749-ты дзень вайны: удары па Крывым Розе і Сумах, выбухі на заводзе ў Разані
Па інфармацыі Генштаба УСУ, за суткі армія Украіны абясшкодзіла 980 расійскіх акупантаў, знішчыла 5 танкаў, 20 ББМ і 32 артылерыйскія сістэмы.
***
12 сакавіка расіяне выпусцілі па Крывым Рогу кіраваную авіяцыйную ракету Х-59, яе абломкі ўпалі на шматпавярхоўку, узнік пажар. Спачатку паведамлялася, што тры чалавекі загінулі і больш за 40 атрымалі раненні.
У бальніцы памерла жанчына, такім чынам, колькасць загінулых ад расійскага ракетнага ўдару ўзрасла да 4. У шпіталі знаходзіцца яшчэ 6 чалавек у цяжкім стане, у тым ліку 2 дзяцей.
***
СБУ нейтралізавала ў Кіеве злачынную арганізацыю, якая праводзіла інфармацыйныя дыверсіі на замову ФСБ. Зламыснікі масава прадукавалі і «разганялі» пракрамлёўскія наратывы і правакацыйныя паведамленні, якія павінны былі дэстабілізаваць грамадска-палітычную сітуацыю і распальваць рэлігійную нянавісць ва Украіне.
У выніку комплексных мерапрыемстваў СБУ выкрыла больш за 15 удзельнікаў групоўкі, чатыры ключавыя фігуранты ўжо затрыманыя. Сярод іх — адзін з кіраўнікоў сталічнага храма УПЦ МП, які ўваходзіў у агентурны апарат расійскіх спецслужбаў. Паводле звестак крыніц «Украінскай праўды», гаворка ідзе пра святара Сяргея Чарціліна.
***
Раніцай 13 сакавіка ў расійскай Разані прагрымела тры выбухі. Пасля ў сетках з'явілася відэа пажару на мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе. Плошча пажару на разанскім нафтазаводзе — 100 квадратных метраў, гарыць ўстаноўка блока цеплаабменніка. На месца выехалі пажарныя.
***
Ва Украіне 2 чалавекі загінулі і 5 атрымалі раненні ў выніку ўдару расіян па горадзе Мірнаград у Данецкай вобласці 12 сакавіка. Акупанты скінулі на горад авіябомбу «Гром-Е1» і патрапілі ў 5-павярхоўку. Усяго ў выніку ўдару пашкоджаны 4 дамы.
Ратавальнікі здолелі выцягнуць з-пад завалаў 13-гадовую дзяўчыну — яна не атрымала фізічных траўмаў. Усе параненыя атрымліваюць медыцынскую дапамогу: 1 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане, трое — у стане сярэдняй цяжкасці.
Яшчэ 6 чалавек удалося выратаваць з разбуранага дома, з іх 1 — дзіця.
***
У ноч на 13 сакавіка акупанты атакавалі Сумы беспілотнікамі тыпу «Шахед», адзін з іх трапіў у шматкватэрны дом, у выніку чаго ёсць загінулыя і параненыя. У выніку ўдару ўспыхнуў пажар.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ёсць загінулыя (інфармацыя ўдакладняецца), з-пад завалаў выратавалі 10 чалавек, 8 з якіх атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
У выніку траплення «Шахеда» ў жылой пяціпавярхоўцы пашкоджаны 30 кватэр, з іх 15 – разбураныя.
***
ЗША абвясцілі ваенную дапамогу Украіне на 300 млн долараў.
Злучаныя Штаты прадастаўляюць Украіне экстраны пакет ваеннай дапамогі на 300 млн долараў. Пакет утрымлівае вялікі транш артылерыйскіх боепрыпасаў і кіраваных рэактыўных снарадаў GMRLS для рэактыўных артылерыйскіх сістэм HIMARS. Дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван падкрэсліў, што гэты пакет не замяняе і не павінен адкладаць «крытычную неабходнасць» прыняцця двухпартыйнага законапраекта аб дапамозе Украіне, Ізраілю і Тайваню.
***
Данія абвясціла аб чарговым пакеце вайсковай дапамогі Украіне.
Урад Даніі абвясціў аб новым пакеце вайсковай дапамогі Украіне. Паводле звестак Мінабароны Даніі, агульны кошт пакета складае блізу 2,3 мільярда дацкіх крон (337 млн долараў ЗША). Пакет прадугледжвае перадачу Украіне САУ Caesar, самаходных 120-мм мінамётаў і боепрыпасаў да іх. Грошы на іх Данія выдзеліла ў супрацоўніцтве з Францыяй, а на 155-мм артылерыйскія снарады — у супрацоўніцтве з Эстоніяй і Чэхіяй.
***
Расійскія добраахвотнікі зайшлі на тэрыторыю Белгародскай вобласці.
У прарыве мяжы РФ прынялі ўдзел Легіён Свабода Расіі (ЛСР), Рускі Добраахвотніцкі корпус і добраахвотнікі Сібірскага батальёна. Яны здзейснілі заход на тэрыторыю ворага ў начны час сутак на цяжкай тэхніцы.
***
Расія працягвае несці страты ў захопніцкай вайне супраць Украіны, толькі за мінулыя суткі сілы абароны абясшкодзілі 980 акупантаў, знішчылі 5 танкаў, 20 ББМ і 32 артылерыйскія сістэмы, паведамляе Генштаб УСУ.
Агульныя баявыя страты расіян з 24.02.22 па 13.03.24 арыентыровачна склалі:
- асабовага складу — каля 426 870 (+980) чалавек,
- танкаў — 6752 (+5) адз.,
- баявых браніраваных машын — 12 921 (+20) адз.,
- артылерыйскіх сістэм — 10 554 (+32) адз.,
- РСЗА — 1017 (+1) адз.,
- сродкаў СПА — 715 (+2) адз.,
- самалётаў — 347 (+0) адз.,
- верталётаў — 325 (+0) адз.,
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 8205 (+22) адз.,
- крылатых ракет — 1919 (+1) адз.,
- караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.,
- падводных лодак — 1 (+0) адз.,
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 13 932 (+62) адз.,
- спецыяльнай тэхнікі — 1699 (+8) адз.