім перыядам значна большага расійскага ўплыву.
«Давайце будзем шчырымі. Лукашэнка, апошні дыктатар Еўропы, баіцца, — дадаў сенатар Крыс Кунс. — Баіцца ўласнага народа. Гэты страх спраўдзіўся, калі людзі выйшлі на вуліцы пасля яго фальшывых выбараў. Пратэстоўцы заплацілі высокую цану. Мы пачулі, што колькасць палітычных вязняў вырасла ад 200 недзе год таму да больш чым 1000».
Паводле сенатара Крыса Кунза, менавіта масавыя пратэсты восені 2020 года і страх перад апанентамі прымусілі Лукашэнку звярнуцца да Пуціна.
«Пуцін, відавочна, сказаў: я гарантую бяспеку, калі ты адыдзеш убок, а будучыя рашэнні пра войскі буду прымаць я, — мяркуе сенатар Кунс. — І вось цяпер мы ў гэтай сітуацыі: 30 тысяч расійскіх вайскоўцаў на беларускай зямлі, якія пагражаюць не толькі Украіне, але таксама і Польшчы, Літве, Латвіі... Думаю, што Лукашэнка ўжо не прымае канчатковых рашэнняў. Ён адчайна спрабуе выжыць, і ён перадаў гэтыя функцыі сваёй улады Уладзіміру Пуціну».