Пашкевіч: Рэжым ужо да ўсяго саспеў
Не варта параўноўваць Фідэля Кастра і Лукашэнку, лічыць гісторык Пашкевіч. Кастра, які насамрэч быў фанатыкам і папулярным палітыкам на той час на Кубе, ставіў перад сабой геапалітычныя задачы, а мэты ў Лукашэнкі больш прыземленыя.
Аляксандр Пашкевіч расказаў «Филину» пра паралелі з Карыбскім крызісам і перспектывы масавых судовых працэсаў.
— Пасля таго, як у Крамлі агучылі намеры размясціць у Беларусі ядзерную зброю, эксперты пачалі згадваць Кубу 1962 года. Маўляў, Хрушчоў тады прайграў, яму давялося сысці з пасады. А вось Кастра захаваў сваю ўладу на дзесяцігоддзі.
Ці карэктна, на вашу думку, праводзіць такія паралелі сёння з Лукашэнкам? Бо там і адлегласць паміж краінамі была вельмі сур’ёзная, і ў Кубы не было ўсіх гэтых інтэграцыйных пагадненняў.
— Я думаю, што тут справа не толькі ў адлегласці і цесных адносінах. Фідэль Кастра ў той час быў чалавекам маладым і энергічным. Ён, несумненна, меў вялікую падтрымку сярод кубінскага насельніцтва.
Ён толькі што прыйшоў да ўлады, і з ім звязвалі вялікія надзеі. Адным словам, гэта быў вельмі папулярны на той час лідар, гаворка не ішла пра скон яго эпохі. А гэта ўплывае на ўспрыманне яго рашэнняў і дзеянняў з боку насельніцтва.
У Лукашэнкі, як мы ведаем, сітуацыя зусім іншая. Сёння ён лідар непапулярны. Лідар, супраць якога некалькі год таму паўставала грамадства. І да канца гэтыя пратэсныя настроі так і не задушаны ўнутры краіны, хаця вонкавыя іх праявы зведзены амаль на нішто.
Таму я перадусім на гэта звяртаў бы ўвагу, калі параўноўваць дзве гэтыя сітуацыі. Лукашэнка — чалавек, які знаходзіцца пад поўным уплывам Масквы. Менавіта ад гэтага залежыць яго ўлада.
І ў адрозненне ад Кастра, які насамрэч быў фанатыкам і ставіў перад сабой геапалітычныя задачы, мэты ў Лукашэнкі больш прыземленыя.
— Генпракурор Швед агучыў новыя лічбы: у так званую камісію па вяртанні за два месяцы нібыта звярнуліся 56 беларусаў. Пра што кажа гэта лічба пры ўсіх высілках улад?
— Гэта і праўда невялікая лічба, калі ўлічваць агульны кантэкст. Хтосьці звярнуў увагу і нават пажартаваў з гэтага: маўляў, у камісію ўваходзіць 30 чалавек, то нарэшце колькасць тых, хто звярнуўся, перавысіла колькасны склад тых, да каго трэба звяртацца. Гэта адзін такі штрых.
Але галоўнае тут тое, што месяц таму, калі агучвалася першая лічба зваротаў, адмыслова звярталася ўвага на тое, што большасць з іх не адпавядала выстаўленым ад пачатку патрабаванням. Відаць, там не было пакаяння, прызнання сваёй віны.
Можна зразумець, што ў значнай ступені гэта былі звароты дзеля тролінгу камісіі. Нешта напісаць, паглядзець на рэакцыю, на тое, які будзе адказ. Магчыма, некаторыя журналісты адмыслова пішуць, каб выкарыстаць гэта ў сваіх публікацыях. Бо, як мы памятаем, самы першы зварот быў скіраваны ад журналісткі «Бе*сата».
Гэтым разам ніхто, здаецца, не казаў, колькі з тых зваротаў адпавядаюць тым патрабаванням. Проста назвалі лічбу ў 56 чалавек. А можа там колькасць браку, які робіць гэтыя звароты непрыдатнымі, таксама складае большасць?
Увогуле, як мне падаецца, самі ўлады не надта зацікаўлены ў тым, каб гэтыя прапановы выклікалі асаблівы энтузіязм. І гэта бачна па тым, як яны сябе паводзяць. Як у цэлым арганізавана гэтая кампанія, у якой танальнасці гучаць каментары і тлумачэнні службовых асоб і прапагандыстаў.
Як правіла, няма такога адчування, што яны сапраўды заманьваюць і хочуць, каб на гэта многія павяліся. Звычайна гэта пагрозы і абяцанні разабрацца «па справядлівасці». Маўляў, адседзіце вы не так і шмат, нешта вам скінем.
А такога, каб многія сказалі, што для іх гэтыя прапановы выглядаюць прывабнымі, няма. Таму ўся гэта кампанія, як мне падаецца, запушчана з іншай мэтай, а не для таго, каб людзі рэальна вярталіся.
І таму гэтыя лічбы можна ў такім ракурсе ўспрымаць. Думаю, яны патрэбны для пэўных прапагандысцкіх момантаў і неабавязкова могуць адпавядаць рэчаіснасці. Тым больш што мы не можам праверыць іх праўдзівасць.
Зрэшты, дзеля патрэб прапаганды, магчыма, не трэба сотняў чалавек, не трэба і гэтыя 56. А хопіць і некалькі чалавек, рэальных або падстаўных, каб з імі запісваць «пакаяльныя» відэа, «інтэрв’ю», каб паказваць гэта па тэлевізары і трымаць саму гэтую тэму ў фокусе ўвагі.
На нейкую ж рэальную, а не бутафорскую, амністыю, мне падаецца, улады пакуль што і самі не гатовы.
— У звязку з агучанымі Шведам лічбамі вы прыгадалі «працэс 56-ці» 1928 года, калі палякі судзілі лідараў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. А ці саспеў лукашэнкаўскі рэжым, каб судзіць апанентаў з такім размахам?
— Чаму не? Мне падаецца, што рэжым ужо да ўсяго даспеў. Гэта пытанне чыста тэхнічнага характару. Калі тут сядзяць ужо паўтары тысячы палітвязняў, і гэта толькі афіцыйна прызнаных, а неафіцыйная колькасць ужо даўно куды большая.
То ў чым тут праблема, асабліва ўлічваючы гнуткасць нашага так званага правасуддзя, арганізаваць такі маштабны працэс? Паведамлялі ж нядаўна, што па справе падрыву самалёта ў Мачулішчах затрыманы тры дзясяткі чалавек, некаторым пагражалі смяротным пакараннем.
То ў чым тут праблема пасадзіць усіх іх на лаву падсудных і адначасова судзіць? Я тут не бачу нейкіх перашкод з пункту гледжання магчымасцей рэжыму.
Пры цяперашнім прававым дэфолце ён можа рабіць усё, што заўгодна. У тым ліку і для нейкіх паказных мэт.