Польскі прэм'ер хоча замарозіць авіярэйсы з Беларусі ў Еўрасаюз да вызвалення Рамана Пратасевіча
Кіраўнік польскага ўрада Матэвуш Маравецкі заявіў, што падчас саміту Еўразвязу, які пачнецца 24 траўня надвячоркам, запрапануе, каб Брусель забараніў усе авіяпералёты з Беларусі ў краіны ЕС і наадварот у сувязі са справай арышту Рамана Пратасевіча ў Мінску, якую назваў «дзяржаўным тэрарызмам», піша «Радыё Свабода».
«Каб адказаць адназначна на акт міжнароднага тэрарызму, дзяржаўнага тэрарызму з боку Беларусі, — сказаў Маравецкі, — сёння на пасяджэнні Еўрапейскай рады я запрапаную, каб усё палёты з тэрыторыі Беларусі ў Еўрасаюз і ў другі бок, з Еўрасаюза на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, былі спыненыя да часу, пакуль гэты малады чалавек, які змагаўся і змагаецца ўвесь час, будучы арыштаваны спецыяльнымі сіламі Беларусі і Лукашэнкам, не будзе вызвалены. І таксама пакуль не будуць вызваленыя няслушна арыштаваныя дзеячы "Саюза палякаў у Беларусі", якія з'яўляюцца лаяльнымі грамадзянамі Беларусі і адначасова дбаюць пра польскую культуру, і толькі таму былі арыштаваныя».