Дзяржаўныя нефармалы
Ёсць такое мудрагелістае слова «аксімаран». Слоўнік падказвае, што з грэчаскай мовы яно літаральна перакладаецца як «дасціпна-бязглуздае» і азначае спалучэнне процілеглых ці кантрастных паняццяў, якія лагічна выключаюць адно аднаго. У слоўніку прыводзяцца прыклады: «жывы труп», «звонкая цішыня», «аптымістычная трагедыя», «убогая раскоша».
Ёсць такое мудрагелістае слова «аксімаран». Слоўнік падказвае, што з грэчаскай мовы яно літаральна перакладаецца як «дасціпна-бязглуздае» і азначае
спалучэнне процілеглых ці кантрастных паняццяў, якія лагічна выключаюць адно аднаго. У слоўніку прыводзяцца прыклады: «жывы труп», «звонкая цішыня»,
«аптымістычная трагедыя», «убогая раскоша».
Мне здаецца, што выраз «дзяржаўныя нефармалы» з таго ж шэрагу. Нягледзячы на тое, што гэты аксімаран я прыдумаў сам, аформіць на яго аўтарскія правы будзе зусім не проста. У мяне
ёсць сур’ёзны канкурэнт у асобе беларускай дзяржавы. Ствараць падобныя аксімараны ў выглядзе нефармальных дзяржаўных структур — яе ўлюбёны занятак.
Мабыць, самая вядомая з дзяржаўных структур хаваецца пад абрэвіятурай НС (Нацыянальны сход). Адкрыем Канстытуцыю. Паводле артыкула 90, Нацыянальны сход — заканадаўчы орган, але сам ён
законаў не распрацоўвае. Палата прадстаўнікоў «разглядае праекты законаў» (артыкул 97, частка 2), а Рада Рэспублікі іх «ухваляе або адхіляе» (артыкул 98, частка
1). А хто ж іх тады распрацоўвае? Канстытуцыя пра тое сарамліва маўчыць, так што без падказкі правазнаўцаў у гэтай справе не разабрацца. Падказка ж выводзіць нас на Нацыянальны цэнтр заканадаўства і
прававых даследаванняў РБ, на галоўнай старонцы сайта якога чытаем: «Асноўныя функцыі Цэнтра — распрацоўка праектаў законаў, правядзенне іх экспертызы, планаванне заканатворчасці ў
РБ».
Такім чынам, заканатворчая дзейнасць ажыццяўляецца ў нас па-за рамкамі Канстытуцыі, яна аддадзена на водкуп дзяржаўнаму нефармалу. Каму, дарэчы, ён падпарадкаваны? Калі чытач лічыць, што
Нацыянальнаму сходу, то моцна памыляецца: «Агульнае кіраўніцтва Цэнтрам ажыццяўляе Адміністрацыя прэзідэнта РБ».
Урокі дзядулі Леніна
Адзін мой прыяцель рэгулярна прымае «Танакан». Прэпарат паляпшае мазгавы кровазварот, а тым самым — памяць. Для беларускай Улады ў якасці «Танакана» ў
мінулым годзе выступіў сусветны крызіс. Падмацую сказанае адпаведным выказваннем вядомага аўтара: «Мы забылі пра тое, што мы ў цэнтры Еўропы і павінны выбудоўваць адносіны з усімі
суседзямі... Не толькі з братэрскай Расіяй, але і з Еўрапейскім саюзам». У тым жа ключы і наступнае сцвярджэнне: «Беларусь — гэта еўрапейская дзяржава».
У чым асноўныя адрозненні еўрапейскіх (заходніх) дзяржаў ад нееўрапейскіх? У адпаведнасці з паліталагічнай азбукай, яны — у навуковай і прававой рацыянальнасці, якая не патрабуе для сябе
ніякай рэлігійнай санкцыі. «Навука і права — вось рэальны ўнёсак Захаду ў сусветнае развіццё, якім не можа пагарджаць ні адна цывілізацыя», — адзначае філосаф
Вадзім Мяжуеў.
Адкінем убок навуку і засяродзім сваю ўвагу на праве. Я не хачу сцвярджаць, што беларуская дзяржава, якая прэтэндуе на цывілізацыйную унікальнасць, цалкам адмаўляецца ад права. Дастаткова наведаць
любы судовы працэс, на якім з аднаго боку выступае дзяржава, а з іншага — прыватная асоба або недзяржаўная структура, і можна атрымаць мноства доказаў трыумфу права. Аднак гэта будзе
перамога з нацыянальным акцэнтам. У чым яна?
