Хто ведае, куды расце Расія
Памыляецца той, хто спрабуе знайсці ў прамовах Лукашэнкі глыбокі сэнс, ці нават проста важную інфармацыю, карысную для сябе, для людзей, для краіны. Сёлета — як летась, а летась — як пазалетась.
Канстанцін Скуратовіч
Здаецца, што пасталеў чалавек. Адно, што за дваццаць год навучыўся — у хакей гуляць, але ужо спрыт і маладыя сілы далёка не тыя.
Падначалены яму “народзец” мітусіцца, камбінуе, нешта робіць, нешта за гэта атрымлівае, а яму хоць шум баравы. Чаму? Таму, што цяжка жыць, адказвае. Вось і апошняе свае пасланне “парламенту” і народу Лукашэнка пачаў з таго, што жывем мы ў няпросты час, бо завіравала Украіна, а Расія спрабуе падняцца ў свой гістарычны рост. І што з гэтага атрымаецца, ніхто не ведае. Можа, трапіць пад раздачу і Беларусь, якую таксама могуць звінаваціць, што яна замінае гэтаму росту.
Але пра які гістарычны рост гаворка вядзецца? Прыкладам, была імперыя царская, дзе з розных прычын і па-свойму, але ўсё ж разумелі, што якой бы ні была руская моц, ёсць пэўныя еўрапейскія рамкі, акрэсленыя інтарэсамі іншых еўрапейскіх уладароў. Таму Расія сваю чарговую вайну распачынала толькі пасля таго, як знаходзіла сабе патрэбных на дадзены гістарычны момант хаўруснікаў. То супраць Францыі ў хеўры з Прусіяй, то супраць Прусіі — з Францыяй. А быў яшчэ і такі цікавы момант, калі Расія атрымала ад хаўруснікаў своеасаблівы еўрапейскі мандат на права душыць любы рэвалюцыйны рух, дзе б ён ні заварушыўся.
Але надарыўся ў расійскай гісторыі і такі цікавы момант, калі ўратаваныя Расіяй манархіі, узорна пакаралі яе за тое, што яна паквапілася на большае, чым дамаўляліся. Гэта была тая самая Крымская вайна, калі на Расію навалілася ўся Еўропа.
Але ўсё гэта адбывалася ў той гістарычнай эпосе, калі Расія была “нармальнай” імперыяй, як і астатнія. І ўсе войны, з любога боку, былі за імперскія інтарэсы. Расія гуляла па тагачасных звычайных правілах. Калі мела магчымасць і моц — забірала сабе і суседскія тэрыторыі, і багацце. Іншае было незразумелым ні для саюзнікаў, ні для сапернікаў, ні, нават, для саміх ахвяраў.
Вядома, што перамогу над той Расіяй атрымалі бальшавікі, якія адмянілі ўсе былыя палітычныя нормы і правілы і распачалі вайну супраць усіх, хто не з імі. І адбудавалі на абломках старой імперыі імперыю новага таталітарнага ўзору, якая замахнулася на ўсясветнае валадарства. Гэта быў грандыёзны праект, які патрабаваў ахвяр, ахвяр і ахвяр. Нічога і нікога не шкадавалі. У сродках не саромеліся. Як ўнутры краіны, так і ў вонкавым свеце.
Як некалі пісаў паляк Іосіф Мацкевіч, цяжка было нават уявіць, што дыпламатычныя прадстаўніцтвы былой Расіі мелі б сваёй галоўнай задачай падрыўную працу супраць урадаў і сістэм краін сваёй акрэдытацыі. У савецкай дыпламатыі такая практыка была галоўнай.
Гэта адтуль вынаходніцтва: прызнаць незалежнасць сваіх суседзяў, каб потым далучыць да сябе. Гэта напачатку Ленін і Троцкі наладзілі шумны парад суверэнітэтаў на імперскіх ваколіцах. Але ўрэшце сваю дзяржаўнасць удалася адстаяць толькі Фінляндыі. З 1925 па 1941 год Савецкі Саюз падпісаў 15 дагавароў аб ненападзенні і нейтралітэце, з якіх 11 парушыў сам, а два — Гітлер І Мусаліні.
Але вось аднойчы сусветны камунізм абрынуўся, як той даўгабуд, якому адмовілі ў фінансаванні. Можна сказаць, што аднойчы СССР перажыў сябе.
Можна сказаць і па-іншаму. Савецкі камунізм не атрымаў рашучую перамогу над Расіяй. У яе застаўся гістарычны шанец на выжыванне і развіццё. Як бы гэта банальна ні гучала, Расія атрымала магчымасць вярнуцца да дабальшавіцкай знешняй палітыкі, да той дэмакратычнай перспектывы, якую адкрывала Лютаўская рэвалюцыя. Але зноў здарыўся аблом. Расія зноў адзяваецца ў сталінскі шынель.
Перспектыва адкрылася і перад Беларуссю. Але замест таго, каб таксама адкрыцца усім, абмежавала сябе амаль выключна расійскімі стасункамі. За сыравінную пахлёбку засталася ці не адзінай хаўрусніцай новай недапечанай імперыі. Якая сама не ведае, куды расці, куды ісці.
Не адзін Лукашэнка не ведае, куды падымаецца Расія. Дакладней, супраць каго яна падымецца заўтра. Як засведчыў Пяскоў, прэс-сакратар Пуціна, той сам прымаў рашэнне аб анексіі Крыма. Гэта значыць тайком ад усіх. Не толькі ад амерыканцаў, але і ад “расіян”, і ад Лукашэнкі.
Добра, што беларускія прадпрыемствы “мала-памалу” працуюць, але яны не абароняць краіну ад зялёных чалавечкаў.