Беларуска-ўкраінскія сем'і — пра вайну і адносіны з блізкімі

Тры беларуска-ўкраінскія сем'і і ўкраінка, якая пражыла ў Беларусі амаль 50 гадоў, расказалі «Deutsche Welle», як на іх жыццё паўплывала вайна РФ супраць Украіны.

Антываенная акцыя беларусаў Лондана, 18 сакавіка 2022 г.

Антываенная акцыя беларусаў Лондана, 18 сакавіка 2022 г.


Многіх беларусаў і украінцаў звязваюць сямейныя повязі. Як змяніліся стасункі паміж людзьмі, калі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі паляцелі расійскія ракеты, а за ўкраінскі сцяг на мінскім балконе могуць скласці адміністрацыйны пратакол?

«Вечарамі глядзім украінскія навіны»

«Некалькі разоў на дзень муж стэлефаноўваецца з усімі сваякамі, якія засталіся ва Украіне. Вельмі перажываем. Вечарамі цяпер глядзім не кіно, а ўкраінскія навіны», — распавядае мінчанка Марына. Яе муж Сяргей — украінец, пара жыве ў Беларусі. Пасля пачатку вайны, паводле слоў жанчыны, некаторыя сябры мужа пісалі яму паведамленні, якія «асуджаюць беларусаў».
«Ён быў вельмі злы і нават аднаму напісаў адказ, але не адправіў. Разумеем, што людзі, чые жыцці ў небяспецы проста зараз, часам не могуць крытычна глядзець на рэчы. Беларусы цяпер для многіх украінцаў сталі ворагамі», — з жалем адзначае суразмоўца.
Што тычыцца родных самой Марыны, то, паводле яе слоў, да вайны ва Украіне яны ставяцца па-рознаму. Ёсць тыя, хто рэзка асуджае расійскую агрэсію, і тыя, хто займае нейтральную пазіцыю: «Я не чытаю навіны, каб не засмучацца, і вы не чытайце, вы ж у бяспецы і нічога не можаце змяніць». А вось людзей з адкрыта прарасійскімі поглядамі сярод сваякоў Марыны няма.
«Мой стрыечны брат служыць ва ўнутраных войсках, але ён вельмі інфантыльны і, як мне здаецца, наогул ні па якім пытанні ўласнага меркавання не мае. Муж хацеў пагаварыць з яго бацькам, маім дзядзькам, але той не зняў трубку. Хоць мне потым ператэлефаноўваў, дазнаваўся, як муж, як украінскія сваякі, гаварыў, што не хоча, каб сын ішоў ваяваць, калі "самі ведаеце хто" падтрымае сябра Пуціна і ўвядзе войскі ва Украіну», — распавядае Марына.
Беларуска кажа, што яе сям'я верыць у хуткую перамогу Украіны. «Муж пасля вайны хоча вярнуцца на радзіму, я, у прынцыпе, таксама не пярэчу», — дзеліцца планамі Марына.


Пратакол за ўкраінскі сцяг на балконе

«Вельмі горка, што і з тэрыторыі Беларусі ажыццяўляецца агрэсія ў выглядзе абстрэлаў, вылетаў самалётаў, заходу расійскіх войскаў. Дзякуй Богу, пакуль хоць быццам беларускіх вайскоўцаў ва Украіне няма», — кажа Валянціна. Яна ўкраінка, але 47 гадоў пражыла ў Беларусі. Усе родныя жанчыны, акрамя сына, жывуць ва Украіне.
«Сваякі ў Чарнігаве былі пад абстрэламі і бамбёжкамі. Сястра з дачкой жылі ў Харкаве, цяпер эвакуіраваліся ў Днепр, таму што ў Харкаве таксама былі ракетныя абстрэлы, бамбёжкі, пацярпелі дамы, бальніцы, школы», — расказвае Валянціна.
Што тычыцца рэакцыі беларусаў на тое, што адбываецца ва Украіне, то, паводле слоў жанчыны, у яе асяроддзі ўсе разумеюць, хто на каго напаў: «Калі ідуць баявыя дзеянні на чужой тэрыторыі, то гэта называецца вайной, той, хто яе вядзе — акупант. Сярод суседзяў, відавочна, ёсць тыя, хто гэтага не разумее. Калі ў першы дзень вайны я вывесіла на балконе ўкраінскі сцяг, нехта патэлефанаваў у міліцыю. Да мяне прыязджалі, сцяг канфіскавалі, пагражалі, што, як яны выказаліся, правядуць ператрус».
За ўкраінскі сцяг на Валянціну склалі адміністрацыйны пратакол за незаконнае пікетаванне, жанчыну чакае суд.

