Фрыдман: Зменіцца рэальнасць — Лукашэнка сам пабяжыць шукаць пасярэднікаў
Святлана Ціханоўская просіць Швейцарыю выступіць арганізатарам перамоваў з беларускім рэжымам па вызваленні палітвязняў. Ці патрэбныя такія перамовы? У якім выпадку Лукашэнка сам пабяжыць у пошуках пасярэднікаў?
«Новы Час» спытаў меркаванне гісторыка, палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана.
— Просьба Ціханоўскай абгрунтаваная, на мой погляд: Швейцарыя мае вопыт дыялогу (пра гэта сведчыць гісторыя Наталлі Хершэ) з Лукашэнкам. Што да пасярэдніцкага вопыту, у тым ліку ў кантактах з дыктатурамі, то і тут Швейцарыя мае добры пасярэдніцкі вопыт. Кажуць, што і ў Алейніка ёсць добрыя кантакты са Швейцарыяй. Так што пасярэдніцтва — гэта ўжо традыцыйная роля Швейцарыі, я б так сказаў.
З другога боку, хачу нагадаць, што Швейцарыя ўсё-такі ўводзіла санкцыі супраць беларускага рэжыму, таму яе пазіцыю як абсалютна нейтральную не выпадае разглядаць.
Прапанова Ціханоўскай цікавая. Пытанне палягае ў тым, якога кшталту перамовы магчымыя? Хто будзе выступаць у ролі перамоўшчыкаў? Перамовы Ціханоўскай з рэжымам выключаныя — афіцыйны Мінск не стане з ёй размаўляць, асабліва на фоне хуткага суда над ёй (колькі дадуць — 20, 25 гадоў ці пажыццёвае зняволенне?). Такія перамовы немагчымыя, бо лукашэнкаўскі бок не разглядае Ціханоўскую ў якасці самастойнага палітычнага гульца, з якім можна размаўляць.
Калі мы разглядаем сцэнар прамых перамоў Захаду з рэжымам Лукашэнкі, то калі б яны жадалі размаўляць, заключаць з Лукашэнкам здзелкі наконт палітзняволеных, то маглі б рабіць гэта і без пасярэдніцтва Швейцарыі — наўпроставая камунікацыя і хутчэйшая, і эффектыўнейшая.
Я проста не разумею, хто можа выступаць партнёрам Лукашэнкі па дыялогу.
Больш за тое, тэма палітвязняў на постсавецкай прасторы — даўно не ключавая тэма для Захаду, для яго гэта абсалютна маргінальная тэма. Хаця Лукашэнка з задавальненнем паразмаўляў бы з “калектыўным Захадам” хаця б пра палітзняволеных. Яму вельмі патрэбныя кантакты з Захадам, але на ўмовах бартэру: я вам палітвязняў, вы мне што дасце? А на такіх умовах з ім ніхто размаўляць не стане хаця б таму, што асноўныя санкцыі беларускі рэжым атрымаў не за палітвязняў, а за вайну. Таму адмена санкцыяў за вызваленне палітвязняў з пункту гледжання еўрапейскай перспектывы выглядае абсалютна нерэалістычнай. Што зрабіў Лукашэнка, каб адмянілі санкцыі? Ён вызваліць палітвязняў, і пры гэтым працягне актыўна ўдзельнічаць у вайне, дапамаць Расіі, а яму за гэта адменяць санкцыі?
На вялікі жаль, сёння нешта зрабіць для палітвязняў амаль немагчыма: умоваў для гандлю, умоваў для здзелак няма. У той час, калі Беларусь адной нагой ужо знаходзіцца ў вайне і ў любы момант яе можа зацягнуць у ваенную багну яшчэ глыбей, — вызваленне палітзняволеных не тое беларускае пытанне, якое хацеў бы разглядаць Захад.
Калі б Лукашэнка хаця б дапускаў магчымасць удзелу Ціханоўскай у перамовах у якасці партнёра, калі б гаворка ішла пра грамадскі дыялог — па прыкладу цяперашняй Венесуэлы, дзе тое самае робіць той жа Мадура. Дык для Лукашэнкі Ціханоўская не з’яўляецца партнёрам; Ціханоўская, Латушка, іншыя лідары апазіцыі для яго — проста “беглыя” і нават заходнія агенты, у якіх ёсць свае гаспадары.