Творцам нашага права з’яўляецца Улада. Менавіта таму Парламент як прадстаўнічы орган да стварэння законаў дачынення не мае. Такім чынам, беларускае права — гэта права, якое
спарадзіла Улада. Сэнс яго — абслугоўванне Уладай самой сябе, сваіх уласных патрэбаў. Спіс уладных патрэбаў вялікі, але на першым месцы знаходзіцца неабходнасць самазахавання. Хай даруюць
мне чытачы, але я ў чарговы раз працытую вядомага аўтара: «Божа, а каму я павінен гэту ўладу аддаць?! Вы што, мне гэту ўладу далі для таго, каб я камусьці гэту ўладу аддаў? Калі вы
марксізм-ленінізм уважліва вывучалі, то дзядуля Ленін вучыў, што толькі тая ўлада чагосьці вартая, калі яна ўмее бараніцца».
Заўважу мімаходзь, што прыватная ўласнасць, гэты найістотнейшы інстытут сучаснай эканомікі, у падобнай прававой прасторы не памнажаецца, але гэта тэма для асобнай размовы.
Такое вось ГА
Але як не круці, а на дварэ XXI стагоддзе, і з гэтым вымушана лічыцца нават беларуская Улада. Сярод родных балот сёння ніхто не адважыцца адкрыта заявіць: «Я супраць дэмакратыі».
Іншая справа, што заходнія палітычныя дасягненні, перш чым рэалізавацца ў айчынныя практыкі, праходзяць апрацоўку па прынцыпе «Беларусь здольная гэту дэмакратыю перажаваць і
выплюнуць».
У выніку такога немудрагелістага фізіялагічнага працэсу змест руйнуецца, а форма застаецца. Нацыянальны сход — прыватны выпадак перамогі дэклараванай формы над рэальным зместам. У
паліталогіі дэмакратыі, атрыманыя шляхам перажоўвання і выплёўвання, прынята называць «імітацыйнымі».
Не абавязкова валодаць талентам Дарвіна, каб прасачыць эвалюцыю імітацыйных дэмакратый. У выкладанні палітолага Мікалая Пятрова паслядоўнасць крокаў выглядае наступным чынам: «Спачатку
экспансія прэзідэнцкай улады ва ўсіх накірунках прыводзіла да аслаблення астатніх інстытутаў. Затым, калі няздольнасць аслабленых інстытутаў выконваць у поўным аб’ёме свае функцыі ў
палітычнай сістэме рабілася відавочнай, ім «у дапамогу» ствараліся рознага кшталту субстытуты (замяняльнікі)». Далей падзеі развіваюцца па нарастаючай: рэальнай карысці ад
субстытутаў няшмат, уласнай легітымнасці яны не маюць, таму для падтрымання палітычнай стабільнасці неабходна далейшая экспансія прэзідэнцкай улады.
У свой час сярод незалежных экспертаў было модна разважаць пра палітычныя перспектывы ГА «Белая Русь». Некаторыя гарачыя галовы бачылі ў ёй правобраз «партыі
ўлады» — беларускі аналаг расійскай «Адзінай Расіі» (АР). Праблема, аднак, у тым, што АР ні па сваім уладкаванні, ні па функцыях партыяй улады не
з’яўляецца. Яна не валодае правам фармаваць урад, як у дэмакратычных краінах. Яе асноўная задача — імітацыя масавай падтрымкі Улады.
Варта адзначыць, што ні адзін з кіруючых работнікаў Адміністрацыі прэзідэнта Расіі не з’яўляецца сябрам АР, не з’яўляецца сябрам партыі і сам яе старшыня! А вось стаць сёння
губернатарам і не быць адначасова сябрам «партыі ўлады» шанцаў няшмат. Уступленне ў АР — гэта тэст на лаяльнасць да Улады. Зразумела, што супрацоўнікі Адміністрацыі
прэзідэнта ў падобным тэставанні патрэбы не маюць. Цікава, а ці ёсць свая ячэйка ў ГА «Белая Русь» у чырвоным будынку на вуліцы Карла Маркса?
У базе Міністэрствы юстыцыі «Белая Русь» пазначана як грамадскае аб’яднанне. Але чытачы «НЧ», спадзяюся, і без «Танакана» памятаюць, як
гэта грамадскае аб’яднанне стваралася. Прывяду фрагмент «Паслання–2008»: «…нядаўна да мяне прыйшоў кіраўнік справамі прэзідэнта і разгарнуў
карту, маўляў, гэта патрабаванне кіраўніцтва грамадскай арганізацыі, каб ім былі створаныя ўмовы, — сотні квадратных метраў офісаў, суперсучасныя кампутары і іншае, іншае, іншае. І нямала
чыноўнікаў. Што гэта за патрабаванне? І што гэта тады наогул за партыя? І з чаго пачынае гэты грамадскі рух?»
