Карбалевіч: Эскалацыя мігранцкага крызісу — адказ з Мінска на запрашэнне ў Вену
Такім чынам афіцыйны Мінск даў адказ на запрашэнне на Венскую канферэнцыю па Беларусі. Прычым даў у сваім фірмовым стылі. Штурм мігрантамі польскай і літоўскай мяжы — гэта і ёсць рэакцыя на пошук Еўрасаюзам кампрамісу па беларускім пытанні, піша аналітык Валер Карбалевіч на «Свабодзе».
Для палітычнага мыслення Аляксандра Лукашэнкі кампраміс — гэта паказчык слабасці. Абсалютызацыя гвалту, культ сілы, дэманстрацыя непахіснасці — гэта тое, на што ён робіць стаўку цягам усяго свайго жыцця ў палітыцы. У большасці выпадкаў гэта давала патрэбны яму вынік. З дапамогай жорсткага гвалту ён узяў сітуацыю пад кантроль унутры Беларусі пасля выбуху мінулагодніх пратэстаў. Цяпер тое самае ён спрабуе зрабіць у адносінах з Захадам, найперш з Еўрасаюзам.
Канцлер Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг, аб’явіўшы аб правядзенні ў Вене міжнароднай канферэнцыі па Беларусі 22 лістапада, патлумачыў яе сэнс тым, што, маўляў, нельга размаўляць з Мінскам толькі мовай санкцый.
У Мінску гэтую рэпліку прачыталі так: Еўропа не вытрымала шматмесячнай атакі мігрантамі і гатовая да саступак. І якую выснову зрабілі? Правільна, варта ўзмацніць ціск — і ЕС вымушаны будзе пайсці на перамір’е, перамовы, якія Мінск будзе весці з пазіцыі сілы, на сваіх умовах.
Кіраўніцтва Беларусі хацела б прапанаваць размен: беларускі бок спыняе шантаж мігрантамі ў абмен на скасаванне эканамічных санкцый. Таму пайшло на эскалацыю канфлікту і падвышэнне ставак.
Лукашэнка разглядае еўрапейскіх палітыкаў як слабакоў, не здольных з ім дужацца. Бо які быў адказ ЕС на шантаж мігрантамі? Ужо некалькі месяцаў цягнецца крызіс на мяжы, а Еўрасаюз не можа ніяк прыняць новы, пяты пакет санкцый. І сёння бачна, што еўрапейскія палітыкі ў разгубленасці. Яны ў асноўным заклікаюць Мінск да разважлівасці, павагі да міжнародных правілаў, патрабуюць не выкарыстоўваць мігрантаў у якасці інструмента дасягнення палітычных мэтаў, нават пагражаюць. Што пацвярджае высновы кіраўніцтва Беларусі пра заходніх палітыкаў.
Новая тактыка — канцэнтрацыя вялікай колькасці мігрантаў у адным месцы на мяжы — павінна зрабіць сітуацыю на памежжы заўважнай для свету. Асноўныя міжнародныя медыя паказваюць сотні і тысячы людзей на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай мяжы. Чым большы скандал, тым гучнейшы эфект. Да таго ж, колькасць мігрантаў на беларускай тэрыторыі шматкроць павялічылася, і іх ужо можна арганізаваць у калоны.
Беларускія ўлады асабліва не хаваюць сваю датычнасць да гэтай гісторыі. Вось міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў: «Мы забяспечваем ахову, суправаджаем мігрантаў у іх перамяшчэннях».
Апеляцыя еўрапейскіх палітыкаў да Расіі пакуль што не столькі вырашае мігранцкі крызіс, колькі павялічвае залежнасць Беларусі ад РФ.