Пуцін абяцае «вокамгненны зваротна-сустрэчны ўдар» усім, хто ўмяшаецца ў вайну ва Украіне
Уладзімір Пуцін паабяцаў «вокамгненны зваротна-сустрэчны ўдар» тым, хто вырашыць ўмяшацца ў тое, што адбываецца ва Украіне. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні Савета заканадаўцаў.
«Падкрэслю яшчэ раз, калі хтосьці мае намер умяшацца ў падзеі, якія адбываюцца, збоку, і будзе ствараць для Расіі непрымальныя для нас пагрозы стратэгічнага характару, яны павінны ведаць, што нашы зваротна-сустрэчныя ўдары будуць вокамгненнымі, хуткімі. У нас ёсць для гэтага ўсе інструменты. Такія, якімі зараз не можа пахваліцца ніхто. А мы хваліцца не будзем. Мы будзем іх выкарыстоўваць, калі спатрэбіцца. І хачу, каб усе пра гэта ведалі — усе рашэнні ў нас на гэты конт прынятыя», — заявіў ён.
Пуцін заявіў, што ўсе задачы «спецаперацыі» будуць выкананыя.
«Усе задачы спецыяльнай ваеннай аперацыі, якая праводзіцца намі на Данбасе і ва Украіне, распачатай 24 лютага, будуць безумоўна выкананы, каб на гістарычную перспектыву гарантаваць мір і бяспеку жыхарам Данецкай і Луганскай народных рэспублік, расійскага Крыму і ўсёй нашай краіны», — цытуе яго прэс-служба Крамля.
Паводле слоў Пуціна, расійскія салдаты і афіцэры прадухілілі «рэальную небяспеку, якая навісла над нашай радзімай» і папярэдзілі маштабны канфлікт, які «разгарнуўся б на нашай тэрыторыі, але ўжо па чужых сцэнарах».
А тым часам у паўднёвых рэгіёнах Расіі рыхтуюць бамбасховішчы і правяраюць сістэму апавяшчэння аб надзвычайных сітуацыях…