Ягор Лебядок: Рашэннем аднаго чалавека Беларусь можа ўвязацца ў вайну з пакуль яшчэ саюзнікам
Ваенны аналітык Ягор Лебядок разважае пра тое, чым для Беларусі можа абярнуцца ўдзел у «міратворчай» місіі АКДБ у Казахстане.
Што будзе, калі ў Казахстане нашы і расіяне пазабіваюць казахаў, а тыя, уключаючы вайскоўцаў і паліцыю, успрымуць гэта як знешнюю агрэсію? Пра гэта ваенны эксперт піша ў сваім тэлеграм-канале.
“Позна ўвечары Савет калектыўнай бяспекі АДКБ, у адпаведнасці з артыкулам 4 Дамовы аб калектыўнай бяспецы, усё ж прыняў рашэнне накіраваць у Рэспубліку Казахстан не Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання, што было б лагічна для барацьбы з «тэрарызмам», а калектыўныя міратворчыя сілы (КМС). Прычым мэта накіравання міратворчых сіл — стабілізацыя і нармалізацыя абстаноўкі ў гэтай краіне.
З аднаго боку, Такаеў заяўляе пра міжнародны тэрарызм у Казахстане, для барацьбы з якім КСАР, у прыватнасці, і створаныя. Але туды накіроўваюць калектыўныя міратворчыя сілы, якія як па назве павінны быць закліканыя для ўстанаўлення міру паміж канфліктуючымі бакамі, так і па задачах.
Атрымліваецца, што АДКБ прызнае праціўнікаў улады Казахстана бокам канфлікту, а не тэрарыстамі, як тое заяўляў Такаеў? Бо не будуць жа гэтыя сілы «ствараць умовы для перамоваў» з тэрарыстамі, ды яшчэ і «падрыхтаванымі» і «міжнароднымі».
Згодна з арт. 5 Пагаднення аб міратворчай дзейнасці АДКБ, дзеянні, што прымаюцца калектыўнымі міратворчымі сіламі, мусяць ажыццяўляюцца ў духу бесстароннасці, нейтральнасці і адкрытасці пры ясна выяўленай згодзе канфліктуючых бакоў, і пры ўмове дасягнення імі пагаднення аб спыненні агню і іншых сілавых дзеянняў у зоне канфлікту, і пры забеспячэнні бяспекі міратворчага кантынгенту і яго права на самаабарону. Гэта значыць, згода канфліктуючых бакоў маецца на ўвазе. Цікава ў каго з боку пратэстоўцаў пра яе запытвалі?”
“Не думаю, што пры сур'ёзным негатыўным варыянце пэўная колькасць трупаў беларускіх вайскоўцаў-добраахвотнікаў з Казахстана зменіць сітуацыю ў Беларусі — народ гэта не асабліва засмуціць, маўляў, самі захацелі, а для прыхільнікаў Лукашэнкі яны стануць чарговымі героямі на тыдзень вайны з Захадам, пра якіх і забудуць пры змене парадку дня.
Іншая справа, калі ў Казахстане нашы і расіяне пазабіваюць казахаў, а тыя, уключаючы вайскоўцаў і паліцыю, успрымуць гэта як знешнюю агрэсію (што верагодна), то тут сітуацыя на міжнародным узроўні ўскладніцца для боку, што адпраўляў вайскоўцаў. Пры лакалізацыі аэрапорта трэба будзе праводзіць спецаперацыю, каб гэты кантынгент КСАР выцягнуць з Казахстана (што таксама пагражае разрастаннем канфлікту). Інакш будуць сотні зняволеных або ваеннапалонных, за якіх ужо самому прыйдзецца гандлявацца. Рашэннем аднаго чалавека на адпраўку сіл, Беларусь можа ўвязацца ў вайну з пакуль яшчэ саюзнікам”.