«Расія ў гэтай вайне прайграе, і ў яе не будзе магчымасці прымаць рашэнні па Беларусі»
Расійскі журналіст і палітолаг Майкл Накі, які жыве ў Літве, лічыць, што будучыня Беларусі надалей — у Еўропе, нягледзячы на тое, што з гэтай нагоды будзе думаць і гаварыць Расія.
— Я мяркую, што ў Беларусі ўсё ў будучыні будзе крыху прасцей, чым у Расіі, з адной відавочнай прычыны: Беларусь ясна дала зразумець, што яна незадаволеная дыктатурай у сваёй краіне, мы бачылі сотні тысяч людзей, — нагадаў Майкл Накі ў эфіры «Зв*чайнага ранку». — І гэта важна: Беларусь прадэманстравала, што большая частка людзей не згодна з дзеючым рэжымам і выступае супраць яго.
Цяпер многія спрачаюцца аб тым, у якім становішчы знаходзяцца грамадзяне Расіі: закладнікі, саўдзельнікі, яшчэ хтосьці.
І ў гэтым сэнсе паверыць, што ўсе расійцы радыкальна супраць Пуціна і проста баяцца, складаней, бо ў Беларусі мы бачылі гэтую гіганцкую хвалю (і гэта не перабольшанне), гэта значыць вельмі многія людзі, можна нават упэўнена сказаць большасць там — супраць Лукашэнкі і галасавалі за Ціханоўскую.
І яны выходзілі, і іх душылі. Лукашэнку давялося душыць людзей, а ў Расіі гэтага не было. Не, там выходзіла, вядома, і немалая колькасць, але непараўнальная ў маштабах, давайце шчыра, хутчэй у рамках статыстычнай хібнасці.
Пры гэтым палітолаг лічыць, што і расійскае кіраўніцтва ў будучыні вымушана будзе змірыцца з еўрапейскім выбарам беларусаў.
— Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Уладзімір Пуцін быў актарам, які прымаў рашэнні, і многае залежала ад таго, што ён вырашыць.
Але з 2023 года, калі ў мяне пытаюцца, колькі Пуцін будзе працягваць гэтую вайну, я ўжо кажу, што гэта не залежыць ад Пуціна. Ён больш не чалавек, які прымае рашэнні. Ён чалавек, які рэагуе.
Расія ў гэтай вайне з высокай верагоднасцю прайграе, і таму ў яе не будзе магчымасці прымаць рашэнні па Беларусі, тым больш што як мінімум фармальна Беларусь працягвае заставацца незалежнай краінай. Але нават фармальнай падставы для таго, каб нешта там рабіць з Беларуссю, у Расіі не будзе ў будучыні.
Беларусь — гэта незалежная краіна, шмат у чым праеўрапейская краіна, з людзьмі, якія паказалі, што яны незадаволеныя дыктатурай і спрабавалі з ёй змагацца.
Гэта дзіўна і з пункту гледжання маральнага і адэкватнага, і з пункту гледжання магчымасцей гэта зрабіць. Нават калі ў кагосьці будзе жаданне, думаю, магчымасцей у любым выпадку не будзе, — мяркуе Майкл Накі.