Колькі ў выніку квадратных метраў офісаў атрымала ГА «Белая Русь», я не ведаю, але што атрымала пры гэтым дзяржава — здагадацца нескладана. Для гэтага дастаткова перачытаць
бравыя справаздачы ЦВК з нагоды фармавання выбарчых камісій. У поўнай адпаведнасці з абноўленым выбарчым заканадаўствам, яны зараз на адну траціну фармуюцца з сяброў «грамадскіх»
арганізацый. Недахопу ў падобных сябрах арганізатары выбараў сёння, думаю, не адчуваюць.
Пра канкурэнцыю трактароў і народаў
Захапленне імітацыйнымі формамі прыводзіць да сумных наступстваў. Дастаткова прыгадаць лёс СССР. Сёння мільёны яго прыхільнікаў праліваюць кракадзілавыя слёзы з нагоды «найвялікшай
катастрофы XX стагоддзя». Але прабачце, а дзе яны былі, калі катастрофа толькі набірала абароты? Чаму ніхто з іх не выйшаў на плошчу? Сярод прафесійных плакальшчыкаў нямала людзей у пагонах.
Чаму ж яны тады не ўзяліся за зброю? Баяліся парушыць прысягу? Дык менавіта прысяга якраз і абавязвала іх узяцца за зброю!
Пытанні можна працягваць, але адказ у агульным выглядзе відавочны. «Найвялікшая катастрофа XX стагоддзя», як бы мы да яе сёння ні ставіліся, была рэальнай падзеяй. Для яе
прадухілення патрабавалася здзейсніць рэальныя ўчынкі, аднак людзей, здольных на такое, у краіне не знайшлося. Адна шостая частка сушы! Амаль 300 мільёнаў насельніцтва! І нуль палітычнага ўдзелу
прыхільнікаў СССР на выхадзе!
Імітацыйная дзейнасць не спрыяе фармаванню пачуцця грамадзянскай адказнасці. Не буду паглыбляцца ў гісторыю і прыгадаю свежы прыклад. 16 лютага на чарговай нарадзе зноў усплыла праблема
дэбюракратызацыі. Прабачыце, але пад бой курантаў 31 снежня 2007 года Улада ўзяла на сябе пэўны абавязак: «У наступным годзе (у 2008-м) павінен быць канчаткова завершаны працэс
дэбюракратызацыі. Гэта своеасаблівы экзамен для ўсіх органаў улады».
На дварэ люты 2010 года. Дзе можна азнаёміцца з вынікамі экзамену? Калі яны былі нездавальняльнымі, то хацелася б хоць адным вокам зірнуць на аналіз прычынаў і даведацца, хто канкрэтна прыцягнуты да
адказнасці і якія зробленыя высновы на будучыню?
Пра тое, што беларускія трактары канкуруюць з трактарамі замежных фірмаў, сёння вядома ўсім. Але ці шмат хто здагадваецца, што на знешнім «рынку» канкуруюць паміж сабой дзяржавы і
народы? У выніку такой канкурэнцыі адны дзяржавы і народы развіваюцца, а іншыя дэградуюць. Апошнім не пазайздросціш. На гістарычную сцэну выйсці двойчы — задача практычна безнадзейная.
У снежні 2008 года падчас апытання НІСЭПД 42 працэнты рэспандэнтаў заявілі пра сваю гатоўнасці пераехаць у іншую краіну на сталае месца жыхарства. Безумоўна, жаваць дэмакратыю як жуйку, а потым
выплёўваць перажаванае ў грамадскіх месцах некаторым персанажам палітычнага працэсу можа прыносіць пэўнае задавальненне. Толькі не трэба пасля гэтага дзівіцца прыведзенаму вышэй выніку
апытання.
Сярод тых, хто жадае выехаць на ПМЖ, пераважаюць людзі маладыя і адукаваныя. Краіна, у якой законы пішуцца для кіравання падданымі, а не для абароны грамадзян ад Улады, іх не задавальняе.
Імітацыйнымі моладзевымі арганізацыямі кшталту БРСМ становішча не выправіць, і ніякія сродкі падаткаплатнікаў, шчодра вылучаныя з бюджэту, пры гэтым не дапамогуць. Імітацыя — яна і ёсць
імітацыя, у адрозненне ад чалавечага жыцця, якое заўсёды канкрэтнае. Хай даруе мне класік савецкай літаратуры, але жыццё, сапраўды, даецца адзін раз, і ўсё больш беларусаў лічаць, што пражыць яго
трэба там, каб не было потым пакутліва балюча за бессэнсоўна пражытыя гады тут.