У прынцыпе размовы паміж Мінскам і заходнімі краінамі магчымыя. Ёсць канкрэтны кейс, па якім Лукашэнка можа размаўляць з Варшавай — гэта гісторыя Андрэя Пачобута. Лукашэнкаўскі бок відавочна ўспрымае яго перш за ўсе як паляка — то бок чужынца, хаця ён з’яўляецца грамадзянінам Беларусі. Афіцыйная рыторыка ў ягоны адрас — рыторыка да замежніка. І нават на прапагандысцкіх каналах раз-пораз з’яўляюцца бязглуздыя ідэі кшталту абмену Пачобута на Пуцілу ды іншых “беглых”.
Сама па сабе ідэя, што Пачобута разглядаюць у якасці асобы для абмену на магчымых перамовах з Польшчай паказвае, што ў Мінску яго ўспрымаюць як замежніка. Дый то гэты сцэнар выглядае не асабліва верагодным: калі б Варшава магла яго выцягнуць з засценкаў, то, напэўна, ужо выцягнула. А сёння ўмовы для такой здзелкі сталі больш неспрыяльнымі.
І другая асоба, пра лёс якой Захад відаць пажадаў бы паразмаўляць па магчымасці, — гэта Алесь Бяляцкі, Нобелеўскі лаўрэат. Есць паралелі паміж Алесем Бяляцкім і кітайскім дысідэнтам Лю Сяобо — абодва яны Нобелеўскія лаўрэаты. Лю Сяобо таксама змагаўся за правы чалавека, як і Бяляцкі, ён таксама літаразнаўца, як і Бяляцкі, яму далі Нобелеўскую прэмію ў 2010 годзе — як і Бяляцкі, ён ужо знаходзіўся за кратамі, хоць і асудзілі яго яшчэ да атрымання Нобелеўскай прэміі. Потым і Злучаныя Штаты, і Германія змагаліся за яго вызваленне — змагаліся ўпарта, настойліва і паслядоўна. Лю Сяобо ў 2009 годзе асуджаны на 11 гадоў, баюся, Бяляцкаму таксама дадумаць вялікі тэрмін. ЗША і Германія рабілі ўсё магчымае, каб вызваліць Лю Сяобо. І чым усё скончылася? Да 2017 года ён сядзеў, а ў 2017 годзе ў яго знайшлі анкалогію, пасля чаго і ЗША, і Еўропа зноў звярнуліся да Кітая: выпусціце яго хаця б з гуманітарных прычынаў, Германія гатова прыняць яго на лячэнне. Што зрабілі кітайцы? Кітайцы выпусцілі яго з-за кратаў, змясцілі ў лякарню, дзе ён і памёр недзе праз месяц.
Сем гадоў ішло змаганне ЗША і Еўропы за Лю Сяобо, пры гэтым вёўся пастаянны дыялог з Кітаем — у выніку нічога не атрымалася.
Лукашэнку, вядома, не кіраўнік магутнага Кітая, але ён знаходзіцца пад крылом Масквы. На жаль, я не ўпэўнены, што Захад у дадзены момант можа зрабіць нешта нават для Бяляцкага. Калі сітуацыя зменіцца, перш за ўсё з вайной, Лукашэнка стане больш слабы, яму спатрэбяцца перамовы з Захадам. Ён і сёння зацікаўлены ў перамовах з Захадам, але ягонае жаданне ўпіраецца ў магчымасці: зараз, калі ён нават і паспрабуе дамовіцца пра нешта з Захадам, Масква не дазволіць. Лукашэнка ўжо не вылезе з багны вайны, мне цяжка ўявіць паляпшэнне адносінаў з Захадам зараз.
А калі наступіць іншая рэчаіснасць: Масква аслабне, Лукашэнка вымушаны будзе ісці на кампрамісы, тады не яму будуць прапаноўваць, а ён сам пабяжыць за дапамогай і сам будзе шукаць папярэднікаў. А калі добра прыцісне, то нават на дыялог з Ціханоўскай пойдзе. І такое тэарэтычна магчыма.