Беларусь узмацняе кантроль над мяжой з Расіяй

На дзеянні расійскага боку, накіраваныя на зніжэнне празрыстасці беларуска-расійскай мяжы, Мінск адказвае узмацненнем фактычнага кантролю ў прыгранічных раёнах.

lida_696x369.jpg

Гэтыя дзеянні з аднаго боку, адказваюць агульнадзяржаўным інтарэсам. Але з іншага — здольныя выклікаць рост пратэстных настрояў жыхароў памежных з Расіяй беларускіх тэрыторый.
Федэральная служба бяспекі Расіі публічна пацвердзіла фактычную забарону перамяшчэння грамадзян трэціх краін праз беларуска-расійскую мяжу на сушы. Нагода: няўзгодненасць паміж Расіяй і Беларуссю рэжыму ўезду, выезду і знаходжання грамадзян трэціх краін на іх тэрыторыях. Рэальнай прычынай дзеянняў расійскага боку з'яўляецца спроба прымусу афіцыйнага Мінска да стварэння адзінай візавай прасторы. Што на практыцы будзе азначаць адмову Беларусі ад суверэннага права самастойна вызначаць парадак уезду і знаходжання на нацыянальнай тэрыторыі замежнікаў.
Беларускае памежнае ведамства ўстрымліваецца ад публічных каментароў заяў з Расіі. Але гэта не азначае пасіўнасці.
Так, 2 лістапада ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці ў 300 метрах ад мяжы з Расіяй супрацоўнікамі органаў памежнай службы Беларусі была спынена спроба незаконнага вывазу лому чорнага металу.
3 лістапада, у мяжуючым з Расіяй Добрушскім раёне памежнікі спынілі незаконны ўвоз тавараў з Расіі ў Беларусь.
У той жа дзень супрацоўнікі органаў пагранічнай службы спецыяльнага прызначэння і Гомельскай памежнай групы ў 12 кіламетрах ад мяжы з Расійскай Федэрацыяй спынілі спробу ўвозу ў Беларусь 120 кг насвая.
Афіцыйны Мінск не мае намеру падпарадкоўвацца ціску з боку Масквы. І гатовы рэагаваць на разгортванне Расіяй памежнай аховы мяжы з Беларуссю. Захады ў адказ патрабуюць дадатковых фінансавых выдаткаў і арганізацыйных намаганняў з беларускага боку. Аднак значна большай праблемай з'яўляецца высокі ўзровень залежнасці насельніцтва мяжуючых з Расіяй беларускіх раёнаў ад гандлёва-эканамічных сувязяў (у тым ліку і легальных) з суседняй краінай. У выпадку разрыву якіх сацыяльная сітуацыя ў прыпамежных раёнах Беларусі можа рэзка абвастрыцца, што пацягне за сабой рост пратэстных настрояў мясцовых жыхароў, якія ў большасці сваёй з сімпатыяй ставяцца да Уладзіміра Пуціна і ў значнай ступені з антыпатыяй да Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле bsblog.info