Віктар Марціновіч: Уладзімір Пуцін, намінант на «Оскара»
Не трэба быць кінакрытыкам, каб зразумець, што прыз за найлепшы сцэнар у Канах, гэтаксама як і «Залаты Глобус», атрымалі не рэжысёр Звягінцаў, а Расія, якая так усіх стаміла ў свеце, што там гатовыя адзначаць самыя спрэчныя фільмы пра тое, як у Расіі дрэнна.
Не, нават не так!
Якраз трэба не быць кінакрытыкам, каб гэта пабачыць. Крытыкі ж працягваюць шукаць у «Левіяфане» нешта добрае, бо хочацца ім верыць, што ў свеце пануе не толькі палітычная кан’юнктура.
І не трэба думаць, што я не люблю Звягінцава — гэта адзін з маіх самых любімых рэжысёраў, на маю думку, ён робіць тое, што ў рускай літаратуры робяць такія не вельмі заўважаныя геніі, як Аляксей Іваноў ці Павел Пеперштэйн. Яны пруць наперад, не зважаючы на фармат. Яны дыктуюць свае правілы гульні, якія не вельмі пасуюць да сучаснасці, патрабаванняў прадзюсараўвыдаўцоўкрытыкаў.
Але «Левіяфан» — самы слабы фільм Звягінцава. Яму бракуе якраз таго, што ў Звягінцава атрымлівалася лепей за ўсё, — эстэтызму.
Вось «Алена» некалі мяне прыбіла з самага пачатку. Там хвіліны тры ідзе адным планам зробленая сцэна: балкон, дрэва, шэрасць. І вось план цягнецца і цягнецца, і ты пачынаеш нудзіцца — ну што гэта за кіно, ну навошта такія доўгія статычныя «задуменнасці»? І ў той момант, калі ты гатовы кіно выключыць і пайсці глядзець братоў Вачоўскі, далягляд успыхвае ружовым і аранжавым — пачынаецца світанак. Мову, натуральна, займае ад таго, як гэта можна было прадумаць, выставіць, зняць.
Але зусім не такі «Левіяфан». Усё тут абы-як, хуценька, наспех, у той манеры, у якой чытае прысуды суддзя (дарэчы, суддзя з яе балбатаннем — хіба не адзіны трапны персанаж, але яна — не прыдуманая, яна папростуўзятая з судоў над Навальным, таму адносіць яе да заслуг Звягінцава не варта). Сюжэт тут просты і страшны, але кожныя дзве гадзіны такі сюжэт можна пабачыць па «Лайфньюз», прачытаць на Newsru.com. Мастацкіх абагульненняў тут няма як катэгорыі: вось у чалавека трэба адціснуць дамок, і яго тупа адціскаюць з дапамогай фізічнага ўздзеяння і крымінальнай справы. Вось трэба паказаць мардатага чыноўніка — і яго дэманструюць, карыкатурна, публіцыстычна.
«Левіяфан» — гэта публіцыстыка, а не кіно. Гэта нейкая чарговая калонка Шэндэровіча для «Ежедневного журнала». І трэба разумець: я люблю Шэндэровіча, я чытаю «ЕЖ», але кіно гляджу не для гэтага. Мне хацелася б даведацца, што там, у сэрцы ў гэтага чыноўніка. Чым ён жыве. Пра што размаўляе дома. Што думае перад тым як заснуць. Шэндэровіч з Навальным на гэтыя пытанні не адказваюць, яны ваююць з Левіяфанам, але вайна — гэта не мастацтва.
У фільме ёсць брэндаваная руская духоўнасць, размовы з Богам і пра Бога, але як яны пададзеныя! Які гэта кардон і карыкатура! Ну добра, калі нешта няўцямнае вярзе мясцовы праваслаўны іерарх, у інтарэсах якога з галоўнага персанажа выціскаюць дамок, — гэта можна прабачыць, бо што іерарх ведае пра веру (хаця паверце, любы іерарх, нават самы карумпаваны, зможа выдаць пры першым пытанні пра сэнс жыцця такое, што з любога сухара паліюцца слёзы — тым яны і жывуць, гэта іх прафесія).
