14 траўня 1995 года мы адмовіліся ад нашых сімвалаў, каб сёння за іх паміраць
Кажуць, кожны народ варты свайго правіцеля. І гэта праўда, якая пацвярджаецца беларускім прыкладам. Дваццаць шэсць гадоў таму мы сваімі рукамі зрабілі наша сёння.
Нам не хочацца гэта прызнаваць, нам хочацца зрабіць кагосьці іншым вінаватым, але праўда ў тым, што адказнасць за наша сёння ляжыць менавіта на нас усіх. На тых, хто маўчаў і не высоўваўся, на тых, хто будаваў сваё жыццё, не зважаючы на беззаконне, на тых, хто спрабаваў нешта змяніць, але ў пэўны момант таксама змірыўся ці прыстасаваўся.
Дваццаць шэсць гадоў таму мы самі зрабілі наша сёння, сваімі рукамі, галасамі, маўчаннем, абыякавасцю, нежаданнем разумець відавочнае. Мы адмовіліся тады ад нацыянальных сімвалаў, каб сёння за іх паміраць ці ісці на нары. Пагадзіліся на ганьбаванне нашай мовы, каб сёння па кавалачках спрабаваць яе адраджаць і вучыць нашых дзяцей простым словам. Мы самі далі ў рукі Лукашэнку магчымасць зруйнаваць падзел улады, пагадзіўшыся на роспуск парламента. І самі ж палезлі ў пятлю «брацкіх абдымкаў», дазволіўшы паглыбленне інтэграцыі з Расіяй. Здарылася гэта 14 траўня 1995 года. Менавіта тады адбыўся першы рэферэндум, які пазбавіў нас нацыянальных дзяржаўных сімвалаў, роднай мовы і права вырашаць свой лёс.
Памятаеце, як гэта было? Праект пастановы аб правядзенні рэферэндуму парламентарыі пачалі разглядаць 11 красавіка 1995 года. Парламенцкая фракцыя БНФ абвясціла галадоўку. Неўзабаве да чальцоў дэпутацкае групы далучыліся некаторай сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ). Усяго колькасць галадоўнікаў дасягнула 19 чалавек, якія размясціліся ў Авальнай Зале.
У ноч з 11 на 12 красавіка спецназ у масках уварваўся ў залу пасяджэнняў парламента, збіў дэпутатаў і выкінуў усіх з будынка парламента. Фармальна, спецаперацыю апраўдалі тым, што паступіў ананімны званок аб тым, што нібыта ў парламенцкім памяшканні знаходзіцца ці то бомба, ці то міна. Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі даводзілі, што «ніхто нікога не біў», а самі галадоўнікі-дэпутаты быццам бы «пагражалі кровапраліццем, дасталі нажы, пагражалі адрэзаць сабе галовы». Нягледзячы на патрабаванне збітых дэпутатаў прадэманстраваць відэакасету з запісам жорсткай эвакуацыі, а таксама прад’явіць гэтую касету следчым, гэтага зроблена не было.
13 красавіка дэпутаты вярнуліся да разгляду пытанняў. Гэта быў апошні дзень працы гэтага парламента. Разгарнуліся вострыя дыскусіі. Але ў выніку за правядзенне рэферэндуму 14 траўня 1995 года прагаласавалі 177 дэпутатаў са 185 тых, хто галасаваў.
Каманда Лукашэнкі спрабавала выкарыстаць піяраўскія тэхналогіі, праяўляць вынаходлівасць, мабілізаваць на агітацыю некаторых беларускіх вядомых дзеячаў культуры і мастацтва (акцёр Уладзімір Гасцюхін, мастак Міхаіл Савіцкі і інш.). Адначасова прыхільнікі Лукашэнкі імкнуліся дыскрэдытаваць БНФ у вачах беларусаў, даказаць яго разбуральную сілу. Напярэдадні рэферэндуму была паказана вытрыманая ў духу лепшых таталітарных прапагандысцкіх традыцый стужка рэжысёра Юрыя Азаронка «Дзеці хлусні». У фільме БНФ асацыяваўся з калабарантамі падчас акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Па афіцыйных даных Цэнтральнай выбарчай камісіі, з 4 823 482 чалавекі, якія прынялі ўдзел у рэферэндуме, за наданне рускай мове такога ж статусу як беларускай, прагаласавалі 4 017 213 (або 83,3%), ад нацыянальных сімвалаў адмовіліся — 3 622 851 (75,1%), пагадзіліся на далейшую інтэграцыю з Расіяй — 4 020 001 (83,3%), а на магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў парламента — 3 749 266 (77,7%). І хаця агульная колькасць выбаршчыкаў тады была 7 445 820 чалавек, і супраць сімвалаў не прагаласавала нават палова, гэта не перашкодзіла яшчэ да абвяшчэння Цэнтрвыбаркамам афіцыйных вынікаў, 16 траўня, спусціць наш бел-чырвона-белы сцяг з будынка Адміністрацыі прэзідэнта і парваць яго на кавалкі. Лукашэнка і яго асяроддзе не хавалі свайго задавальнення. Яны заяўлялі, што нацыяналістычныя сілы пасля паразы на рэферэндуме не маюць ніякага права на ўладу ў краіне.
Узгадалі? Пасля былі новыя рэферэндумы, галасы на якіх ужо і не лічылі. Новыя наступы на свабоду і незалежнасць. Але пачалося ўсё тады. І тое, што мы маем сёння, — расплата за невідушчае ўчора. Сотні палітзняволеных, тысячы закратаваных, забарона на думкі, словы, на ўсё жывое — наша плата за заплюшчаныя вочы і заткнутыя вушы. Бо нічога ў гэтым жыцці не бывае дарма, і не бывае пакарання ні за што.
Ці разумеем мы гэта? Ці ўсведамляем, што годнае жыццё, лепшую долю трэба заслужыць. За яе трэба змагацца, яе трэба песціць і гадаваць як малое дзіця. Што наша заўтра, заўтра нашых нашчадкаў мы ствараем сёння. Кожны дзень, кожным нашым учынкам. Кожным словам ці маўчаннем. Кожнай дзеяй ці бяздзеяннем. Бо шлях да лепшай долі — доўгі, пакручасты і часам нясцерпны. Ён вымагае моцы духу і шчодрасці сэрца. І не бывае без ахвяр. Але мы павінны яго прайсці, каб не проста выжыць, а адрадзіцца.
Заплюшчым вочы зноў?