За што ганялі і бралі грошы ў Мінску 100 гадоў таму
Сто гадоў таму мінчукі чакалі заканчэння вайны, набывалі паліва па таксе, а газеты перадрукоўвалі навіны з Times. Мы пагарталі мінскія газеты 1914 года (фота).
1. У 1914 годзе беларусаў таксама хвалявала, калі скончыцца вайна. А вайна толькі пачыналася…
2. 100 гадоў таму ў Мінску ва ўмовах ваеннага часу ўсталёўвалася такса на прадметы першай неабходнасці, фураж і паліва. 17 студзеня 2014 г. Савет Міністраў прыняў пастанову №35 “Аб зацвярджэнні пералікаў сацыяльна значных тавараў (паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца дзяржаўнымі органамі”. А ў канцы снежня, пасля ўвядзення 30-працэнтнай камісіі пры набыцці валюты, Мінгандаль наогул абвясціў мараторый на рост цэнаў і тарыфаў.
3. 26 верасня 1914 года ў Мінску прайшоў дзень продажу сцяжкоў – “символовъ единения царя зь народомъ”. 26 верасня 2014 мінчанка Алена ледзь не справакавала міжнародны скандал, пакінуўшы ў фэйсбуку пост пра тое, што невядомы малады чалавек сарваў з яе пяцігадовага сына георгіеўскую стужачку, набытую незадоўга да таго ў ГЦ “Карона”.
4. У 1914 годзе на вуліцы Юр’еўскай (раён сучаснай Кастрычніцкай плошчы) працаваў рэстаран “АквариумЪ”. Установа адкрывалася ў 12 гадзін дня. З 14 да 17 гадзін у рэстаране кармілі па абедзенным меню, а з 9 гадзін вечара былі прадугледжаныя “разнообразные дивертисменты”. Сёння начны клуб “Акварыум” працуе на вуліцы Кульман — за два кіламетры ад свайго дарэвалюцыйнага цёзкі.
5. Верасень 1914. За 100 гадоў нічога не змянілася — хіба што жыллё цяпер модна шукаць праз сяброў Укантакце і фэйсбуку.
6. 1914. Газета “Минскій голосъ” апублікавала навіну аб палонных немцах са спасылкай на “Times”. “Рэрайт” у айчыннай прэсе прыжыўся. У 2014 годзе перадрук чужых тэкстаў нярэдка робіцца падставай для скандалу ў журналісцкім асяродку.
7. У 1914 змагаліся з тайным продажам алкаголю. Праз 100 гадоў Аляксандр Лукашэнка падпісвае Дэкрэт №6 “Аб неадкладных захадах па супрацьдзеянні незаконнаму абарачэнню наркотыкаў”.
8. У 1914 да экзаменаў па французскай, англійскай і нямецкай мове рыхтуе адзін рэпетытар. Падчас уступнай кампаніі 2014 адзін рэпетытар рыхтаваў па адным прадмеце.
Васіль Драбяза, budzma.by
Крыніца: “Минскій голосъ”