304-ты дзень вайны Расіі ва Украіне: выбух у Крыме, начныя абстрэлы і магчымы наступ з Беларусі
Апошнія навіны з украінскага фронту.
***
У часова акупаваным пасёлку Ніжнегорскі ў анексаваным РФ Крыме раніцай 24 снежня адбыўся выбух. Відавочцы ў мясцовых Telegram-каналах паведамляюць пра магчымы пралёт беспілотнікаў. У тэксце да аднаго з апублікаваных відэадопісаў гаворыцца, што відэа знятае побач з нафтабазай у вёсцы Разлівы. На запісе чутныя выбух і словы відавочцы, які сцвярджае, што ён бачыў два беспілотнікі.***
У Запарожскай вобласці ў ноч на 24 снежня пасля сігналу паветранай трывогі прагрымелі выбухі. Пра гэта паведаміў Telegram-канал «Суспильне Запарожжа». Ракеты трапілі ў гімназію і жылыя дамы. Ахвяр няма.
Таксама былі абстраляныя Краснапольская і Ясьманская абшчыны Сумскай вобласці. Усяго было нанесена 45 удараў, напісаў у Telegram-канале кіраўнік Сумскай АВА Дзмітрый Жывіцкі. Паводле яго слоў, у Краснапольскай абшчыне сем мін разарваліся на мяжы, а затым УС РФ скінулі выбухоўку з квадракоптара. Па тэрыторыі Ясьманскай абшчыны расійцы вялі артылерыйскі агонь, было 20 «прылётаў», ад выбухаў пацярпеў фельчарска-акушэрскі пункт.
***
Расія вывела ў Чорнае мора карабель з «Калібрамі». На дадзены момант у Чорным моры знаходзяцца 11 баявых адзінак, сярод іх ёсць ракетаносьбіты, яны ўкамплектаваныя ракетамі. Гэта два надводныя і адзін падводны карабель, іх агульны залп можа дасягаць 20 ракет.
***
Верагоднасць паўторнага наступлення расійскіх вайскоўцаў з тэрыторыі Беларусі застаецца нізкай, лічыць начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў. У інтэрв'ю газеце «The New York Times» ён заявіў, што на дадзены момант няма даных, якія пацвярджаюць верагоднасць пагрозы, аднак цалкам выключаць магчымасць такога наступу не варта.
Паводле слоў кіраўніка ўкраінскай вайсковай выведкі, вайсковыя падраздзяленні РФ у Беларусі не выбудаваныя ў штурмавыя парадкі, мабілізаваных з навучальных лагераў адпраўляюць ваяваць на ўсход Украіны, на палігонах адсутнічае ў дастатковай колькасці бронетэхніка. Буданаў паказаў на спробы расійцаў стварыць бачнасць падрыхтоўкі да наступальных дзеянняў. У прыватнасці, армія РФ, паводле яго слоў, прымяняе савецкі метад «каруселяў»: адпраўляе цягнікі з вайскоўцамі да мяжы з Украінай і вяртае іх да месцаў дыслакацыі.
Амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) таксама па-ранейшаму ацэньвае рызыку расійскага ўварвання ва Украіну з Беларусі як нізкую, але магчымую. РФ занятая «дэманстрацыяй прыкмет» да такой падрыхтоўкі: напярэдадні Беларусь паказальна заяўляла пра разгортванне палявых шпіталяў на сваёй тэрыторыі.
Аднак існуюць рэальныя прыкметы падрыхтоўкі наступу расійскіх войскаў на іншых кірунках, гаворыцца ў справаздачы. Напрыклад, на паўночна-захадзе Луганскай вобласці. 23 снежня на гэтым участку фронту Генштаб УСУ назіраў павелічэнне перакідкі асабовага складу, ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў. У Луганскую вобласць перакінулі і элітныя ПДВ з Херсонскага і Харкаўскага кірункаў.
***
Уладзімір Пуцін не валодае дакладнай інфармацыяй пра становішча расійскай арміі ва Украіне, бо яго бліжэйшае асяроддзе і сілавікі хаваюць ад прэзідэнта «непрыемныя» дэталі, піша выданне «The Wall Street Journal». Паводле даных крыніц WSJ, Пуцін атрымлівае пісьмовую зводку з фронту кожную раніцу, аднак, па-першае, акцэнт у ёй заўсёды робіцца на поспехах, а няўдачы згладжваюцца, а па-другое, яна часам спазняецца на некалькі дзён, паколькі праходзіць праз фільтры ФСБ, Савета бяспекі і асабіста яго кіраўніка Мікалая Патрушава.
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў у каментары выданню назваў высновы пра недасведчанасць Пуціна наконт рэальнай сітуацыі на фронце «пустымі здагадкамі»: «Любыя сцвярджэнні, што ён атрымлівае скажоную інфармацыю, не адпавядаюць рэчаіснасці».
***
Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны паведамляе, што па стане на 06:00 24 снежня украінская авіяцыя на працягу сутак нанесла 13 удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу, ўзбраення і ваеннай тэхнікі расійцаў, а таксама ўдар па пазіцыях іх зенітна-ракетнага комплексу. «Пацверджана збіванне 9 варожых БПЛА розных тыпаў», — гаворыцца ў паведамленні. Таксама адзначаецца, што падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі Сіл абароны Украіны разбілі два пункты кіравання, два склады боепрыпасаў і 11 раёнаў засяроджання жывой сілы расійскай арміі.