Еўрасаюз па-ранейшаму чакае і гатовы дапамагчы...
Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў 20 лютага выступіў з заявай у сувязі з мясцовымі выбарамі ў Беларусі.
«Мясцовыя выбары ў Беларусі, якія адбыліся 18 лютага, былі магчымасцю для павышэння легітымнасці мясцовых прадстаўнікоў у краіне, аднак шэраг ключавых рэкамендацый, якія былі зроблены Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і Венецыянскай камісіяй Савета Еўропы пасля папярэдніх выбараў, а таксама шэраг выяўленых імі сістэмных недахопаў, засталіся па-за ўвагай.
Еўрапейскі саюз па-ранейшаму чакае ад беларускіх уладаў неадкладнага аднаўлення працы па правядзенні сур'ёзнай і ўсёабдымнай рэформы выбарчага заканадаўства і выбарчых працэдур. Такая рэформа павінна быць праведзена як мага хутчэй да чарговых выбараў для таго, каб выканаць даўнія рэкамендацыі і стварыць аднолькавыя ўмовы для ўсіх. Працэс рэфармавання павінен быць празрыстым ды інклюзіўным. Гэта таксама стала б дадатковым крокам на шляху да поўнай рэалізацыі патэнцыялу адносін паміж ЕС і Беларуссю ў развіццё пазітыўнага супрацоўніцтва, якое нядаўна ўзбагацілася за кошт некалькіх мясцовых ініцыятыў.
Еўрапейскі саюз гатовы дапамагчы Беларусі ў яе намаганнях па прывядзенні выбарчага працэсу ў адпаведнасць з абавязацельствамі ў рамках АБСЕ ды іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў», — гаворыцца ў заяве.