Віктар Аслюк: Галоўная праблема маладых рэжысёраў цяпер — дзе працаваць?
Вядомы беларускі рэжысёр-дакументаліст Віктар Аслюк адкрывае свой навучальны курс «Рэжысёр дакументальнага кіно» на базе адной з мінскіх кінашколаў. Раней атрымаць веды ў гэтай сферы можна было, толькі паступіўшы ў БДАМ.
Віктар Аслюк — сябра Еўрапейскай кінаакадэміі, уладальнік мноства прэстыжных узнагарод, аўтар больш за сорак дакументальных фільмаў. Зараз да гэтых званняў дадасца і
«настаўнік». Раней «у калідорах» Віктару не раз прапаноўвалі набраць курс у Акадэміі мастацтваў, але да афіцыйных запрашэнняў справа так і не дайшла. Ды і самому
дакументалісту на тым этапе выкладчыцкая дзейнасць была не патрэбна.
Складана сказаць, што змянілася цяпер, Віктар па-ранейшаму не ведае, што паабяцаць сваім вучням:
— Я не буду хітраваць, прафесіі за тры месяцы не навучыш, але прадстаўленне можна атрымаць. За 20 гадоў стажу ў мяне ёсць, што расказаць, і паказаць, і параіць. Прафесія рэжысёра
— самаарганізуе, таму калі чалавек здольны, то яму будзе дастаткова зразумець прынцыпы, каб далей у гэтай прафесіі існаваць і самому сябе рабіць.
Галоўная праблема для вучняў сёння, на думку майстра, — не дзе атрымліваць адукацыю, а дзе потым працаваць. «Калі я паступаў у БДАМ, у мяне за плячыма ўжо была іншая адукацыя
(скончыў філфак БДУ), я быў досыць дарослым чалавекам, каб вызначацца з галоўным заняткам свайго жыцця. З першага курсу на працягу ўсіх пяці гадоў мы мелі магчымасць здымаць кіно і працаваць па
спецыяльнасці. Я, напрыклад, адразу стаў асістэнтам рэжысёра. А пасля навучання нас залічалі ў штат нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Цяперашніх выпускнікоў акадэміі мне
шкада, іх усё часцей накіроўваюць працаваць на тэлебачанне, а гэта зусім іншая сфера — журналісцкая, а не кіношная».
Таксама Віктар лічыць, што пры наяўнасці агульнай адукацыі ў поўнай меры навучыцца прафесіі дакументаліста можна за год. Да прыкладу ён прыводзіць маскоўскую школу Марыны Разбежкінай, выпускнікі
якой становяцца даволі вядомымі ў сваёй справе асобамі. Адной з іх стала скандальны расійскі рэжысёр Валерыя Гай Германіка. Калі цяперашні трохмесячны курс будзе запатрабаваны, то ёсць верагоднасць,
што ў будучыні ён таксама стане гадавым.
Праўда, пытанне занятасці выпускнікоў застаецца адкрытым. У Беларусі ў сферы дакументальнага кіно няма прыватнага капіталу, таму маштабныя праекты без дапамогі дзяржавы не зробіш.
Хоць сучасная тэхнічная база дазваляе кінематаграфістаў быць больш мабільнымі і здымаць фільмы без вялікага бюджэту. Каб забяспечыць сябе гукам, відэа і мантажом, прыйдзецца выдаткаваць каля 5
тысяч долараў, А гэта для свету кіно сума несур'ёзная. Таму невялікія праекты можна здымаць на чыстым энтузіязме. Каб яны не ператварыліся ў працу «за ідэю», а прынеслі нейкі
прыбытак, таксама прыйдзецца пастарацца.
«У нашым выпадку кіно — гэта элітарная прафесія, а не камерцыйная, дзе можна зарабляць грошы, як гэта на Захадзе бывае», — адзначае Віктар Аслюк.
Паводле Interfax