Партыя БНФ уступіла ў Альянс кансерватараў і рэфармістаў Еўропы

Партыя БНФ 7 красавіка была прынятая ў шэрагі Альянсу кансерватараў і рэфармістаў Еўропы — агульнаеўрапейскай партыі, якая аб’ядноўвае кансерватыўныя і правацэнтрысцкія сілы.



acre1.jpg


 

Рашэнне аб прыняцці БНФ у шэрагі Альянсу было прынятае кіруючай радай агульнаеўрапейскай партыі адзінагалосна падчас пасяджэння ў Тыране, сталіцы Албаніі. Гэтымі днямі тут праходзіць арганізаваны кансерватарамі “Саміт Свабоды“, прысвечаны пераадоленню негатыўнай спадчыны камуністычных рэжымаў – нагодай для абрання гэткага тэмату сталася сотая гадавіна бальшавіцкага перавароту.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які знаходзіцца цяпер у Тыране, наступным чынам пракамэнтаваў уступленне БНФ у шэрагі Альянсу кансерватараў і рэфармістаў:
Для Партыі БНФ далучэнне да сям’і еўрапэйскіх правацэнтрысцкіх сілаў — вельмі важны крок. Альянс валодае трэцяй па велічыні фракцыяй у Еўрапарламенце, прычым яна няўхільна павялічваецца як за кошт далучэння новых партыяў і асобных палітыкаў, так і за кошт павелічэння падтрымкі з боку выбаршчыкаў.Хачу падкрэсліць, што БНФ прыняты ў склад Альянсу на правах паўнапраўнага чальца, з правам голаса — да гэтага нашая партыя цягам дзесяці год мела статус назіральніка ў еўрапэйскіх партыйных структурах, і вось цяпер мы ўзняліся да больш сур’ёзнага статусу.
Каштоўнасны падмурак Альянсу кансерватараў і рэфармістаў у поўнай меры адпавядае праграмным палажэнням Беларускага народнага фронту. Сымбалічна, што рашэнне пра прыняццё БНФ у склад Альянсу было прынятае ў часе канфэрэнцыі, прысвечанай пераадоленню наступстваў камуністычнага панавання ва Усходняй Еўропе. Але нас яднае не толькі супольная ацэнка мінуўшчыны – Альянс падзяляе нашае бачанне геапалітычнай будучыні кантыненту, вызнае будучыню Еўразьвязу як “Еўропы Айчынаў” і цвёрда выступае за трансатлантычнае супрацоўніцтва.
Аляксей Янукевіч дадаў, што Моладзь БНФ ужо шмат гадоў плённа працуе ў складзе маладзёвага крыла Альянсу – European Young Conservatives.

На фота злева направа: Richard Milsom выканаўчы дырэктар ACRE; Geoffrey Clifton-Brown віцэ-прэзідэнт ACRE, брытанскія кансерватары; Аляксей Янукевіч, Партыя БНФ; Jan Zahradil прэзідэнт ACRE, чэская грамадзянская дэмакратычная партыя; Daniel Hannan генеральны сакратар ACRE, брытанскія кансерватары.

На фота злева направа: Richard Milsom выканаўчы дырэктар ACRE; Geoffrey Clifton-Brown віцэ-прэзідэнт ACRE, брытанскія кансерватары; Аляксей Янукевіч, Партыя БНФ; Jan Zahradil прэзідэнт ACRE, чэская грамадзянская дэмакратычная партыя; Daniel Hannan генеральны сакратар ACRE, брытанскія кансерватары.


Зараз Альянс кансерватараў і рэфармістаў з’яўляецца найбольш дынамічнай палітычнай сілай у Еўропе, якая павялічваецца вельмі хутка: заснаваны ў 2010 годзе, цяпер гэта трэці паводле велічыні еўрапейскі палітычны рух. Альянс заснаваны на грунце ідэяў свабоды асобы, нацыянальнага суверэнітэту, парламенцкай дэмакратыі, прыватнай уласнасці, абмежаванага ўраду, свабоднага гандлю i цвёрдай валюты, сямейных каштоўнасцяў і дэцэнтралізацыі ўлады. Альянс стаіць на прынцыпах павагі да аўтаноміі народаў і асобных людзей.
У склад Альянсу уваходзяць, сярод іншых, Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, партыя “Права і справядлівасць” з Польшчы, Рэспубліканская партыя ЗША, Грамадзянская дэмакратычная партыя з Чэхіі ды іншыя ўрадавыя партыі з Еўропы і суседніх краінаў.
У цяперашні час існуюць фракцыі і групы Альянсу ў Еўрапейскім парламенце, Камітэце рэгіёнаў, Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў ды ў Парламенцкай Асамблеі NATO.
Паводле прэс-рэлізу