Кангрэсмены на праспекце Незалежнасці
Нават каб дэлегацыя амерыканскіх кангрэсменаў, што наведала Мінск 30 чэрвеня, усяго толькі спынілася тут для кароткага адпачынку па дарозе ў Вільнюс для ўдзелу ў сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, гэты факт можна было б смела лічыць падзеяй у беларускім палітычным жыцці.
На здымку: Каля мікрафона — сенатар Бенджамін Кардэн
Дэлегацый такога ўзроўню не было на Беларусі ўжо больш за 10 гадоў. За гэты час шмат хто з замежных палітыкаў атрымоўваў не запрашэнні, а адмовы ў візах і забароны на ўезд. Не далей як 3 мая
мінулага года 11 амерыканскіх дыпламатаў былі высланы з Беларусі.
Аднак жа візіт — факт. Прычым афіцыйны. Прычым у межах паездкі ў краіны Балтыі і Балкан з дакладна вызначанай мэтай — умацаванне бяспекі і правоў чалавека. Тэма, якую афіцыйны Мінск
упарта выносіў за рамкі любых перамоў. Пад тэму і адмысловы склад дэлегацыі, з якой 5 чалавек — чальцы Камісіі кангрэса ЗША па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (Хельсінская камісія),
задачай якой якраз і з’яўляецца спрыяць дасягненню ўсеагульнай бяспекі праз выкананне правоў чалавека і дэмакратычных норм. Сярод іх сенатар Бенджамін Кардэн (дэмакрат, Мэрыленд), сустаршыня
камісіі, кангрэсмены Элсі Гейстынгс (дэмакрат, Фларыда) і Крыстафер Сміт (рэспубліканец, Нью-Джэрсі), аўтар двух законаў, датычных Беларусі: “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі 2004 і
“Адноўленага акту аб дэмакратыі ў Беларусі 2006. Законаў, якія ў беларускіх уладаў заўсёды выклікалі, мякка кажучы, адмоўную рэакцыю. У складзе дэлегацыі таксама — Дзік Дэрбін
(дэмакрат, Ілінойс), памочнік лідэра большасці ў сенаце (другая па значнасці пасада ў амерыканскім сенаце).
Тым не менш, сустрэча кангрэсменаў з А. Лукашэнкам і, сіметрычна, — з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, — таксама факт. Візіт уплывовых палітыкаў, меркаванне якіх наконт
сітуацыі ў Беларусі пасля візіту ў нашу краіну можа мець сур’ёзныя наступствы для беларуска-амерыканскіх адносін.
Як падкрэсліў Бенджамін Кардэн у сваім выступе перад журналістамі на прэсавай канферэнцыі, якую правялі кангрэсмены ў амерыканскай амбасадзе тым жа днём, 30 чэрвеня: “Мы вернемся з гэтай
інфармацыяй у Вашынгтон і будзем працаваць дзеля таго, каб у гэтай краіне адбыліся рэформы.
Матывацыя і мэты візіту ў Беларусь, чаканні і пажаданні, выказаныя чальцамі дэлегацыі падчас сустрэчы з А. Лукашэнкам, як можна меркаваць з іх выступаў і адказаў на пытанні журналістаў, уяўляюць
сабой дастаткова прадуманую і стройную сістэму, якая зыходзіць з прыярытэту каштоўнасцей.
Прыехалі ў Беларусь, паколькі, на іх погляд, краіна не адпавядае патрабаванням Хельсінскай камісіі — па забеспячэнні правоў чалавека, рэлігійнай свабоды, правядзенні дэмакратычных і
справядлівых выбараў, свабоды слова, свабоды дзейнасці для грамадскіх арганізацый, права апазіцыі супрацьпастаўляць сваё меркаванне меркаванням улады і не падвяргацца за гэта ціску і крымінальнаму
пераследу.
Як адзначыў Крыстафер Сміт, гэта і ёсць дарожная карта, якую яны прапануюць А. Лукашэнку: “Мы падкрэслілі ў размове з прэзідэнтам, што словы — гэта добра, але справы —
больш важна. І ў звязку з пытаннем пра санкцыі: “Прэзідэнт у размове з намі выказаў спадзяванне, што санкцыі будуць адменены. Наша дэлегацыя дала ясна зразумець, што ўсё залежыць ад яго. Мяч
на яго баку поля.
Кангрэсмены адзначылі некалькі, на іх погляд, канструктыўных момантаў. Сам факт, што беларускі ўрад аказаў падтрымку ў прыездзе дэлегацыі і ў арганізацыі сустрэч. Адкрытасць размовы з Лукашэнкам і
магчымасць наўпрост давесці да яго бачанне сітуацыі ў Беларусі. Выказванне А. Лукашэнкі пра неабходнасць прыбраць усе бар’еры паміж нашымі краінамі з тым, аднак, мінусам, што ні адзін з
гэтых бар’ераў не быў названы. “Такім чынам, — паводле высновы аднаго дэлегата, не пазбаўленай парадаксальнасці, — вельмі важна працягваць дыялог. Але перш, чым мы
не убачым якія-небудзь дзеянні, я не бачу магчымасці весці гандаль, аказваць дапамогу або даваць крэдыты.
Неаднаразова быў адзначаны кангрэсменамі і адзіны пазітыўны вынік сустрэчы — вызваленне Эмануіла Зельцэра.
Найхутчэй, дыялог сапраўды будзе мець працяг. Ёсць спадзяванне, што ў тых умовах, у якія трапіла Беларусь, улады вымушаны будуць зрабіць і далейшыя крокі ў кірунку лібералізацыі.