Але ёсць там «кранальная» сцэна з прыходскім попікам, якому Звягінцаў наканаваў «шарахнуць сутнасць». І «сутнасць» атрымалася бляклая, ніякая, «мой Бог са мной, а вось дзе твой?» Разумееце, у якім-небудзь апошнім галівудскім баевіку, у «Хроніках Рыдыка», сапраўднай духоўнасці болей, чым тут. Памятаеце размову запіснога бандзюка са святаром, шукальнікам Меккі: «Ты думаеш, можна адседзець у турме, страціць там вочы і здароўе і пры гэтым не верыць у Бога? — пытаецца злодзей. — Не, я веру». І далей кажа: «I absolutely believe in God. And I absolutely hate the fucker». І гэта кранае. «Духоўнасць» Звягінцава — не.
Уладзімір Познэр напісаў: «На маю думку, гэта самая моцная карціна Звягінцава (…) [Яна] безумоўна моцна падзейнічала. Чым? Ну, дасканалай акцёрскай ігрой. Выключнымі, на маю думку, здымкамі. Але болей за ўсё — праўдай, бязлітаснай, цяжкай праўдай». Не дзіва, што патрабаванне «праўдзівасці» перад кіно высоўвае тэлевізійшчык. Дзіва, што гэта ж робяць канскае журы і Галівудская асацыяцыя замежнай прэсы!
Так, феномен карупцыі пададзены ў фільме пазнавальна. У гэтым, дарэчы, адна з самых вялікіх загадак сучаснай Расіі: тое, як у гэтай культуры спалучаецца адчуванне ўласнай велічы, падмацаванае моцным прэзідэнтам Пуціным, з невыкараняльным сярэднявеччам, якое пачынаецца пры першай жа сутычцы з ДАІ — нават не з чыноўнікам, а з паставым у рангу маёра. Але паўтаруся, па «праўду» пра карупцыю варта ісці да калонак Латынінай, тэкстаў Навальнага і эфіраў «Рэха Масквы».
Балюча і прыкра, што намаганнямі міжнародных журы ўся вялікая руская культура цяпер нівелюецца да допісу на Colta.ru. Да барыкаднага рыку. Да прымітыўнага закіду ўладзе.
Калі кніжкі Уладзіміра Сарокіна палілі «Нашы», ён паспрабаваў адказаць на гэта публіцыстыкай. Ён напісаў спрэчны «Дзень апрычніка». Пасля гэтага ён трапіў на сваім маленькім скутары пад КамАЗ, ледзь не загінуў і раптам шмат што зразумеў. Ён сказаў тады, што «недаацэньваў моц рускай метафізікі».
Пасля гэтага Сарокін спыніў займацца публіцыстыкай і заняўся літаратурай. Шчасце для яго як для творцы ў тым, што сусветная слава за гэтую другасную публіцыстыку яго абмінула.
Звягінцава, я так думаю, «Глобус», атрыманы за самы дрэнны фільм, сапсуе. Прычым ён сапсуе не толькі яго асабіста, але і ўсіх тых творцаў, якія цяпер думаюць: стаць ім «як ДДТ», пачаць рыпець і крычаць у мегафоны нешта рэвалюцыйнае ці «застацца Сарокіным», працягнуць займацца сапраўдным мастацтвам (гэта значыць, ісці глыбей за публіцыстыку і спрабаваць зразумець, што там у гэтых прыдуркаў, у гэтых сатрапаў, на сэрцы). У «публіцыстаў» цяпер «пайшоў чос», можна хуценька на каленцы напісаць сцэнар пра снежаньскія пратэсты ці пра Навальнага, «замайстырыць кіноху» і атрымаць за яе квяцістыя міжнародныя ўзнагароды. А сапраўднае, сур’ёзнае (а гэта значыць — і амбівалентнае, і, можа, нават эмпатычнае да сатрапаў) мастацтва могуць проста не заўважыць і не адзначыць.
Так «сучасны Таркоўскі» (а менавіта такім я бачыў Звягінцава да «Левіяфана») ператвараецца ў аўтара кіначасопіса «Фіціль». І дапамагаюць яму ў гэтым Канскі кінафестываль, журы «Глобуса», Амерыканская кінаакадэмія.
Часам пачынае падавацца добрым тое, што Беларусь нікому не цікавая — нашыя культурныя працэсы ідуць (ці стаяць) па ўласных, а не вонкавых законах. Вінаваціць у сваім балоце мы можам
толькі саміх сябе.
budzma.by