Напад Расіі на Украіну. Што адбылося за ноч
Навіны пра тое, што адбылося ва Украіне ў ноч з 6 на 7 сакавіка.
***
Большая частка ўкраінскага бізнэсу працуе нават падчас вайны. Па дадзеных Цэнтра стратэгічных камунікацый, 52% украінскіх кампаній хоць і з абмежаваннямі, але працуюць. Пры гэтым 63% кампаній працягваюць плаціць заробак у поўным аб'ёме, а 45% яшчэ і робяць дадатковыя ці авансавыя выплаты.
Ва Украіну накіроўваюцца амаль 20 тысяч добраахвотнікаў з 52 краін свету для барацьбы з расійскімі захопнікамі — міністр замежных спраў Дзмітры Кулеба.
Украіна прыпыніла экспарт шэрагу сацыяльна важных прадуктаў: мяса, жыта, авёс, грэчка, цукар, проса, харчовая соль. Яшчэ на пяць пазіцый дазвол на экспарт будзе выдаваць Міністэрства эканомікі: пшаніца, кукуруза, мяса птушкі, курыныя яйкі, масла. Пра гэта сказана ў пастанове ўрада.
З пачатку ўварвання РФ ва Украіну разбураны або пашкоджаны 211 школ, паведаміў міністр адукацыі і навукі Сяргей Шкарлет у эфіры тэлемарафона.
Міністр унутраных спраў Вялікабрытаніі Прыці Патэл запатрабавала прыняць на гэтым тыдні рашэнне аб выключэнні РФ з Інтэрпола. Паводле яе слоў, дзеянні Расіі ўяўляюць прамую пагрозу бяспецы людзей і міжнароднаму супрацоўніцтву праваахоўных органаў.
***
ВСУ вызвалілі ад акупантаў Чугуеў Харкаўскай вобласці. Іншыя важныя звесткі:1. Супернік назапашвае сілы для штурму Кіева.
2. Акупанты вядуць баі за ўсталяванне поўнага кантролю над Бучай і Гастомелем, высунулі сілы ў раён Ірпеня.3. У Мікалаеўскай вобласці расійская армія пераправілася праз раку Інгул і заняла Кашпера-Мікалаеўку.4. Сіламі 3 БТГ расійскае войска вядзе наступ на Запарожжа.
У горадзе Оўруч Жытомірскай вобласці ў выніку паветраных удараў былі разбураны два жылыя дамы і цэнтр занятасці, яшчэ некалькі шматкватэрных пабудоў пашкоджаны.
Пасля захопу акупантамі Новакахаўскай ГЭС вада ў Крым так і не пайшла. Пра гэта сказаў дарадца АП Аляксей Арастовіч. «Яны ўзялі Новакахаўскую ГЭС, яны вялізныя намаганні туды кінулі. Гэта было адзінае месца для паветранага дэсанту. Там былі баі, некалькі разоў яна пераходзіла з рук у рукі. Але там такая колькасць войскаў, што проста ўзялі. І па іх паведамленнях узарвалі дамбу ў Крым. Але ўзарваць яе можна тройчы, каб пайшла вада ў Крым, трэба паспрабаваць. Як я ведаю, вада не ідзе. Мы зрабілі так, што гэта не так проста аднавіць нават пасля захопу», — сказаў Арастовіч.
Адэская вобласць падвергнулася ўдару з мора ў раёне населенага пункта Тузлы, паведаміў спікер аператыўнага штаба Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук.
***
НАТА не пойдзе на закрыццё паветранай прасторы над Украінай, бо адказвае за жыцці еўрапейцаў. Аб гэтым заявіла міністр замежных спраў ФРГ Аналена Бербок у эфіры германскага тэлеканала ARD. Паводле яе слоў, закрыццё будзе азначаць уступленне ў ваенны канфлікт з Расіяй, што паставіць пад пагрозу жыццё мільёнаў еўрапейцаў: «Гэта азначала б, што самалёты НАТА будуць абстрэльваць расійскія самалёты, гэта азначала б прамы ўдзел НАТА ў канфлікце… У нас ёсць адказнасць за абарону ўласнага насельніцтва».
Расія вярбуе для вайны ва Украіне сірыйцаў, якія ўмеюць весці баявыя дзеянні ў гарадскіх умовах. Аб гэтым піша Wall Street Journal са спасылкай на чатырох амерыканскіх чыноўнікаў. Колькі менавіта сірыйскіх наймітаў былі завербаваныя, невядома, але, як удакладняе выданне, некаторыя з іх ужо знаходзяцца ў Расіі і рыхтуюцца ўступіць у канфлікт. Паводле выдання, якое базуецца ў Дэйр-эз-Зоры, Сірыя, Расія прапаноўвала добраахвотнікам з краіны ад 200 да 300 долараў, каб паехаць ва Украіну. Сірыйскія баевікі правялі амаль дзесяцігоддзе, змагаючыся ў гарадскіх умовах, у той час як расійскім сілам, у асноўным прызваным на ваенную службу, не хапае гэтага набору навыкаў, сказала эксперт WSJ Джэніфер Кафарэла, навуковы супрацоўнік Інстытута вывучэння вайны ў Вашынгтоне.
Вялікабрытанія прадаставіць Украіне $ 100 млн праз Сусветны банк — яны паступяць праз мультыдонарскі траставы фонд банка, прызначанага для паскарэння паступлення ахвяраванняў ва Украіну і ўжо выкарыстоўваецца некаторымі іншымі краінамі, паведамляе Reuters.
Данія будзе пазбаўляцца расійскага газу і значна павялічыць свой абаронны бюджэт. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на словы прэм'ер-міністра краіны Мэтэ Фрэдэрыксена
Каля Белага дома адбылася маштабная акцыя за беспалётную зону над Украінай і ўзмацненне санкцый супраць Расіі. На мітынг выйшлі тысячы людзей
Па Мікалаеву ўдарылі рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню. У Луганску прагрымеў магутны выбух. Відавочцы паведамляюць аб пажары на нафтабазе.