Запрашаем пабачыць і патрымаць у руках гістарычную пячатку з Лаўрышаўскага манастыра

1 лістапада ў в. Лаўрышава (Шчорсаўскі сельсавет, Навагрудскі р-н, Гродзенская вобл.) грамадскасці будзе ўпершыню прадстаўлена пячатка XIII–XIV ст., якая выяўлена ў ліпені 2015 г. пры археалагічных раскопках на селішчы Лаўрышаўскага манастыра.



piacatka_lauryshau.jpg

Мерапрыемства адбудзецца на падворку манастыра з 11 гадзін да 12 – 12:30. Запрашаюцца ўсе цікаўныя, пячатку можна будзе разгледзець і патрымаць у руках.

Раскопкі 2015 г. вяла экспедыцыя, якая складалася з дабраахвотнікаў — моладзь, студэнты і навучэнцы; навуковы кіраўнік — доктар гістарычных навук, прафесар гісторыі С. Я. Рассадзін. Даследаванні праводзіліся пры падтрымцы Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, з дабраславення архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя.

Манастыр заснаваны каля 1260 г. святым прападобным ігуменам Елісеем і манахам Лаўрэнціем (у міру Войшалк Міндоўгавіч, вялікі князь Вялікага княства Літоўскага ў 1264–1267 г.).

Дадатковая інфармацыя — па эл. пошце masliukou@gmail.com, тэл. “Вэлкам” (029) 6 4774 30. Падрабязней пра знаходку гл. у “Вікіпедыі”: Пячатка Лаўрышаўскага манастыра

Да пачатку мерапрыемства і пасля яго можна наведаць Лаўрышаўскі манастыр (ля в. Гнесічы, ранішняе богаслужэнне: 7:30 – 10:50) і Свята-Успенскую царкву ў Лаўрышаве — помнік архітэктуры 1795 г. Дарога паміж манастыром і Лаўрышава (праз Гнесічы) — каля 3 км.

Праезд рэйсавым аўтобусам:Навагрудак — Гнесічы (адпраўленне з аўтастанцыі Навагрудак: 6:15) да Лаўрышава (прыбыццё: 7:29) альбо Гнесічаў (7:32); Гнесічы — Навагрудак (адпр. з Гнесічаў: 16:34, з Лаўрышава: 16:37). 

Пра раскопкі ў Лаўрышаўскім манастыры чытайце ў артыкуле журналіста НЧ Вольгі Хвоін "Таямніцы Беларусі: доўгі шлях да разгадак"