«У Беларусі ты нічога не можаш рабіць свабодна»

Андрэй і Вольга (імёны змененыя па просьбе суразмоўцаў) і двое іх дзяцей пераехалі ва Украіну з Беларусі за два месяцы да вайны.
«Я ўкраінка, родам з Данецка, пераехала да мужа ў Беларусь у 2013 годзе, але заўсёды адчувала, што не хачу там жыць. Я ніколі не займалася палітыкай, але на ўзроўні інтуіцыі адчувала, што ва ўмовах беларускага рэжыму ты нічога не можаш рабіць свабодна, — кажа Вольга. — Калі над Мінскам пачалі лётаць верталёты, муж казаў, што гэта штогадовыя вучэнні, але мне так не здавалася. Я зразумела, што больш не магу там знаходзіцца, мы прынялі рашэнне на нейкі час пераехаць ва Украіну».
Паводле слоў Андрэя, за два месяцы жыццё ва Украіне пачало наладжвацца, ён паспеў уладкавацца на працу і прызнаецца, што не верыў у магчымую вайну.
«24 лютага ў пяць раніцы мы падскочылі, таму што пачулі выбух у Броварах (прыгарад Кіева). Абстрэльвалі нейкую вайсковую частку», — расказвае Вольга. Практычна адразу сям'я вырашыла эвакуявацца з Украіны, выехалі на другі дзень вайны, праз трое сутак апынуліся ў Варшаве. Там у Андрэя жыве брат. Пад Кіевам засталіся бацькі Вольгі і двое яе пляменнікаў.
«Мае бацькі пераехалі з Данецка, яны слухаюць па тэлевізары расійскую прапаганду і на баку Расіі. Такі парадокс», — дзеліцца Вольга. Сваякі Андрэя ў Беларусі прытрымліваюцца іншага меркавання. «Усе даўно разумеюць беларускую рэальнасць, з чым гэта звязана, чаму так адбываецца, адэкватна ацэньваюць тое, што адбываецца ва Украіне, давяраюць не таму, што паказваюць па тэлевізары, а нашым расповедам», — кажа мужчына.

Расія «ратуе ўкраінцаў»?

Кацярына — беларуска, родам з Гомеля, яе муж Юрый — украінец, да нядаўняга часу сям'я жыла ў Адэсе. Кацярына кажа, што яны не чакалі вайны і тое, што адбываецца, дагэтуль здаецца дрэнным сном.
«У нас амаль усе суседзі з'ехалі. Тры ночы ўвогуле не спалі, сядзелі на падлозе ў калідоры далей ад вокнаў, ўздрыгвалі ад кожнага гуку. Пастаянна чутныя гукі стральбы, бачылі, як проста перад вокнамі праязджала танкавая калона», — успамінае беларуска. У выніку сям'я вырашыла эвакуіравацца. Як прызнаецца жанчына, калі ехалі да мяжы, вельмі баяліся, што дзесьці па дарозе пачнецца перастрэлка.
Цяпер Кацярына з сям'ёй накіроўваецца ў Нямеччыну, яе мужу, паколькі ён працуе ў Еўропе, таксама ўдалося выехаць з Украіны. Жанчына кажа, што вяртацца ў Беларусь пакуль не плануе.
«У Беларусі родныя спачуваюць і баяцца, што да іх гэта (вайна — Заўв. рэд.) таксама прыйдзе. Яны не падтрымліваюць уладу і вайну. Хоць людзі старэйшага пакалення, тыя, хто толькі глядзяць тэлевізар, лічаць, што Расія нас ратуе», — кажа Кацярына.