Дзмітрый Навоша: У мінскіх судах адбываюцца, па сутнасці, паганскія рытуалы

Медыяменеджар пракаментаваў свой завочны прысуд на 12 гадоў зняволення і разважае пра тое, што цяпер ёсць значна большыя праблемы, чым дзіўныя рытуалы лукашэнкаўскіх «суддзяў».

10_116.jpg


— Я ў прынцыпе не лічу гэта судом і не збіраўся марнаваць на яго свой час, — заявіў Дзмітрый Навоша на канале «Св*бода Premium». — Ёсць велізарная колькасць падзей, якія мяне кранаюць у значна большай ступені.

Мяне глыбока абурае і здаецца чымсьці неймаверным усё, што адбываецца з беларускімі палітвязнямі, ад гэтых зусім «сталінскіх» тэрмінаў да катаванняў і прамога фізічнага ўздзеяння, збіванняў затрыманых і пратэстоўцаў.

Мне здаецца катастрафічным усё, што адбываецца ў Беларусі адносна вайны ва Украіне. Я думаю, што з кожным новым месяцам вайны, з кожным прыездам Шайгу або візітам Пуціна рызыка дадатковага ўключэння Беларусі нарастае.

Я баюся, што мы можам стаць не толькі суагрэсарам, а краінай-агрэсарам, яшчэ больш датычнай да забойстваў украінцаў, якія цяпер прымаюць на сябе асноўны ўдар ад імперыі, што наўпрост пагражае і Беларусі таксама.

Гэта мяне хвалюе значна больш за нейкія, па сутнасці, паганскія рытуалы, якія адбываюцца ў мінскіх судах, калі яны ўтыкаюць шпількі ў фігуркі ненавісных ім «збеглых» і змагароў.


Адной з мэт завочных судоў Навоша лічыць спробу рэжыму выдаць іх за свае заслугі.

— Навошта гэта ўладзе? Напэўна, ім патрэбны нейкія перамогі. Ім складана дамагацца перамог у нейкай іншай вобласці. Нічога не атрымліваецца ў эканамічнай сферы: Беларусь фактычна краіна-банкрут, вымушаная зноў прасіць Расію аб адтэрміноўцы крэдыту.

Нічога не атрымаецца ў вайне, калі ўсё ж такі Лукашэнка пагодзіцца на больш актыўны ў ёй удзел. Відавочна, што ўкраінцы перамогуць. Нічога не атрымліваецца ні ў гуманітарнай, ні ў культурнай, ні ў якой-небудзь іншай сферы. Беларусь цяпер знаходзіцца ў самай жахлівай дэградацыі.

Перамога над змагарамі, якія-небудзь пакаранні, уяўныя і рэальныя ў дачыненні да тых людзей, якія зараз у беларускіх турмах — гэта адзінае, што рэжым можа прад'явіць.

Па-добраму, павінен працаваць закон, павінен быць суд, павінны выконвацца правы ўсіх — і міліцыянтаў, і звычайных грамадзян. Але гэтага балансу ў Беларусі няма. У Беларусі цяпер сіла выключна ў руках аднаго боку. І гэты бок будзе ёю карыстацца да падзення рэжыму Лукашэнкі, таму што гэта адзіны працоўны інструмент, якія яны знайшлі.

Ніякіх спосабаў пераканаць простых беларусаў у карыснасці сваёй улады ў іх няма, і таму Лукашэнка не мае ілюзій, збіраючыся пераабіраць сябе на УНС, а не шляхам выбараў.

У яго няма нічога, толькі суцэльны голы гвалт. На жаль, у такой жорсткай дылеме цяпер знаходзіцца Беларусь, — сказаў на заканчэнне медыяменеджар.

Паводле «Салідарнасці», пераклад «НЧ»